Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 кастрычнiка 1999 г.


Віталь Цыганкоў, Прага

Замежныя сродкі масавае інфармацыі актыўна адгукнуліся на ўчарашнія падзеі ў Менску.

Першымі пра Марш Свабоды і сутыкненьні дэманстрантаў з сіламі бясьпекі распавядалі, як заўсёды, інфармацыйныя агенствы і тэлекампаніі.

Найбуйнейшыя сусьветныя агенствы, такія як "Аssociated Press", "Reuter", "ДPА" перадалі свае першыя паведамленьні адразу пасьля сутыкненьняў. "Аssociated Press" і "Reuter" падаюць лічбу удзельнікаў Маршу Свабоды ў 20 тысячаў, нямецкае "ДPА"– 15 тысячаў.

Замежныя мас-медыя адзначаюць, што большасьць маніфэстантаў складала моладзь. Бадай, ва ўсіх паведамленьнях прыводзяцца два калярытныя моманты акцыі: спаленьне тэксту беларуска-расейскай дамовы і разгортваньне маніфэстантамі 30-метровых сьцягоў: бел-чырвона-белага беларускага і блакітнага Эўрапейскага Зьвязу. Увогуле ж, заходнія СМІ робяць акцэнт на антырасейскай накіраванасьці мітынгу.

Кожнае сусьветнае агенцва, спажыўцамі якога зьяўляюцца мас-медыя ва ўсіх куткох сьвету, вымушаныя даваць своеасаблівы бэкграўнд – некаторую тлумачальную базу дадзеных пра Беларусь. Бадай, найпаўнейшае апісаньне апошніх падзеяў у краіне дае брытанскі "Reuter". Агенцтва ўзгадвае інтэграцыйныя намеры беларускага кіраўніка, рэфэрэндум 1996 году, асабліва адзначыўшы, што сёлета ў жніўні закончыліся легітымныя паўнамоцтвы Аляксандра Лукашэнкі. Узгадваюцца таксама зьнікненьні вядомых палітыкаў, арышт Чыгіра і спробы АБСЭ наладзіць дыялёг паміж аппазыцыяй і ўладамі.

Варта сказаць, што менавіта паведамленьне "Reuter" выкарыстала большасьць заходніх выданьняў з тых, якія далі інфармацыю пра "Марш Свабоды". Напрыклад, нататка менавіта гэтага агенства разьмешчаная на інтэрнэт-сайце тэлекампаніі "CNN". Дарэчы, "CNN" адразу дала кадры сутычак маніфестантаў з паліцыяй, а ў праграме, ў тэкставай інфармацыі, беларускія падзеі займалі другое месца пасьля паведамленьняў з Пакістану.

Сёньня раніцай сусьветныя мас-медыя працягвалі сачыць за разьвіцьцём падзеяў у Менску. "Аssociated Press" і "Reuter" прыводзяць словы кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Міхаіла Мясніковіча, які заявіў, што акцыі апазыцыі плянаваліся і фінансаваліся Захадам.

"Reuter" цытуе памочніка кіраўніка дзяржавы Міхіаіла Сазонава, які сьцвярджае, што беларускія ўлады па-ранейшым жадаюць праводзіць дыялёг з апазыцыяй. Разам з тым, Сазонаў заявіў: "Сілы бясьпекі будуць дзейнічаць і дзейнічаць жорстка. У любым выпадку, мы не зьбіраемся саступаць уладу".

Міжнародная Ліга правоў чалавека ўжо праз некалькі гадзінаў пасьля падзеяў у Менску прыняла адмысловую заяву. "Мы асуджаем маштабныя гвалтоўныя дзеяньні паліцыі вакол Маршу Свабоды і заклікаем выпусціць усіх асобаў, затрыманых за мірную маніфэстацыю," – гаворыцца ў заяве. "Той факт, што арганізатары былі вымушаныя сабрацца на плошчы Бангалёр, сам па сабе зьяўляецца парушэньнем свабоды збораў, гэтаксама як патрабаваньне да арганізатараў заплаціць выдаткі на працу міліцыі і ачыстку вуліцаў пасьля беспарадкаў", – сказана ў заяве Міжнароднай Лігі правоў чалавека.

Польскае тэлебачаньне ўчора пачынала ўсе выпускі навінаў рэпартажамі зь Менску. Сёньня ў панядзелак, калі большасьць беларускіх газэтаў не выходзіць, польская прэса на сваіх першых старонках дае рэпартажы і красамоўныя фотаздымкі з "Маршу Свабоды".

Вось што піша карэспандэнт "Gazety Wyborczej": "Я бачыў дзяўчыну, - піша Цэзары Галінскі, - якую гумовай палкай ударылі проста ў твар, і мужчыну, якога некалькі міліцыянтаў зьбівалі нагамі, а пазьней, калі ён ня змог устаць, адзін зь міліцыянтаў пацягнуў яго за сабой, як мяшок. Я бачыў маладога хлопца, які вырашыў ускочыць ў халодную ваду Сьвіслачы, каб міліцыянты не змаглі яго затрымаць. Пазьней адзін з міліцыянтаў кінуў ў хлопца, які намагаўся плыць, вялікі камень. Калі над дэманстрантамі разгарнуўся амаль 30-мятровы беларускі нацыянальны сьцяг, шматтысячны натоўп пачаў скандаваць "Жыве Беларусь". Зьявіліся плякаты "Далоў паліцэйскую дзяржаву", "У Эўропу без Лукашэнкі"… Калі калёна ў прыблізна 10 тыс. дэманстрантаў набліжалася да рэзыдэнцыі Лукашэнкі, два міцэйскія кардоны папросту раступіліся пад націскам натоўпу. А перад апошнім скрыжаваньнем на мосьце праз Сьвіслач, амаль зрабілася цёмна ад міліцыянтаў і жаўнераў ўнутраных войскаў. Яны былі ў масках на тварах, са шчытамі, сьлёзацёчнымі газамі, са зброяй для страляньня гумовымі кулямі. "Фашысты", "фашысты" – пачаў скандаваць натоўп… Крыкі, піскі, цяжкія ўдары палак… Тыя, што ішлі наперадзе ў паніцы кінуліся на бок, але ўцякаць не было куды… ззаду націськалі наступныя шэрагі.: І пасля чарговай атакі міліцыянтаў, у дэманстрантаў не вытрымалі нэрвы. У паліцыянтаў паляцеў град камянеў і палак. Я бачыў як скрываўленых дэманстрантаў, так і параненых міліцыянтаў".

Фатаздымкі з Менску на першай паласе дае і чэская "Dnes". Адзін са здымкаў ілюструе момант бойкі паміж дэманстрантамі і АМОНам, дзе маніфэстанты лупцуюць міліцыянтаў тронкамі ад сьцягоў. На іншым здымку шэсьць чалавек у касках і плямістай форме наваліліся і спрабуюць скруціць аднаго з маніфэстантаў. Карэспандэнт чэскай газэты прыводзіць словы Вінцука Вячоркі: "Беларусь належыць да Заходняй Эўропы, нават калі Лукашэнка спрабуе запярэчыць гэтаму". Адзін з удзельнікаў дэманстрацыі сьведчыць: "Людзі ў скураных куртках кінуліся ў аўтобус, і выцягнулі адтуль чатырох чалавек. Відавочна, яны загадзя ведалі, каго хапаць", – піша чэская "Dnes".

Пра Марш Свабоды і сутыкненьні на вуліцах' Менску напісалі таксама нямецкія "Stern" і "Handelsblatt", славацкая "Pravda", літоўская "Lietuvos Rytas", швэцкая "Dagens Nuheter", эстонская "Eesti Paevaleht" ды іншыя выданьні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG