Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 кастрычнiка 1999 г.


Юрась Караманаў. Менск

У Менску другі дзень працягваюцца арышты арганізатараў "Маршу Свабоды" 17 кастрычніка. Сёньня былі затрыманыя дэпутаты Вярхоўнага Савету Беларусі Анатоль Лябедзька і Валеры Шчукін, сябра Маладога Фронту Яўген Афнагель. Спробы затрыманьня былі здзейсьненыя ў дачыньненьні да незалежнага выдаўца Паўла Жука і старшыні праваабарончага цэнтру "Вясна-96" Алеся Бяляцкага. Міжнародная праваабарончая арганізацыя "Amnesty International" запатрабавала тэрміновага вызваленьня ўсіх арыштаваных, якія названыя гэтай арганізацыяй "вязьнямі сумленьня"..

Чарговая хваля затрыманьняў арганізатараў "Маршу Свабоды" распачалася сёньня ўначы й працягваецца дагэтуль.

А палове на другую ўдзень ля сваёй кватэры быў затрыманы Анатоль Лябедзька – старшыня міжнароднай камісыі Вярхоўнага Савету, сябра АГП. Аб 11-й гадзіне Анатоль Лябедзька сустрэўся з амабасадарам Злучаных Штатаў у Беларусі Дэніэлам Спэкхардам, а ўжо а 14-й гадзіне сп. Лябедзька знаходзіўся ў адным з РАУСаў Менску.
Акалічнасьці затрыманьня нашаму Радыё паведаміла жонка Лябедзькі Сьвятлана.

(Сьвятлана Лябедзька: ) "Затрыманьне адбылося ў палове другога. Яго чакалі ў пад'езьдзе каля кватэры. І калі ён заходзіў у кватэру, на пляцоўцы яго затрымалі людзі ў цывільным. Але ён прыйшоў дамоў, узяў тэлефон і патэлефанаваў… што ён у Фрунзенскім РАУС знаходзіцца цяпер.

З сямі гадзінаў раніцы пад вокнамі нашае кватэры стаяла машына, і я так мяркую, што яго пільнавалі.

Апошні тыдзень за Лябедзькам устаноўленае вонкавае назіраньне. Але ён толькі ноччу ў нядзелю вярнуўся з Бэрліну, таму я думаю, што за ім назіралі і вельмі пільна".

Прадстаўнік Асацыяцыі маладых палітыкаў Аляксандар Цынкевіч, якому ў часе арышту патэлефанаваў Лябедзька, паведаміў, што затрыманьне ажыцьцяўлялі супрацоўнікі Фрунзенскага РАУС Юркевіч і Шурман. Аднак, на 16 гадзінаў менскага часу месцазнаходжаньне Лябедзькі дакладна не вядомае.

Зараз Лябедзьку намагаецца знайсьці прадстаўнік кансультацыйна-наглядальнай місіі АБСЭ Крыстофэр Паніко. Верагодней за ўсё, Лябедзьку адправяць у Савецкі суд Менску, дзе сёньня над ім адбудзецца суд.

Іншыя арганізатары "Маршу Свабоды", якіх затрымалі сёньня, ужо знаходзячцца ў Савецкім судзе Менску. Вынікі судоў пакуль невядомыя.

Сёньня ўначы на сваёй кватэры быў затрыманы сябра Маладога Фронту Яўген Афнагель. Спачатку яго даставілі ў Маскоўскі, а потым у Савецкі РАУС Менску, а ўжо адтуль – у суд.

Дэпутат Валеры Шчукін не дачакаўся, пакуль яго затрымаюць, і сам накіраваўся ў Савецкі суд Менску. Позву зьявіцца ў суд Шчукіну прынесьлі на працу – у рэдакцыю газэты "Народная Воля".

Сёньня ўначы былі здзейсьненыя спробы затрыманьня незалежнага выдаўца Паўла Жука і старшыні праваабарончага цэнтру "Вясна-96" Алеся Бяляцкага. Да спадара Бяляцкага спрабавалі "уламіцца" у кватэру, аднак ён выклікаў здымачную брыгаду НТВ, і штурм кватэры быў спынены. Пакуль ён на волі.

Тое ж самае адбывлася а пятай гадзіне ўранку й на кватэры Паўла Жука, аднак яго дома не было.

Асабісты кантроль Адяксандра Лукашэнкі за хадой расьледваньня падзеяў 17 кастрычніка ў Менску не пакідае сумневу адносна таго, што арышты й затрыманьні будуць працягвацца. Відавочна, што загад затрымаць усіх арганізатараў "Маршу Свабоды" зьявіўся толькі ў апошнія суткі, бо яшчэ ўчора частка арганізатараў без асаблівых наступстваў правяла прэсавую канфэрэнцыю.

У сувязі з гэтым сёньня ўплывовая міжнародная арганізацыя "Amnesty International" распаўсюдзіла заяву, у якой назвала "усіх тых, каго арыштавалі за законнае карыстаньне правам на свабоду сходаў і мірных шэсьцяў, вязьнямі сумленьня". У заяве гаворыцца: "Кожны із затрыманых за мірны удзел у маршы пратэсту супраць палітыкі Лукашэнкі павінен быць тэрмінова вызвалены".

"Amnesty International" заклікае беларускія афіцыйныя ўлады тэрмінова распачаць расьледваньне выпадкаў жорстакага абыходжаньня з грамадзянамі з боку супрацоўнікаў МУС у часе "Маршу Свабоды" і пасьля яго.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG