Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 30 верасьня 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Сёньня стала вядома імя ляўрэата Нобэлеўскай прэміі ў літаратуры за апошні год стагодзьдзя. Ім стаў немец Гюнтар Грас.

Штогод увосень аматары літаратуры чакаюць весткі са Стакгольму. Відаць, кожная нацыя ў гэтыя дні спадзяецца, што менавіта ейны – самы выбітны і таленавіты аўтар – будзе далучаны да арэапагу "вялікіх".

Напэўна, сёньня не толькі я адзін меў патаемную надзею тэлефанаваць у Гэльсынкі й віншаваць па-беларуску. Але…

Суцешымся даўно зразумелым: вэрдыкт Нобэлеўскага камітэту ў галіне літаратуры – суб'ектыўны. Шмат хто з аўтараў сапраўды бесьсьмяротных твораў – да прыкладу, Леў Талстой, – не атрымалі Нобэля. Імёны ж бальшыні лаўрэатаў вядомыя сёньня толькі літаратуразнаўцам.

Сёньня "Нобеля" за літаратуру атрымаў 72-гадовы нямецкі пісьменьнік Гюнтар Грас.

У сваіх творах Грас любіць пагуляць зь лічбамі – апошні раз нямецкі празаік ўзнагароджаны "Нобэлем" ў 72-м годзе, і быў гэта – Генрых Бёль. У свой час менавіта Бёль ацаніў талент трыццацігадовага Граса, які дэбютаваў ў літаратуры раманам "Жасьцяны барабан".

У гэтым творы Грас распавядае пра сваё дзяцінства, якое прайшло ў Данцыгу (цяперашні Гданьск). Раман вызначаўся гратэскавым стылем, у якім псыхалягічны аналіз закранаў такія на той час табуяваныя сфэры, як эротыка й сэкс.

У Савецкім Саюзе гэты раман не друкавалі – хаця ў свой час Гюнтар Грас і падтрымаў лідэра сацыял-дэмакратаў Вілі Бранта, які лічыўся ледзь не сябрам СССР.

У рамане Гюнтара Граса "Доўгае поле", выдадзеным чатыры гады таму, крытыкі заўважылі настальгію па ГДР і сацыялістычным ладзе ў Нямеччыне.

Цікава, што леташні Нобэлеўскі ляўрэат – партугальскі пісьменьнік Жозэ Сарамага – не хавае ўласнае прыхільнасьці да камуністычнай ідэялёгіі. Магчыма, тут ужо можна казаць пра нейкія заканамернасьці ў выбары Нобэлеўскага камітэту Швэцкай акадэміі навук.

Апошні ж твор Гюнтара Граса, даступны беларускаму чытачу, які не валодае нямецкай моваю – гэта раман "Сабачыя гады". Кажуць, цікавая кніга, хаця й не пра беларускае жыцьцё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG