Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 кастрычнiка 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

(эфір 5 кастрычніка)
Працягваецца візыт у Менск асноўнага дакладчыка Парлямэнцкае асамблеі Рады Эўропы ў пытаньнях Беларусі Вольфганга Бэрандта. Гэта першы візыт спадара Бэрэндта, які зьмяніў на пасадзе галоўнага дакладчыка ў справах Беларусі Робэрта Андтрэтэра. Вольфган Бэрандт зьяўляецца кіраўніклм парлямэнцкае дэлегацыі Нямеччыны ў Асамблеі Рады Эўропы і ўваходзіць у склад дэлегацыі Нямеччыны ў Асамблеі Заходне-Эўрапейскага Зьвязу. Учора спадар Бэрандт сустракаўся з прадстаўнікамі беларускае апазыцыі, а таксама са старшынём аднае з палатаў прэзыдэнцкага "Нацыянальнага сходу" Паўлам Шыпуком. Сёньня ён меў ажно восем сустрэчаў…

Усе сёньняшнія сустрэчы спадара Бэрандта можна падзяліць на тры групы: першая — з прадстаўнікамі афіцыйных уладаў, сярод якіх былі старшыня Дзяржаўнага камітэта друку Міхал Падгайны, намесьнік міністра нутраных справаў Глухоўскі, старшыня канстытуцыйнага суду Васілевіч, старшыня так званае "палаты прадстаўнікоў" Малафееў. Амаль з усімі з гэтымі асобамі 11 месцаў таму сустракаўся папярэднік Бэрандта Робэрт Андтрэтэр.

Калі параўноўваць размовы, што вяліся ў лістападзе мінулага году, зь сяньняшнімі, дык адразу кідаецца ў вочы пэўная розьніца — 11 месяцаў таму афіцыйныя беларускія чыноўнікі ўвогуле пазьбягалі слова дыялёг у дачыненьні да апазыцыі. Сяньня яны ўжо кажуць пра неабходнасьць перамоваў. І другое, у лістападзе 1998 году яны фактычна ні ўчым не папракалі Раду Эўропы. Сяньня з вуснаў Малафеева, Глухоўскага ды іншых чуліся скаргі — маўляў, Рада Эўропы спыніла з намі адносіны, а без кансультацыяў з такой аўтарытэтнай міжнароднай арганізацыяй мы ў Беларусі робім некаторыя памылкі, таму — узнаўляйце нам скасаваны статус "адмыслова запрошанага", а мы будзем выпраўляць хібы.

У спадара Бэрандта на гэта ёсьць свой погляд — ён лічыць, што вяртаньне статуса Беларусі патрэбна заслужыць. І заслужыць не абяцанкамі, не прыгожымі словамі, а канкрэтнымі дзеяньнямі. Міжнародныя арганізацыі, у тым ліку й Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы хоча бачыць канкрэтныя, знакавыя рэчы. Да прыкладу, зьмянеьне меры ўтрыманьня Чыгіру, пасьпяховы пошук Захаранкі й Ганчара, доступ палітычнае апазыцыі да дзяржаўных мас-мэдыя.

Адсюль і непаразуменьне двух бакоў. Адзін бок лічыць, што можна атрымаць зьмякчэньне пазыцыі Эўропы праз абяцанкі на даволі аддаленую пэрспэктыву. Другі бок гаворыць аб неабходнасьці рэальных крокаў Беларусі па шляху дэмакратызацыі.

Другой знакавай групай у распарадку дня спадара Бэрандта выступае ягоная сустрэча з амбасадарамі краінаў, якія ўваходзяць у Раду Эўропы і маюць свае дыпляматычныя прадстаўніцтвы ў Менску. Думаецца, гэта была невыпадковая сустрэча. Напярэдадні, увечары 4 кастрычніка амбасадар Нямеччыны ў Беларусі спадар Вінкельман на прыёме ў гонар сьвяткаваньня гадавіны нямецкага адзінства заявіў, што Нямеччына не праводзіць у адносінах да Беларусі нейкае асаблівае палітыкі — яна, маўляў, цалкам адпавядае агульнай палітыцы, якую выпрацавалі краіны Эўропы.

Між тым, вядома, што некаторыя прадстаўнікі беларускае апазыцыі лічаць, што Нямеччына насуперак агульным эўрапейскім падыходам падтрымлівае Лукашэнку.

На сустрэчы з амбасадарамі краінаў Рады Эўропы спадар Бэрэндт запэўніваў іх у тым, што Нямеччына нічым не вылучаецца сярод іншых краінаў Эўропы.

І нарэшце, да трэцяй групы можна аднесьці сустрэчы дакладчыка па Беларусі зь сем'ямі вядомых палітычных дзеячоў, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў. Сярод тых, з кім размаўляў сяньня спадар Бэрэндт, былі Тацяна Клімава, Юлія Чыгір, Вольга Захаранка, ды некаторыя іншыя жанчыны. Яны выказалі свае скаргі: на іхную думку, беларускія ўлады парушаюць законы і маральныя нормы, дапускаюць падзаконныя дзеяньні, каб зламаць волю палітычных апанэнтаў.

Спадар Бэрандт прыняў усе паведамленьні да ведаму і паабяцаў падняць пытаньне аб палітычных вязьнях і зьніклых людзях у Страсбургу, дзе знаходзіцца штаб-кватэра Рады Эўропы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG