Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 15 кастрычнiка 1999 г.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(эфір 14 кастрычніка)
Сьведкаў па справе былога міністра сельскае гаспадаркі Васіля Лявонава будуць дастаўляць у суд пад прымусам. Такое рашэньне прыняў судзьдзя Чартовіч у адказ на няяўку многіх з тых, хто павінен быў даць паказаньні на працэсе у Вярхоўным судзе.

Замарудзіўся працэс над былым міністрам сельскае гаспадаркі Васілём Лявонавым, справа якога з 17 жніўня разглядаецца ў Вярхоўным судзе Беларусі. Да прыкладу, на бягучым тыдні з чатырох дзён фактычна адпрацавалі толькі паўтары. На паседжаньні зьяўляюцца максімум па аднаму сьведку, а часам не прыходзіць увогуле ніхто, як было ў мінулы аўторак. У чарговы раз марна прачакаўшы, старшыня суду Чартовіч быў вымушаны заявіць, што аддасьць міліцыі загад пад прымусам дастаўляць у суд тых, хто ігнаруе позвы. У асноўным свае прэтэнзіі судзьдзі адрасуюць калгасьнікам з "Расьсьвету" – гаспадаркі, якой раней кіраваў Васіль Старавойтаў. Чым гэта патлумачыць? Грамадзкі абаронца Барыс Звозскаў не выключае наступную прычыну:

(Звозскаў: ) "У "Расьсьвеце" працягваюцца крымінальныя справы, яны яшчэ не закрытыя, таму шмат хто насьцярожаны ставіцца да гэтага судовага працэсу і неахвотна распавядаюць усё, што ведаюць".

Няяўка сьведкаў з калгаса "Расьсьвет" не дазваляе паставіць кропку ў высьвятленьні тых эпізодаў абвінаваўчага заключэньня, якія тычацца адносінаў былога міністра з гэтай гаспадаркай. Браў Лявонаў хабар ад Старавойтава у выглядзе мэблевага гарнітура і харчовых прадуктаў, ці не браў ; аказваў ён дапамогу гаспадарцы у карыслівых мэтах , ці выключна у інтарэсах справы – да адказу на гэтыя пытанні суд , мяркуюць адвакаты, не прайшоў яшчэ і палову шляху.

А вось у эпізодзе з фірмай "Руст-інвест", якая па версіі следства выйграла тэндэр на пастауку ў Беларусь збожжа па пратэкцыі Лявонава, яснасць амаль поўная. Большасць сьведкаў апытана і ўсе яны кажуць адно і тое ж. Адвакат Леанід Мінчанкоў узгадвае:

(Мінчанкоў: ) "Я не пачуў якіх-небудзь зьвестак пра тое, што на вынікі тэндэру аказаў уплыў Лявонаў. Гэта нідзе не прагучала".

Адвакаты мяркуюць, што калі суд над Васілём Лявонавым будзе праходзіць цяперашнімі тэмпамі, ён зацягнецца яшчэ не менш як на месяц.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG