Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 26 кастрычнiка 1999 г.


Віктар Дзятліковіч, Масква

Аляксандар Лукашэнка сустрэўся сёньня з прэзыдэнтам Расеі Барысам Ельцыным. Сустрэча мела прыватны характар, але, як стала вядома, Лукашэнка не патрапіў цягам гэтай сустрэчы дамагчыся падтрымкі больш радыкальнага пляну інтэграцыі паміж Беларусяй ды Расеяй.

Фармальнай падставай для візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву было паседжаньне міждзяржаўнага савету мытнага саюзу пяці краінаў СНД.

Але галоўнымі мэтамі прыезду для Лукашэнкі былі ўсё ж такі сутсрэча з прэзыдэнтам Расеі Ельцыным і выступ у Дзяржаўнай Думе Расеі.

З Барысам Ельцыным Лукашэнка сустрэўся сёньня. Прычым пад ча сустрэчы распаўсюджвалася супярэчная інфармацыя. Спачатку агенцтва ИТАР-ТАСС паведаміла, што першая гутарка паміж імі адбылася ў вялікім крамлёўскім палацы і, пасьля гэтага, яны пераехалі для прыватнай сустрэчы ў рэзыдэнцыю "Горкі-9". Агенцтва паведамляла, што сустрэча Лукашэнкі і Ельцына сам-на-сам працягнецца каля дзьвюх гадзінаў. Але ўжо праз гадзіну прэсавая служба прэзыдэнта Расеі абвергла інфармацыю пра сустрэчу ў рэзыдэнцыі "Горкі-9". Згодна ейнаму паведамленьню, Ельцын і Лукашэнка мелі сустрэчу толькі ў Крамлі, непасрэдна пасьля паседжаньня міждзяржаўнага савету мытнага саюзу, і сустрэча была непрацяглай. Пасьля яе з журналістамі кантактаваў толькі Лукашэнка.

Ягоныя заявы не адрозьніваліся канкрэтыкай. Адзінае канкрэтнае, што сказаў Лукашэнка: з Барысам Ельцыным яны дамовіліся, што абмеркаваньне дамовы павінна скончыцца напрыканцы лістападу, а падпісаньне магчымае ў сьнежні.

На сустрэчы зь Ельцыным Лукашэнка выказаў незадаволенасьць шэрагам пунктаў дакумэнту і казаў, што хоча бачыць яднаньне дзьвюх краінаў "больш дынамічным і поўным". Ельцын, паволе словаў Лукашэнкі, адрэагаваў такім чынам – "гэта ж не апошні наш крок у аб'яднаьні нашых краінаў і народаў". Такім чынам, Барыс Ельцын пакуль не пагадзіўся на прапановы больш радыкальнага аб'яднаьня.

Напярэдадні сустрэчы Лукашэнка казаў, што хоча абмеркаваць зь Ельцыным і іншыя праблемы. Любая спроба інтэграцыі Беларусі ды Расеі, заявіў тады Лукашэнка, сустракае жорсткае процідзеяньне Злучаных Штатаў Амэрыкі і Захаду. На сустрэчы зь Ельцыным, – сказаў Лукашэнка, – мы павінны скаардыянаваць свае пазыцыі напярэдадні саміту АБСЭ у Стамбуле.

Але пасьля сустрэчы зь Ельцыным Лукашэнка ўжо ня згадваў гэтай тэмы. Такім чынам ня выключана, што Лукашэнка не дамогся ад Барыса Ельцына большае падтрымкі ў сваім супрацьстаяньні із заходнімі краінамі.

Але Лукашэнка можа не сумнявацца, што ён атрымае поўную падтрымку, калі не ад Ельцына, дык ад Дзяржаўнае Думы, дзе ён выступае ў сераду. Падтрымка сапраўды будзе поўнай, бо сёньня фракцыя "Яблоко" прыняла рашэньне непрысутнічаць на паседжаньні пад час выступленьня Лукашэнкі. Намесьнік старшыні фракцыі Сяргей Іваненка патлумачыў гэта такім чынам: "Яблоко" ня лічыць уладу Аляксандра Лукашэнкі легітымнай, бо тэрмін ягоных прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў паводле закону скончыўся 20 ліпеня сёлета.

Трохі раней Старшыня думскае камісіі па міжнародных справах Уладзімер Лукін выказаў сумнеў, што саюзная дамова, якую падпіша Лукашнка з боку Беларусі, будзе юрыдычна бездакорнай. Беларускі народ, – кажа Лукін, – можа праз некаторы час спытаць у нас – а з кім вы падпісвалі пагадненьне, якія ў яго паўнамоцтвы. Прадстаўнікі фракцыі падкрэсьліваюць, што яны выступаюць за інтэграцыю Беларусі з Расеяй, але пры захаваньні Канстытуцыяў абедзьвюх краінаў.

Але гэтыя словы не прагучаць заўтра на паседжаньні Думы, і зразумела, што заўтра Лукашэнка сустрэне прыязнае да сябе стаўленьне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG