Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 07 кастрычнiка 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Больш падрабязна пра саму рэзалюцыю, гісторыю яе прыняцьця й магчымыя далейшыя крокі Эўрапарлямэнту можна даведацца з эксклюзыўнага інтэрвію карэспандэнту "Радыё Свабода", якое дала па телефоне са Страсбуру галоўная ініцыятарка рэзалюцыі Элізабэт Шродтэр…

Элізабэт Шродтэр у цяперашнім складзе Эўрапейскага Парлямэнту нядаўна была абраная дакладчыкам у справах Беларусі, а таксама віцэ-старшынёю сталае дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў дачыненьнях з Беларусьсю. І таму тое, што менавіта яна была галоўным ініцыятарам рэзалюцыі ў справе актуальнае сытуацыі ў Беларусі, цалкам зразумелае.

Дарэчы, напярэдадні прыняцьця рэзалюцыі Элізабэт Шродтэр накіравала асабісты ліст Аляксандру Лукашэнку, у якім яна між іншым пісала: "Я заклікаю вас зрабіць усё магчымае, каб вызначыць мейсцазнаходжаньне Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага, а таксама іншых вядомых праціўнікаў вашага ўраду Тамару Віньнікаву і Юрыя Захаранку. Вы павінны гарантаваць бясьпеку ўсіх жыхароў Беларусі, незалежна ад іх палітычнай прыналежнасьці".

Цяперашняя рэзалюцыя Эўрапарлямэнту была прынятая пераважнай бальшынёю галасоў. А як паасобныя палітычныя фракцыі, прадстаўленыя ў Эўрапарлямэнце паставіліся да яе? На гэтае пытаньне адказвае па тэлефоне са Страсбургу сама Элізабэт Шродтэр:

(Шродтэр: ) "Пад час дыскусіі сапраўды выявіліся розныя погляды на сытуацыю ў Беларусі, але яны не былі такія супрацьлеглыя. Супроць выступалі толькі камуністы. Затое зялёныя востра выступілі ў яе падтрымку. І хаця ўсе асуджалі парушэньні правоў чалавека, але сацыял-дэмакраты балі падзеленыя ў гэтай справе. Тое самае можна сказаць і пра хрысьціянскіх дэмакратаў, хаця бальшыня іх абураная парушэньнямі правоў чалавека. Лібэралы амаль усе выступілі ў падтрымку рэзалюцыі".

Цяперашняя рэзалюцыя Эўрапарлямэнту ня першая і, як я мяркую, не апошняя, якая заклікала беларускія ўлады да захаваньня правоў чалавека. Але прынятыя раней рэзалюцыі мелі, як дасюль, даволі слабы ўплыў на рэальную палітыку беларускіх уладаў. Ці ёсьць магчымасьць, што новая рэзалюцыя нарэшце спрацуе, прынясе канкрэтны эфэкт? Элізабэт Шродтэр адказвае:

(Шродтэр: ) "Я ня ведаю, ці Лукашэнка ўвогуле ў стане рэагаваць на рэзалюцыі. Аднак мы ведаем, што нашыя рэзалюцыі вельмі патрэбныя людзям Беларусі. Яны ведаюць пра іх, гэта для ніх падтрымка. Але, калі сытуацыя ня зьменіцца, паасобныя сябры ЭўраЗьвязу могуць па-рознаму рэагаваць на сытуацыю. Вельмі важна, каб існуючыя цяпер санкцыі супроць Беларусі не скасоўваліся. Сярод іншых сродкаў ўплыву на Лукашэнку я прыгадаю нашую праграму падтрымкі дэмакратычнага грамадзтва ў Беларусі. Вось чаму я лічу, што падобныя рэзалюцыя карысныя".

Эфектыўнасьць міжнародных высілкаў у кірунку вяртаньня Беларусі на шлях дэмакратычнага разьвіцьця залежыць у значнай ступені ад супрацоўніцтва розных уплывовых міжнародных арганізацыяў. Як складаецца гэтае супрацоўніцтва Эўрапарлямэнту з ААН, ці АБСЭ, напрыклад? Элізабэт Шродтэр адказвае:

(Шродтэр: ) "Мы гэта рабілі і ў мінулым складзе парлямэнту. Гэта нашая нармалёвая практыка – працаваць у шчыльным кантакце з міжнароднымі арганізацыямі, такімі, да прыкладу, як Рада Эўропы. Мы абменьваемся поглядамі, каардынуем нашыя высілкі. Мы супрацоўнічам з АБСЭ, а таксама з ААН. З ААН мы разам ажыцьцяўляем праект у справе доўгатэрміновага эфэкту Чарнобыльскае катастрофы на здаророўе насельніцтва. Прыгадаю таксама і актыўнае супрацоўніцтва з урадам паасобных краінаў. Перш за ўсё тут трэба прыгадаць нямецкі ўрад".

Ці гатовы Эўрапейскі парлямэнт, калі ўсе заклікі й рэзалюцыі ў справе Беларусі ня будуць мець аніякага ўплыву на Аляксандра Лукашэнку, пайсьці на больш жорсткія захады? Вось, што мяркуе ў гэтай справе адмысловы дакладчые Эўрапейскага Зьвязу ў справах Беларусі Элізабэт Шродтэр:

(Шродтэр: ) "Усё залежыць ад таго, як далей будзе разьвівацца сытуацыя. У мінулым месяцы у нас зьявіліся адпаведныя надзеі, але цяпер сытуацыя вельмі ўскладнілася ў зьвязку з новымі парушэньнямі правоў чалавека ў Беларусі. Нягледзячы на міжнародны ціск на Лукашэнку, ён ня хоча прымаць варункі міжнароднае супольнасьці й не вельмі вядома, чым усё гэта скончыцца. Нам застаецца толькі спадзявацца, што Лукашэнка сапраўды дасьць нам знак аб тым, што ён хоча інтэгравацца ў эўрапейскую супольнасьць, што ён хоча вярнуць Беларусь на шлях дэмакратычных рэформаў".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG