Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 кастрычнiка 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

У аўторак на гэтым тыдні інфармацыйныя агэнцыі распаўсюдзілі заяву праваабарончай арганізацыі "Amnesty International", паводле якой пяць грамадзянаў Беларусі абвешчаныя патэнцыйнымі вязьнямі сумленьня…

У заяве "Amnesty International" за 4 кастрычніка, зьвернутая ўвага на тое, што пасьля некалькіх мірных дэманстрацыяў, што адбываліся апошнім часам у Беларусі, супраць некаторых дзеячаў апазыцыі былі распачатыя крымінальныя справы. У гэтай сувязі называюца імёны старшыні Беларускае сацыял-дэмакратычнае партыі "Народная Грамада" Міколы Статкевіча, журналісткі Ірыны Халіп, прэзыдэнта фонду "Праўная дапамога насельніцтву" Алега Воўчака, адвакаткі Веры Страмкоўскай, актывіста Беларускага Народнага Фронту Яўгена Асінскага.

"Amnesty International" прыйшла да высновы, што "ўлады зьбіраюцца запалохаць відных апазыцыянэраў ды пакараць іх за актыўную антыўрадавую дзейнасьць".

Міжнародная амністыя адзначае, што супраць гэтых людзей ня былі вылучаныя ніякія канкрэтныя абвінавачваньні. Аднак, бальшыню з названых асобаў неўзабаве чакае суд. Праваабарончая арганізацыя выказвае занепакоенасьць тым што "ім пагражае некалькі гадоў турэмнага зьняволеньня за тое, што яны скарысталіся законным правам на свабоду мірных сходаў і свабоду слова. У сувязі з гэтым "Amnesty International" абвяшчае сваю гатовасьць назваць гэтых асобаў вязьнямі сумленьня, калі беларускае правасудзьдзе прызнае іх вінаватымі".

Трэба адзначыць, што "Amnesty International" ужо надавала статус вязьняў сумленьня беларускім грамадзянам, якія траплялі за краты праз свае палітычныя перакананьні. Аднак, упершыню падобная заява гэтай праваабарончай арганізацыі прымаецца, так бы мовціь, прэвэнтыўна.

Наколькі адпавядае такі мэтад звычайнае практыцы "Amnesty International" у сьвеце?

З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся ў штаб-кватэру "Amnesty International" у Лёндане да спадара Мэцью Прынгла, які займаецца сытуацыяй у краінах Усходняй Эўропы і ў прыватнасьці – у Беларусі:

(Прынгл: ) "Я б не сказаў, што Беларусь стварае прэцэдэнт, бо мы публікавалі падобныя заявы і ў дачыненьні да іншых краінаў. Аднак, мушу зазначыць, што сярод тых краінаў, якімі я займаюся, Беларусь у гэтым сэнсе адзіная. Але ад іншых дасьледнікаў вы маглі б даведацца, што хаця гэта ня ёсьць звычайная практыка, падобныя заявы ўжо абнародваліся".

Варта нагадаць, што арганізацыю "Amnesty International" заснаваў у 1962 годзе брытанскі адвакат Пітэрам Бенэнсан пасьля таго, як два партугальскія студэнты былі асуджаныя на сем гадоў турмы толькі за тое, што яны паднялі чаркі "за свабоду". Зараз "Amnesty International" налічвае мільён сяброў, а таксама групы падтрымкі ў 160 краінах сьвету. У апошнія гады гэтая арганізацыя не аднойчы зьвяртала сваю ўвагу на сытуацыю ў Беларусі.

Які эфэкт можа мець апошняя папяраджальная заява "Amnesty International"?

(Прынгл: ) "Што я магу сказаць? Да прыкладу, у выпадку Веры Страмкоўскай, якая займаецца праваабарончай дзейнасьцю як адвакат, і якая з гэтай прычыны цягам апошніх двух-трох гадоў зазнае надзвычайны ціск з боку беларускіх уладаў – мы пра яе ўзгадваем у шмат якіх нашых штогадовых і штомесяцовых справаздачах.

Спадзяюся, што гэта дапаможа ёй пазьбегнуць яшчэ большага ціску з боку ўладаў у параўнаньні з тым, што яна адчувае цяпер. І калі мы публікуем зьвесткі пра такіх людзей, калі мы маем зь імі непасрэдны кантакт, яны ўдзячныя нам за дапамогу і кажуць, што мы хаця б трошкі палегчылі іхнае жыцьцё.

Калі вы жывяце ў Менску ды пачуваецеся зусім адасобленымі ад міжнароднае супольнасьці й рэшты сьвету, калі рэжым у вашай краіне становіцца ўсё больш аўтарытарным, адчуваць падтрымку – ці то зь Лёндану, ці то з "Human Rights Watch" у ЗША – для гэтых людзей вельмі важна.

І што мы робім як арганізацыя? Мы мабілізуем грамадзкую думку ў сьвеце дзеля таго, каб падтрымаць гэтых людзей. Мы спадзяемся, што гэта дае свой плён".

У заяве "Amnesty International" зьвяртаеца таксама ўвага на безпадстаўнае, з гледзішча гэтае арганізацыі, утрыманьне ў турме Міхала Чыгіра, Андрэя Клімава, Васіля Старавойтава, Уладзімера Кудзінава. Згадваюцца й выпадкі зьнікненьня дзеячаў апазыцыі – Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара й прадпрыймальніка Анатоля Красоўскага.

"Amnesty International" у чарговы раз заклікала Аляксандра Лукашэнку ды ўрад Беларусі "спыніць наступ на правы чалавека, забясьпечыць іхнае датрыманьне на тэрыторыі Рэспублікі, неадкладна вызваліць усіх палітзьняволеных і расьсьледваць нядаўнія зьнікненьні лідэраў апазыцыі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG