Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 14 кастрычнiка 1999 г.


Сёньня прадпрыймальнікі пінскіх рынкаў арганізавана падтрымалі аднадзённы агульнарэспубліканскі страйк. Гэта, бадай, першая прадпрыймальніцкая акцыя, наладжная пінчукамі ў цеснай сувязі з іншымі кірмашамі краіны.

Яшчэ ўчора большасьць прадпрыймальнікаў выказвалася за тое, каб выйсьці працаваць, бо, як звычайна на вялікія царкоўныя сьвяты, у горад на кірамаш прыяжджаюць вяскоўцы і можна прадаць шмат тавараў. Аднак сёньня ўраніцу на цэнтральным калгасным рынку рэчамі не гандляваў ніхто.

На рынкавай плошчы сабралася невялікая колькасьць прадпрыймальнікаў, якія гаварылі ў асноўным пра тое, што яны ня вераць у чарговыя абяцаньні ўладаў не рабіць пакуль карных захадаў, як гэтага патрабуе прэзыдэнцкі Дэкрэт.

На думку прадпрыймальнікаў, улады хочуць толькі, каб прыватныя гандляры толькі заплацілі фіксаваны падатак на наступны месяц і такім чынам падтрымалі бюджэт.

Аднак гандляры заяўляюць, што калі на працягу гэтага месяцу дзяржава ня пойдзе ім насустрач, дык зь 1 лістападу яны абвесьцяць бестэрміновы страйк. Варта дадаць, што больш за тры тысячы пінскіх прадпрыймальнкіаў дагэтуль незарганізаваныя. Яны ня маюць сваёй прафсаюзнай арганізацыі, а пінская арганізацыя прафсаюзу прадпрыймальнкіаў абаронай прыватных гандляроў амаль не займаецца.

Сёньня на кірмашы да прадпрыймальнікаў падыйшла вясковая кабета і, абраўшы найбольш прадстаўніча апранутага, зьвярнулася да яго з наступнымі словамі: "Пане начальніку, дайце людзям гандляваць, бо мы, вяскоўцы ад гэтага церпім. У крамах нічога няма, дык хоць тут можна было нешта набыць, ды яшчэ і кошт зьбіць". Прысутныя прадпрыймальнікі параілі жанчыне зьвярнуцца непасрэдна да таго, хто выдае такія дэкрэты, якія прымушаюць выкарыстоўваць для абароны сваіх правоў такія радыкальныя сродкі, як страйк.

Дарэчы, у гэтую нядзелю пінскія прадпрыймальнікі таксама выйдуць на рынак без тавараў.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG