Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 кастрычнiка 1999 г.


Аляксандар Сердзюкоў

Мітынг у падтрымку Маршу свабоды адбыўся сёньня і ў Магілеве.

Дэмакраты Магілеву падтрымалі Марш свабоды правядзеньнем на пляцоўцы каля заводу "Штучнае валакно" мітынгу й пікету.

Акцыя сабрала больш сотні людзей. Частка мясцовых апазыцыянэраў ад'ехала ў Менск, каб узяць удзел у Маршы свабоды. Паўплывала й тое, што месца для правядзеньня мітынгу, якое вызначылі ўлады, знаходзілася ўдалечыні ад цэнтру места і патрабавала шмат часу, каб удзельнікі маглі да яго даехаць.

Аднак незусім эфэктыўна спрацавалі й арганізатары мітынгу – лідары абласной арганізацыі магілеўскага прфсаюзу, – якія своечасова не расклеілі ўлёткі аб даце і месцы правядзеньня акцыі.

Да нядаўнага часу арганізатары зьбіралі народ на Савецкую плошчу. Але ў апошні час, пасьля рашэньня гарвыканкаму, вымушаныя былі зьмяніць месца дыслякацыі. Такі самы лёс напаткаў і іншых ініцыятараў правядзеньня акцыі ў падтрымку Маршу свабоды – прадстаўнікоў палітычных партыяў.

Нездарма ў часе мітынгу яны патрабавалі ад магілеўскай гарадзкой вэртыкалі адмяніць заганную практыку правядзеньня палітычных акцыяў у аддаленых месцах, на конт чаго прынялі адпаведную рэзалюцыю.

Мітынг праходзіў пад сьцягамі Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі "Народная Грамада", Беларускага Народнага Фронту ды Свабоднага прафсаюзу. На ім па чарзе выступілі арганізатары гэтай палітычнай акцыі. Слова (пад воплескі) прапанавалі даць і адзінаму прадстаўніку гарадзкой вэртыкалі – намесьніцы кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёну Магілеву Ларысе Панковай. Аднак, яна адмовілася.

Рабочыя, асабліва тыя, якія працуюць на аўтазаводзе, казалі пра дрэнную аплату працы і несвоечасовыя выплаты заробкаў. Праваабаронцы патрабавалі спыніць палітычны тэрор, вызваліць Міхаіла Чыгіра, знайсьці Віктара Ганчара. Прадпраймальнікі скардзіліся на ўціск з боку ўладаў, прасілі адмяніць сэртыфікацыю ды гігіенічную рэгістрацыю на дробныя партыі тавараў.

Усе гэтыя прапановы ўвайшлі ў рэзалюцыю, якую, ад імя ўдзельнікаў мітынгу, зачытаў лідар Магілеўскай абласной арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Юрась Новікаў.

Найперш удзельнікі мітынгу заявілі пра падтрымку Маршу свабоды. Яны патрабавалі наданьня заробку статусу першачарговага плацяжу і павелічэньня яго да 100 $ на месяц; пратэставалі супраць прэзыдэнцкага дакрэту аб працоўнай дысцыпліне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG