Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 кастрычнiка 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня Менскі гарвыканкам накіраваў арганізатарам апазыцыйнай акцыі "Марш Свабоды", якая пройдзе ў Менску 17 кастрычніка, сваё афіцыйнае рашэньне. Гарадзкія ўлады дазволілі апазыцыянэрам правесьці толькі мітынг на пляцы Бангалёр. У правядзеньі шэсьця сябрам аргкамітэту адмоўлена на той падставе, што менская міліцыя ў гэты дзень, нібыта, будзе задзейнічаная на іншай акцыі…

Мы паведамлялі ўжо, што менскія ўлады прынялі гэтае рашэньне яшчэ ў мінулую пятніцу. Аднак арганізатары "Маршу Свабоды" ўсё ж спадзяваліся, што сёньня кіраўніцтва гарвыканкаму прыслухаецца да іхнай просьбы і дазволіць удзельнікам акцыі хаця б арганізавана дайсьці да плошчы Бангалёр.

Паводле словаў аднаго зь сябраў аргкамітэту маршу Зьміцера Бандарэнкі, у гэтай акцыі маюць намер узяць удзел парлямэнтары шэрагу эўрапейскіх краінаў і прадстаўнікі вядомых праваабарончых арганізацыяў. Таму арганізатары спадзяваліся, што ўлады пойдуць на саступкі і дазволяць правядзеньне шэсьця, каб паказаць міжнародным назіральнікам сваю дэмакратычнасьць. Але спадзяваньні аказаліся марнымі.

Чаму ўлады сьвядома пайшлі на абвастрэньне сытуацыі? Вось што думае на гэты конт прадстаўнік "Хартыі-97" Зьміцер Бандарэнка:

(Бандарэнка: ) "Гэтыя людзі зьяўляюцца марыянэткамі. Іх ніхто не выбіраў, яны не нясуць ніякае адказнасьці перад народам. І пасьля страты легітымнасьці прэзыдэнтам Лукашэнкам 21 ліпеня, яны таксама абсалютна нелегітымныя на сёньняшні момант, але зьяўляюцца групай, якая зьяўляецца групай, якая мае сілу.

Было бачна, што людзі парушаюць закон, таму што паводле беларускага заканадаўства Менскі гарадзкі выканаўчы камітэт мае права зьмяніць час і мейсца правядзеньня акцыі, але ня можа мяняць тып правядзеньня заяўленага мерапрыемства. А заяўка была пададзеная на дэманстрацыю. У Канстытуцыі Беларусі, нават лукашэнкаўскай, гарантуецца свабода шэсьцяў і дэманстрацыяў. Таму чыноўнікі груба парушылі заканадаўства".

Менскі мэр Уладзімір Ярмошын матываваў зьмену мейсца правядзеньня акцыі тым, што 16-17 кастрычніка ў сталіцы будзе праводзіцца кірмаш і міліцыя ня здолее забясьпечыць парадак у цэнтры гораду. А аргумэнты арганізатараў наконт таго, што пляцоўка на пляцы Бангалёр не прыстасаваная да правядзеньня масавых акцыяў, на галоўнага менскага чыноўніка не падзейнічалі. Ярмошын нават адзначыў, што пасьля трагедыі на Нямізе ўлады проста ня маюць права выдаваць дазвол на арганізацыю недзяржаўных акцыяў у цэнтры сталіцы.

Зьміцер Бандарэнка папярэдзіў мэра, што ў выпадку нейкіх надзвычайных здарэньняў 17-га кастрычніка адказнасьць за магчымыя наступствы ляжа непасрэдна на яго, Ярмошына. На думку арганізатараў маршу, сталічны мэр і так нясе сваю долю адказнасьці і за Нямігу, і за іншыя забаўляльныя акцыі, калі жыцьцю і здароўю людзей пагражала рэальная небясьпека.

Нягледзячы на забарону гарвыканкаму, апазыцыянэры заклікаюць сваіх прыхільнікаў прыйсьці ў наступную нядзелю а 12-ай гадзіне на пляц Якуба Коласа і адтуль арганізавана кіравацца на пляц Бангалёр, дзе а 2-ой гадзіне пачнецца мітынг, а потым адбудзецца канцэрт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG