Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 кастрычнiка 1999 г.


Віктар Дзятліковіч, Масква

Стварэньне саюзу Беларусі і Расеі мае сталую апазыцыю сярод кіраўнікоў расейскіх рэгіенаў. Гэта яшчэ раз пацьвердзілася сёньня. Прэзыдэнт Татарстану Мінцімер Шайміеў заявіў, што ягоная рэспубліка можа перагледзець свой статус у скалдзе Расеі, калі прэзыдэнты Расеі і Беларусі падпішуць дамову аб стварэньні саюзнай дзяржавы.

У Расеі і Беларусі ужо пяты дзень быццам бы ідзе ўсенароднае абмеркаваньне праекту саюзнай дамовы. Праўда, жывучы у Расеі, зразумець гэта вельмі цяжка. Тое, што праект дамовы быў надрукаваны, заўважылі, здаецца, толькі зацікаўленыя палітыкі.

Сеньня падцьвердзіў сваю ранейшую пазыцыю прэзыдэнт Татарстану Мінцімер Шайміеў. Агенцтва "РИА Новости", прыводзіць словы Шайміева, які кажа, што ў выпадку стварэньня саюзу Беларусі і Расеі, Татарстан, цытую, "будзе прэтэндаваць на новае месца у структуры такой дзяржавы, заявіць аб сваім новым статусе і аб сваім бачаньні новага дзяржаўнага ладу краіны" – канец цытаты.

"Мне час ад часу здаецца, – заявіў Шайміеў, – што ініцыятар стварэньня саюзу, Аляксандар Лукашэнка, сам не да канца разумее, які саюз яму патрэбны. Як можна сур'езна казаць аб саюзе двух дзяржаваў, калі няма зразумелага адказу на гэтае галоўнае пытаньне".

На думку Шайміева, надрукаваны прект саюзнай дамовы нерэальны, бо "нельга быць трошкі цяжарнай. А ў дадзеным выпадку атрымліваецца, што абодва бакі трохі цяжарныя".

Нельга сказаць, што заявы прэзыдэнта Татарстану – гэта блеф. Нагадаю, што месяц таму парлямэнт Татарстану прыпыніў прызыў у расейскую армію з-за таго, што прызыўнікі з рэспублікі накіроўваліся ваяваць у Дагестан. Ужо тады старшыня татарскага парляманту спадар Мухаметшын у прыватнай размове з карэспандэнтам радые Свабода выказваў незадаволенасьць тым, што жыхары Татарстану удзельнічаюць ва унутраных канфліктах на тэрыторыі Расеі. "Калі б пагадненьне аб размежаваньні паўнамоцтваў паміж Татарстанам і Расеяй падпісвалася зараз, мы зрабілі б гэтае пытаньне падставай для перамоваў" – сказаў тады Мухаметшын.

Шмат назіральнікаў у Маскве лічаць, што заявы Шайміева – гэта небясьпека для Расеі. Дырэктар інстытуту палітычных дасьледваньняў Сяргей Маркаў у інтэрвью радые Свабода сказаў наступнае: "Сеньня расейская дзяржаўнасьць перажывае жорсткі крызіс. У сітуацыі, калі Масква ня ў стане прымусіць рэгіёны цалкам падпарадкоўвацца расейскай Канстытуцыі, заявы Шайміева – гэта рэальная пагроза федэралізму і рэальная перашкода стварэньню саюзу Беларусі і Расеі". На думку Сяргея Маркава, фэдэральны цэнтар ня пойдзе на тое, каб задаволіць патрабаваньні Шайміева. "Пакуль што, – сказаў Маркаў, – крызіс не дасягнуў той мяжы, каб пачаўся распад Расеі. Але калі Масква павялічыць паўнамоцтвы Татарстану, гэта і будзе ўступам Расеі ў стадыю распаду".

Можна сцвярджаць, што ў Татарстана зьявілася шмат прэтэнзіяў да федэральнага цэнтру. Магчыма, кіраўніцтва рэспублікі разьлічвае, што стварэньне Саюзу дазволіць Татарстану скасаваць мінулыя пагадненьні з Масквой і дамагчыся большых паўнамоцтваў. Са словаў Мінцімера Шайміева вынікае, што Татарстан будзе дамагацца у гэтым саюзе статусу ня меньшага, чым Беларусь.

Гэтая пазыцыя Шайміева ня стане нечаканай для беларускага кіраўніцтва. Яшчэ два тыдні таму Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ня трэба зьвяртаць увагі на думку некаторых кіраўнікоу Расеі, якія крытыкуюць стварэньне саюзу.

Аднак у любым выпадку, расейскае кіраўніцтва ня будзе сьпяшацца. Гэта пацьвердзіў сеньня ў інтэрвью "Независимой газете" міністар замежных справаў Расеі Ігар Іваноў. Зусім неабавязкова, каб нейкае важнае рашэньне ў галіне расейска-беларускай інтэграцыі было менавіта да парляманцкіх і прэзыдэнцкіх выбараў. "Інтэграцыйны працэс ідзе па свайму графіку. І гэта працэс доўгатэрміновы, – зявіў міністар замежных справаў Расеі. Разам з тым, ён ізноў агучыў пазыцыю афіцыйнае Масквы, што зь цягам часу Беларусь і Расея ўсе адно дасягнуць максімальнага ўзроўню інтэграцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG