Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 04 кастрычнiка 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Сёньня жонка Юрыя Захаранкі Вольга сустрэлася з амбасадарам ЗША ў Беларусі Дэніэлам Спэкхардам, і сёньня ж на кватэры дачкі Захаранкі Алены праведзены ператрус. Ператрус адбыўся ў межах крымінальнай справы, якую некалькі дзён таму нарэшце ўзбудзіла Гарадзкая пракуратура Менску. Крымінальную справу Юрыя Захаранкі пракуратура спрабуе аб'яднаць з крымінальнай справай паводле факту зьнікненьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. З падрабязнасьцямі Юрась Карманаў.

Пакуль афіцыйнае сьледзтва ў справе зьнікненьня Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага і Віктара Ганчара не пасунулася ні на ёту. Сьледчы гарадзкое пракуратуры Сяргей Новікаў, які дасьледуе справу зьнікненьня 17 верасьня Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, заявіў, што новых акалічнасьцяў пакуль ня выяўлена.

(Карэспандэнт:) "На якой стадыі зараз сьледзтва?"

(Новікаў:) "На стадыі расьледваньня".

(Карэспандэнт:) "Ці ёсьць нейкія акалічнасьці, ці вядомыя нейкія падрабязнасьці?"

(Новікаў:) "Усё што можна, ўжо было паведамлена прэсе".

Жонка Ганчара Зінаіда заявіла, што пакуль не атрыммала адказу на свае лісты, накіраваныя Барысу Ельцыну ды шэфу беларускага КДБ Уладзімеру Мацкевічу. Зінаіда Ганчар працягвае сьцьвярджаць, што далейшы лёс скрадзеных, як яна гаворыць, людзей будзе залежаць выключна ад загадаў Аляксандра Лукашэнкі.

Жонка Юрныя Захаранкі Вольга паведаміла, што праз пяць месяцаў з моманту зьнікненьня экс-міністра ўнутраных справаў гарадзкая пракуратура ўзбудзіла-такі крымінальную справу, якая, хутчэй за ўсё, будзе аб'яднаная са справамі Ганчара і Красоўскага. Жонкі зьніклых выступаюць катэгарычна супраць такога аб'яднаньня, матывуючы гэта тым, што справы вядуць двое сьледчых, у якіх і без таго не заўважаецца празьмернай рупнасьці. Пасьля аб'яднаньня застанецца толькі адзін сьледчы.

47-гадовы Юры Захаранка зьнік пры невядомых абставінах 7 траўня. Сёньня на кватэры дачкі Захаранкі Алены адбываецца ператрус – сьледчыя ўскрываюць сэйф, у якім Захаранка захоўваў свае паперы. Вольга Захаранкі паведаміла, што невядомыя людзі апошнім часам пачынаюць пагражаць ёй і дочкам. Два дні таму, 1 кастрычніка, Вольгу Захаранку невядомы чалавек выклікаў на сустрэчу.

(Захаранка:) "Ён мне сказаў, што мне трэба тэрмінова зьнікаць адсюль. Маім дзецям пагражае вялікая небясьпека. Але чамусьці ён увесь час намякаў, што мне трэба зьнікаць менавіта ў Нямеччыну. Ён сказаў: "Крый Божа, не кладзіце дзяцей у шпіталь". Распавядаў мне і пра Карпенку, што лекарам быў дадзены загад Лукашэнкі, каб да Карпенкі не падыходзілі 9 гадзінаў у шпіталі. Ён мне паведаміў, што на мяне рыхтуецца замах пад выглядам дарожна-транспартнага здарэньня.
Я пакуль не зразумела, ці гэта быў добразычліўца, ці не. Але выглядае на тое, што гэта было запалохваньне".

Сваімі апасеньнямі яна вырашыла падзяліцца не з афіцыйнымі беларускімі ворганамі, але з амэрыканскім амбасадарам Дэніэлам Спэкхардам, да якога яна накіравалася сёньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG