Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 кастрычнiка 1999 г.


Як сёньня паведаміла агэнцыя "БелаПАН", Нацыянальны банк Беларусі ня здолеў пакуль дамовіцца з Цэнтральным банкам Расеі адносна мэханіхму аб'яднаньня грашовых сыстэмаў дзьвюх дзяржаваў і ўвядзеньня адзінае валюты. Паводле словаў старшыні Нацыянальнага банку Беларусі Пятра Пракаповіча, пазыцыя расейскага боку застаецца ранейшай — ён настойвае на тым, каб адзіным эмісійным цэнтрам быў Цэнтральны банк Расеі, і каб пераход на безнаяўныя расейскія рублі ажыцьцяўляўся не паступова, але адразу — на працягу аднаго дня, прыкладам, праз 3-5 гадоў. І сёньня ж стала вядома, што Нацыянальны банк зьбіраецца ўводзіць валютныя аблігацыі для продажу насельніцтву…

Па камэнтар мы зьвярнуліся да экспэрта — супрацоўніка адной з фінансавых установаў Вялікай Брытаніі Алега Гардынцава...

(Гардынцаў: ) "Перш за ўсё трэба адзначыць, што Нацыянальны банк не зьяўляецца крэдытнай адзінкаю, якая зарэгістравана ва ўсіх міжнародных агэнцыях і ня мае крэдытнага рэйтынгу. Такім чынам, тыя дакумэнты, якія ён будзе выпускаць, асабліва для насельніцтва нічым не ўгарантаваны.

Да прыкладу, як толькі Нацыянальны банк Ангельшчыны, ці іншая крэдытная ўстанова выпускае каштоўныя паперы, яны заўжды будуць чымсьці — ці золатам, ці нейкімі іншымі забавязкамі — падтрыманы. А Нацыянальны банк на сёньняшні дзень мае толькі лімітаваныя сродкі.

Такім чынам, тыя паперы, якія будуць выпушчаныя для насельніцтва, і якія насельніцтва будзе сёньня купляць, не падтрыманыя нічым, то бок яны зьяўляюцца фактычна папераю. І тыя людзі, каторыя будуць іх купляць, маюць вялікую рызыку не атрымаць грошы назад. Гэта першае.

Па-другое, Нацыянальны банк зьбіраецца выпускаць таксама каштоўныя паперы, каторыя будуць выдавацца на прад'яўніка. Гэта вельмі небясьпечнае для эканомікі Беларусі прадпрыемства. таму што каштоўныя паперы, калі яны абменьваюцца й выдаюцца толькі на прад'яўніка, нідзе не рэгіструюцца — гэта фактычна грошы.

Замест таго, каб плаціць наяўныя грошы, людзі й прадпрыемствы між сабою будуць весьці разьлікі ў гэтых свайго роду вэксэлях нейкіх. Значыць, нідзе ня будзе рэгістравацца, колькі хто купіў, колькі хто прадаў, колькі атрымаў прыбыткаў... І такім чынам, будзе буяць "чорная эканоміка".

Я мяркую, што ў а ні воднай краіне сьвету, нават у Расеі няма такіх каштоўных папераў валютных...

Прабачце, на тэрыторыі Беларусі ёсьць толькі адная адзінка — гэта рубель! Няважна, ён каштуе больш ці менш... Гэта, прабачце, каб, да прыкладу, у Ангельшчыне ці Нямеччыне выпускалі б нейкія паперы на прад'яўніка ў "мангольскіх тугрыках"... На тэрыторыі краіны ёсьць адная адзінка, якая мае права быць прызнанай. І "дрэнная" яна, "добрая" — гэта ўжо іншыя рэчы.

А што тычыцца валютных вэксэлей і папераў, якія фактычна выпускае Нацыянальны банк — на сёньняшні дзень гэта ня выйсьце".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG