Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 29 верасьня 1999 г.


Валянцін Жданко, Менск

Сямён Шарэцкі запярэчыў інфармацыі пра тое, што ён нібыта сустракаўся зь Віктарам Ганчаром у Вільні…

Сэнсацыйнае паведамленьне пра тое, што Віктара Ганчара праз тры дні пасьля ягонага загадкавага зьнікненьня ў Менску нібыта бачылі ў Вільні ў кампаніі зь Сямёнам Шарэцкім, у сапраўднасьці аказалася дэзінфармацыяй.

Сёньня ў тэлефоннай размове са мною спадар Шарэцкі так адказаў на пытаньне, ці сапраўды ён бачыўся з Ганчаром:

(Шарэцкі: ) "Тое, што я ня мог бачыцца з Ганчаром — я думаю, што аўтар гэтага артыкулу вельмі добра ведае. Але я паўтраю — ён абслугоўвае таго чалавека, які ў свой час кумірам назваў Гітлера... Таму яны ўсё й робяць па-гітлераўску — ілгуць бессаромна: "вялікай ілжы павераць хутчэй за малую". Калі газэта абслугоўвае гэтага чалавека, дык яна вось гэта й робіць — ілжэ".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Шарэцкі, ці можна лічыць зьяўленьне гэтае публікацыі звычайнай выпадковасьцю? Ці не дапускаеце Вы, што гэты журналіст мог нешта проста пераблытаць? Ці Вы ўсё ж такі лічыце, што гэтая публікацыя некаму была патрэбная?"

(Шарэцкі: ) "Я думаю, што гэта публікацыя камусьці патрэбная! Як ён мог пераблытаць? Калі ён ведае мяне й Ганчара, дык як ён мог нас з кімсьці пераблытаць — калі ён кажа, што размаўляў з намі?"

(Карэспандэнт: ) "Спадар Шарэцкі, якая з вэрсіяў зьнікненьня Віктара Ганчара й Анатоля Красоўскага здаецца Вам найбольш верагоднай?"

(Шарэцкі: ) "Вы ведаеце, я не хацеў бы нейкай вэрсіі высоўваць — тую ці іншую. Я толькі ведаю, што гэта не абыйшлося бяз рук рэжыму".

Працяг ілжывай інфармацыі, зьмешчанай у газэце "Беларуская ніва", гэта так званыя "сакрэтныя матэрыялы", што зьявіліся на адным з сайтаў інтэрнэту. Яны ўяўляюць сабой раздрукоўку тэлефонных размоваў, якія нібыта вёў Віктар Ганчар напярэдадні свайго зьнікненьня зь бізнэсмэнам Георгіем Астроўскім. Мяркуючы па зьвестках ананімнага аўтара, Ганчар і Астроўскі абмяркоўвалі дэталі таго, як фінансаваць дзейнасьць апазыцыі, як рыхтаваць падрыўныя акцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, і як апазыцыя сама магла б паспрыяць Астроўскаму, які нібыта заблытаўся ў фінансавых справах і цяпер мусіць адказваць перад канадыйскім правасудзьдзем.

І сэнсацыйнае паведамленьне ў "Беларускай ніве", і гучныя выкрыцьці ананімнага аўтара, што зьявіліс яна стронцы ў інтэрнэце, тут жа былі падхопленыя і шырока распаўсюджаныя дзяржаўнымі сродкамі масавае інфармацыі. Адказ на пытаньне — чаму й куды зьнік Ганчар? — па сутнасьці, пераводзіцца ў іншую плашчыну. Замест фактаў гучаць ілжывыя сьведчаньні. Замест аргумэнтаў — сумніўныя матэрыялы, скіраваныя на дыскрэдытацыю апазыцыі.

Стваральнік сумніўных сэнсацыяў застаецца невядомым. ім можа быць любая са шматлікіх спэцслужбаў, што дзейнічаюць у Беларусі: і 5-я ўправа КГБ, якая займаецца абаронаю канстытуцыйнай законнасьці, і адпаведны аддзел Рады Бясьпекі, і служба бясьпекі прэзыдэнта. Мэтоды, якія ў гэтым скарыстоўваюцца, параўнальна новыя для беларускіх спэцслужбаў. раней кампрамат бясхітрасна распаўсюджвалі празь дзяржаўныя газэты й тэлевізію, цяпер скарыстоўваюць інтэрнэт — яму болей веры, ды й недзяржаўныя газэты часта да яго зьвяртаюцца.

Ці можа быць праўдзівай скандальная інфармацыя, разьмешчаная ў інтэрнэце? Спраўдзіць гэта сёньня практычна немагчыма — Ганчар зьнік, Георгі Астроўскі, пра бізнэс якога шмат супярэчных зьвестак, таксама недасягальны для прэсы. Самі спэцслужбы маўчаць. Зьвяртае на сябе ўвагу тое, што інтэрнэтаўскі сайт аформлены зь вялікай дбайнасьцю, без друкарскіх і стылёвых памылак. Паводле сьведчаньня падпалкоўніка КГБ у адстаўцы Сяргея Аніські, гэта менш за ўсё падобна на апэратыўныя матэрыялы спэцслужбаў. выкладзеныя на паперы падслуханыя тэлефонныя размовы, паводле словаў Аніські, выглядаюць зусім па іншаму.

Фактам на сёньня застаецца толькі тое, што аніякіх дакладных зьвестак пра сьляды Віктара Ганчара няма. Затое ёсьць спроба пераключыць грамадзкую ўвагу на ілжывы шлях — шлях чутак, ананімных сьведчаньняў і сумніўных выкрыцьцяў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG