Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 кастрычнiка 1999 г.


(эфір 4 кастрычніка)
Як мы раней паведамлялі, у нядзелю ў Менску адбылося пазачарговае пасежаньне Сойму Беларускага Народнага Фронту. Паводле агэнцыі "БелаПАН", на паседжаньні было вырашана ў прыватнасьці накіраваць Зянону Пазьняку ліст з прапановаю прызнаць 4-ты зьезд БНФ папярэднім у дачыненьні да 6-га зьезду, які мяркуецца правесьці напрыканцы кастрычніка.

Па камэнтар у зьвязку з гэтым ды іншымі рашэньнямі, прынятымі ўдзельнікамі Сойму, мы зьвярнуліся да выканаўцы старшыні БНФ Лявона Баршчэўскага:

(Баршчэўскі: ) "Я хачу сказаць, што ўсе, хто стварае маральнае сумленьне Народнага Фронту — Рыгор Барадулін, прафэсар Анатоль Грыцкевіч, Артур Вольскі, акадэмік Нікітчанка — яны ўчора напісалі заявы пра тое, што яны падцьвярджаюць сяброўства ў партыі БНФ бяз зьмены назвы і бяз зьмены Статуту і прапануюць рашыць усе праблемы на зьездах, абвешчаных Соймам на 30-31 кастрычніка.

Мушу сказаць, што на Сойме прагучалі таксама выступы Станіслава Судніка і Яўгена Калубовіча, якіх бязь іх згоды спрабавалі ўключыць у Сойм гэтай... раскольніцкай партыі. Яны таксама падцьвердзілі, што яны напісалі заявы адпаведнага зьместу і яны застаюцца ў партыі.

Я думаю, што распад гэтай самазванай "кансэрватыўна-хрысьціянскай" партыі — гэта справа кароткага часу і ў бліжэйшы месяц-два ўсе сябры Партыі Беларускага Народнага Фронту падцьвердзяць сваё сяброўства ў Партыі БНФ. Ужо зараз сотні такіх заяваў паступілі ва Ўправу, і яны працягваюць паступаць. Сёньня мы чакаем пісьмовага падцьверджаньня Васіля Быкава з Гэльсынкі пра сяброўства ў гэтай партыі.

Хачу сказаць, што ўсе раскольніцкія ініцыятывы спыненыя, яны пацярпелі крах. І сёньня можна сказаць, што Народны Фронт захавае сваё адзінства".

(Карэспандэнт: ) "Як Вы лічыце, ці магчыма ў далейшым суіснаваньне ці супрацоўніцтва паміж Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыяй і Беларускім Народным Фронтам?"

(Баршчэўскі: ) "Засталася адная праблема — гэта пазыцыя Зянона Пазьняка, якога мы глыбака паважаем як заснавальніка Руху й заснавальніка Партыі.

Да яго прыняты адмысловы зварот абодвух Соймаў, падпісаны пэрсанальна сябрамі Сойму, каб не было спрэчак, ці быў там кворум, ці не... Гэта 34 подпісы сяброў Сойму руху і 23 подпісы сяброў Сойму партыі. Зварот з прапановаю спадару Пазьняку спыніць раскольніцкія захады, адклікаць усе свае антыстатутныя загады, прызнаць той сход, які быў 26 верасьня несапраўдным, неадпавядаючым Статуту — так, як яно й было; і ўсе пытаньні рашыць дэмакратычна на тым зьезьдзе, які пройдзе 30-31 кастрычніка ў адпаведнасьці са Статутамі руху й партыі.

Мы, безумоўна, вельмі шануем і паважаем Зянона Пазьняка. І ён пры ўсіх варыянтах атрымае высокую пасаду. І мы абсалютна гатовы, што ў выпадку ягонага вяртаньня на працягу месяца-двух склікаць пазачарговыя зьезды і вырашыць пытаньне аб далейшым кіраваньні Фронтам тут.

На сёньняшні дзень, аднак, кіраваньне Фронту й партыі павінна ажыцьцяўляцца ў Беларусі — гэта думка абсалютнае бальшыні сяброў руху й партыі".

Як паведаміў у тэлефоннай размове з "Радыё Свабода" лідэр БНФ Зянон Пазьняк, ён пакуль што не атрымаў пісьмовых прапановаў зь Менску, пра якія вялася гаворка на Сойме. Разам з тым само ягонае правядзеньне, на думку Пазьняка, пярэчыць Статут Фронту.

(Пазьняк: ) "Проста зьезд Фронту, які адбыўся 1 жніўня, павінен быў прыняць спэцыяльнае рашэньне аб дзейнасьці кіруючых ворганаў, калі ён перапыняў сваю работу. Такога рашэньня не было прынята. Таму фактычна дзейнічае ворган зьезду, дзейнічае выбарны старшыня, і дзейнічае Ўправа, якая абіраецца ня зьездам, а прызначалася Соймам. Гэта статутнае палажэньне, і гэта трэба разумець.

Тое, што зьбіраецца Сойм — гэта праяўленьне эмацыянальнага стану нашых калегаў, якія магчыма ў гэтай сытуацыі не зусім добра ўяўляюць сабе вынікі сваіх дзейньняў. Думаю, што ўсялякія канфлікты, якія існуюць у палітыцы — асабліва падкрэсьліваю, у палітыцы, хоць увогуле й ва ўсіх іншых выпадках — яны павінныя адбывацца шляхам кантактаў. Трэба ўмець размаўляць, трэба ўмець даводзіць свае думкі спакойна, з павагай да сваіх суразмоўцаў. Гэта — адзіны шлях. Калі канфлікт будзе разьвівацца такім чынам, то страцяць павагу і адзін, і другі бок.

Уся сытуацыя якраз у тым і заключаецца, што ў Фронце адбыўся раскол. І адбыўся ён у маі месяцы — пасьля правалу выбарчае авантуры. Калі б гэтага расколу не было, то зусім была б іншая сытуацыя.

Раскол даволі сур'ёзны. І супярэчнасьці былі даўно, але яны насілі тэарэтычны характар, яны не выходзілі за рознасьць думак і меркаваньняў.

На выбарах, якія адбыліся ў маі, яны перайшлі ў канкрэтныя дзеяньні — частка людзей пачала супрацоўнічаць з намэнклятураю. Канкрэтна — зьбіралі подпісы за Чыгіра. Канкрэтна — выконвалі незаконныя пастановы Ганчара. Ёсьць узаемадачыненьні і з фінансамі. І гэта — канкрэтнае дзеяньне. Людзі, якія зрабілі такія памылкі — яны ўжо абараняюць сабе, сваю пазыцыю.

Вось у такой сытуацыі захаваць усё раней як было ўжо немагчыма. Таму я прапанаваў канцэпцыю — захаваць адзінства Фронту на новым сыстэмным узроўні — трэба кантактаваць, трэба, магчыма, разыйсьціся далей, знайсьці іншыя формы, іншыя структуры... І я прапанаваў некалькі такіх варыянтаў. У прыватньнасьці, варыянт кааліцыйны, калі адбываецца каардынацыя на ўзроўні кіраўніцтва, большую самастойнасьць атрымліваюць і партыйная структура, і структура рухаўская. Гэта не было ўспрынята. Я прапанаваў канцэпцыю з паліткамітэтам. Цяпер я прапанаваў канцэпцыю партыі — даволі жорсткі варыянт — аб'яднаць усё вакол партыі. Гэта таксама не ўспрынята...

Гэта дрэнная сытуацыя, безумоўна. І адзіны выхад я бачу ў тым, што людзі мусяць садзіцца й размаўляць між сабою. Не займацца дзіцячымі склокамі... І тым больш нельга выходзіць у друк са сваімі нутранымі праблемамі. Нажаль, ідзе ўсё па старой дарожцы палітычных канфліктаў — якое было спрадвеку. Гэта вельмі шкада...

Але я бачу зараз аснову — як выцягнуць найбольш здаровыя нацыянальна-адраджэнскія сілы. І гэтая аснова — менавіта Партыя Беларускага Народнага Фронту".

У студыі Віталь Тарас, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG