Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 кастрычнiка 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Учора ў Пакістане адбыўся ваенны пераварот. Прэм'ер-міністар Пакістану Наваз Шарыф арыштаваны ў сталіцы краіны Іламабадзе ў выніку вайсковага перавароту. На чале ваенных стаіць галоўнакамандуючы пакістанскай арміяй гэнэрал Первез Мушараф. Вайскі захапілі ўсе стратэгічна важныя аб'екты сталіцы, а сам Мушараф выступіў з тэлевізійнай прамовай перад народам.

У сваёй радыё-тэлевізійнай прамове перад народам галоўнакамандуючы пакістанскай арміяй генерал Мушараф заявіў, што армія вымушаная была пайсьці на гэты крок у сувязі з сытуацыяй "няпэўнасьці і крызісу", якая апанавала краіну.

(Мушараф: ) "Я хачу заявіць вам, што ўзброеныя сілы выступілі дзеля таго, каб прыпыніць далейшую дэстабілізацыю. Мы ўсе добра ведаем, што ня толькі ўсе дзяржаўныя інстытуты сталі аб'ектам маніпуляцыяў, але й гаспадарка краіны знаходзіцца ў стане распаду. Мы ведаем пра самазьнішчальную дзейнасьць ўраду, якая падрывала самыя падставы Пакістанскае фэдэрацыі".

Ваенны пераварот у Пакістане прайшоў вельмі спраўна, хутка і без ахвяраў. Хаця пачаткова здавалася, што прыхільнікі Наваз Шарыфу могуць аказаць нейкае супраціўленьне. Тым больш, што некаторыя палітычныя камэнтатары называюць ваенны пераварот "контрпераваротам".

І сапраўды, першы крок у канфрантацыі паміж арміяй і ўрадам зрабіў цяпер ужо былы прэм'ер-міністар Наваз Шарыф. Гэта ён, выкарыстоўваючы факт адсутнасьці Мушарафа ў краіне (той знаходзіўся з афіцыйным візытам у Шры Ланцы) накіраваў апошняга ў адстаўку. Самалёту, на борце якога вяртаўся дадому Мушараф, нават адмовілі ў праве пасадкі ў аэрапорце Карачы.

Але, як высьвятляецца цяпер, кіраўніцтва арміі было гатовае да такога павароту падзеяў, і ў выніку ваеннага перавароту ўладу страціў не камандуючы арміяй Мушараф, але прэм'ер Наваз Шарыф.

Цяперашні пераварот мае сваю спэцыфіку. Ваенныя не абвесьцілі надзвычайнага становішча, не распусьцілі парлямэнт, не прыпынілі дзейнасьці палітычных партыяў. Сам жа Мушараф заявіў, што ў хуткім часе ён выступіць з праграмай дзеяньняў новых уладаў і паведаміць, як доўга ваенныя маюць намер трымаць уладу ў сваіх руках.

У самім Пакістане палітычныя аглядальнікі выказваюць сумнеў у здольнасьці генэралаў выцягнуць краіну з цяжкага эканамічнага крызысу, процідзейнічаць розным сэпаратыстычным тэндэнцыям і правесьці новыя дэмакратычныя выбары.

Дарэчы, пераварот вітала галоўная апазыцыйная партыя краіны на чале з былым прэм'ер-міністрам Бэназір Бхута. Бхута, якая ў момант перавароту знаходзілася ў Лёндане, паведаміла журналістаў, што яна выступае за правядзеньне дэмакратычных парлямэнцкіх выбараў на працягу трох месяцаў. Калі так ня здарыцца, - падкрэсліла яна, - можа паглыбіцца эканамічны хаос, а краіне будзе пагражаць страта тэрытарыяльнае цэласьці.

Затое былы кіраўнік штабу пакістанскай арміі Аслам Баіг, якога вестка аб перавароце знайшла ў Бэрліне, паведаміў, што Мушараф хоча ўтварыць пераходны ўрад краіны, які будзе знаходзіцца пры ўладзе, як мінімум, на працягу двух год.

Прыблізна палову сваей незалежнай 52-гадовай гісторыі Пакістан жыў пад уладай вайскоўцаў. Ваенныя перавароты тут звычайная зьява. Яны адбыліся тут у 1958, 1969 і 1977 гадох.

Учарашні пераварот – гэта ўжо чацьверты захоп улады ваеннымі за кароткую 52-гадовую гісторыю Пакістану як незалежнае дзяржавы.

Сёньня Пакістан зьяўляецца ядзернаю дзяржаваю, якая мяжуе з іншай ядзернай дзяржавай Індыяй. На працягу сваей кароткай незалежнай гісторыі Індыя ды Пакістан, якія ў пэрыядзе брытанскага панаваньня ўваходзілі ў склад адзінае брытанскае калёніі – Індыі, вялі паміж сабой тры вайны. А зусім нядаўна, калі групы музульманскіх баевікоў захапілі некалькі горных раёнаў у індыйскай частцы Кашміру, гэтыя дзяржавы былі на мяжы новае, чацьвертае вайны.

Вось чаму да чарговае дэстабілізацыі ў гэтым рэгіёне міжнародная супольнасьць прыглядаецца зь вялікім неспакоем. Пакістанска-індыйскія адносіны амаль заўсёды абвастраліся, калі да ўлады ў Пакістане прыходзілі вайскоўцы, а яны кіравалі краінай на працягу амаль паловы яе 52-гадовай незалежнай гісторыі.

Абвастрэньне сытуацыі магчымае і цяпер. Пра гэта сьведчыць той факт, што адразу пасьля інфармацыі аб ваенным перавароце індыйскія ўзброены сілы на працягу ўсёй 1600-кілямэтровай мяжы з Пакістанам былі пастаўленыя ў стан павышанае боегатовасьці. Больш за тое, вядома, што цяперашні кіраўнік Пакістану гэнэрал Первез Мушараф быў супраць аднабаковага вываду музульманскіх баевікоў з індыйскае часткі Кашміру. Зроблена гэта было пад выразным націскам ЗША, якія былі вельмі занепакоеныя пагрозай новае вайны ў гэтым рэгіёне. І кіраўніцтва арміі, як і значная частка насельніцтва Пакістану, разглядала гэта крок прэм'ер-міністра Наваз Шарыфа як здраду нацыянальных інтарэсаў Пакістану.

ЗША – доўгія гады былі галоўным саюзьнікам Пакістану, але апошнім часам адносіны паміж імі пагоршыліся. Сярод прычынаў можна прыгадаць перш за ўсё падтрымку Пакістанам руху талібаў у Афганістане, які ЗША абвінавачваюць у тэрарызму. І таму Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША адзін з першых выказаў сваю заклапочанасьць прыходам вайскоўцаў да ўлады ў Пакістане. Прэсавы сакратар Дзяржаўнага Дэпартамэнту Джэймс Рубін заклікаў новыя ўлады паважаць Канстытуцыю Пакістану, якая, дарэчы, не дазваляе адхіленьня ад улады прэм'ера з дапамогай вайсковае сілы.

Да як найхутчэйшага аднаўленьня дэмакратыі ў Пакістане заклікаў у спецыяльнай заяве ўрад Аўстраліі. Урад Бангладэш – краіны, якая да 1971 году была часткаю Пакістану, таксама спадзяецца на хуткае аднаўленьне дэмакратыі.

Даволі дыпляматычна на вестку аб дзяржаўным перавароце ў Пакістане адрэагаваў індыйскі ўрад. Урадавы дарадчык у справах нацыянальнае бясьпекі Браеш Мішра выступіў з наступнай урадавай заявай.
(Мішра: ) "Мы вельмі занепакоеныя падзеямі ў Пакістане. Мы пільна сочым за разьвіцьцём сытуацыі ды атрымліваем усю неабходную інфармацыю. Індыйская палітыка ў дачыненьні да Пакістану абапіраецца на выразных прынцыпах. Мы жадаем дабра народу Пакістана. Мы пацьвярджаем сваю адданасьць прынцыпам разьвіцьця мірнага супрацоўніцтва і сяброўства з Пакістанам, якія заснаваныя на ўзаемным даверы і паразуменьні. Каб гэтыя прынцыпы маглі ажыцьцявіцца, Пакістан павінен стварыць адпаведныя варункі.

І на заканчэньне прыгадаю, што дзяржаўны пераварот у Пакістане адбыўся бяскроўна. Не было абвешчана надзвычайнае становішча, не забароненыя палітычныя партыі. Тэарэтычна пазбаўлены ўлады Наваз Шарыф можа зьвярнуцца ў суд і запатрабаваць свайго аднаўленьня пры ўладзе. Дарэчы, такі прэцэдэнт ужо быў. У 1993 годзе той самы Наваз Шарыф, якога адхіліў ад улады прэзыдэнт Ісхак Хан, зьвярнуўся ў вярхоўны суд, і быў адноўлены на пасадзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG