Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 кастрычнiка 1999 г.


Вольга Караткевіч, Прага

Сёньня ў фінскім горадзе Тампэрэ распачалася рабочая сустрэча кіраўнікоў дзяржаваў, чальцоў Эўрапейскага Зьвязу. Цягам двух дзён удзельнікі будуць абмяркоўваць эфэктыўнасьць сумеснай барацьбы з арганізаванай злачыннасьцяй, праблемы міграцыі і шляхі супрацоўніцтва ў галіне права.

Летась 15 краінаў Эўразьвязу прытулілі больш за 300000 палітычных уцекачоў. У некаторых краінах рэальная колькасьць нелегальных мігрантаў удвая большая. Гэта спараджае нецярпімасьць і стому, нават у такой гасьціннай краіне як Нідэрлянды. Лідэры Эўразьвязу плянуюць гарманізаваць "гандаль палітычным прытулкам" і больш пільна адбіраць патэнцыйных эмігрантаў.

Упершыню ў гісторыі Эўрапейскага Зьвязу саміт адмыслова прысьвечаны пытаньням барацьбы са злачыннасьцяй, міграцыі і супрацы ў галіне права. Калі выпрацаваныя меры будуць хутка рэалізаваны, гэта ня будзе даспадобы ўсім жыхарам Старога Кантынэнту.

Адзінства Эўрапейскага Зьвязу і высокія тэхналёгіі прадстаўляюць большыя магчымасьці для злачынасьці й нелегальнай міграцыі. Межы лягчэй перасякаць, а ўрады аказаліся недастаткова падрыхтаванымі да супрацоўніцтва сваіх сілавых структураў і да выпрацоўкі агульнага заканадаўства.

Прыкладам для кіраўнікоў дзяржаваў можа стаць аўстрыйка Ёрга Гайдэрэ, лідэр ультраправай Партыі свабоды, якая праз прапановы радыкальна вырашаць праблемы міграцыі і незаконнага перасячэньня мяжы і стала другой буйной партыяй у Аўстрыі. Крайнія правыя становяцца палітычным фактарам у многіх эўрапейскіх краінах.

Амстэрдамскае пагадненьне пытаньні з палітычнымі ўцекачамі, эміграцыяй і захады супраць злачыннасьці ўрэгулявала да 2004 году, але пакінула права ўносіць зьмяненьні.

Урады краінаў – сябраў Эўразьвязу – павінныя прадэманстраваць, што яны бачаць праблемы ў такой масавай эміграцыі ў заможныя краіны, паказаць неабыякавасьць у пытаньні бясьпекі сваіх грамадзянаў і гэтым абвергнуць паўсталыя пад час чэрвеньскай выбарчай кампаніі абвінавачваньні.

Французы й Немцы перакананыя, што міграцыя ў краіны Эўразьвязу павінна быць угамаваная. Яны таксама заклікалі і да дзеяньняў супраць крымінальных структураў, якія займаюцца нелегальнай міграцыяй.

Прэм'ер-міністар Фінляндыі Ліппанэн супакоіў гуманітарныя групы, якія хвалююцца, што Эўразьвяз можа быць закрыты для палітычных уцекачоў і пераўтворыцца зь блёку 15-ці народаў у "эўрапейскую фартэцыю".

"Вырашэньне праблемы міграцыі павінна базавацца на тым, што сапраўды хвалюе грамадзянаў, – сказаў Антонія Вітарына, – камісар права і нутраных справаў Эўразьвязу.

На саміце ў фінскім Тампэрэ таксама абмяркоўваецца кантроль межаў Зьвязу і выяўленьне падробленых дакумэнтаў на атрыманьне палітычнага прытулку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG