Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 22 верасьня 1999 г.


Аляксандар Лукашук, Прага

Прэзыдэнт Летувы Валдас Адамкус наведаў сёньня "Радыё Свабода" ў Празе і адказаў на пытаньні нашых карэспандэнтаў.

Беларуская тэма перасьледуе прэзыдэнта Летувы й далёка за межамі Беларусі. Пад час яго першага афіцыйнага візыту ў Чэхію мяйсцовыя і замежныя журналісты абавязкова задаюць пытаньні пра сьпікэра Вярхоўнага Савету Шарэцкага, які знаходзіцца ў Летуве, пра стасункі з афіцыйным Менскам.

Апошнімі днямі, пасьля зьнікненьня Віктара Ганчара і ягонага спадарожніка, міжнародная ўвага да сытуацыі ў Беларусі рэзка абвастрылася. Прэзыдэнт Адамкус на самым пачатку сустрэчы з журналітамі адказваў на пытаньне карэспандэнта нямецкай "Die Suddeutsche Zeitung" пра стасункі з Беларусьсю:

(Адамкус: ) "Мы разумеем нутраныя палітычныя праблемы паміж прэзыдэнтам і той часткаю апазыцыі, якая знаходзіцца на выгнаньгні і заяўляе пра законнае права кіраваць краінаю. І як вы ведаеце, мы ўскосна ўцягнутыя, бо гэта здарылася ў Летуве. Сп. Шарэцкі абвясьціў пра стварэньне ўраду і намер прадстаўляць краіну. Нашая палітыка грунтуецца на падыходзе Эўрапейскага Зьвязу. Мы прызнаем дзяржаву, але не выбіраем паміж асобамі. Аднак я спадзяюся, што нутраная барацьба паміж Лукашэнкам і Шарэцкім вырашыцца ў самой Беларусі".

Сваю сёньняшнюю сустрэчу на "Радыё Свабода" прэзыдэнт Адамкус пачаў з прызнаньня, што амаль пяць дзесяцігодзьдзяў стала слухае перадачы нашага радыё – і намагаецца не прапускаць іх і цяпер. Трэба адзначыць, што ў Летуве перадачы "Радыё Свабода" рэтрансьлююцца на ўльтракароткіх частотах ды іх можна слухаць нароўні зь дзяржаўным вяшчаньнем.

Дарэчы, гэтак сама справа пастаўлена ва ўсіх краінах Эўропы, куды вяшчае "Радыё Свабода", у тым ліку ў Югаславіі. Адзінае выключэньне – Беларусь, дзе ўлады не пагаджаюцца на рэтрансьляцыю нашых перадачаў, і іх, як у час халоднае вайны, трэба лавіць у эфіры на кароткіх хвалях.

Прэзыдэнт Адамкус ад 1949 году жыў у ЗША, і вяртаньне на радзіму ў якасьці прэзыдэнта ён назваў неверагоднай але спраўджанай мараю. Валдас Адамкус удзельнічаў у эмігранцкім руху за вызваленьне Летувы й добра разумее сучасныя беларускія праблемы. Што, на думку Валдаса Адамкуса, зьяўляецца самым цяжкім і самым прыемным у стасунках зь сёньняшняй Беларусьсю?

(Адамкус: ) "Я пачну з адказу пра прыемнае – у нас вельмі цёплыя пачуцьці да народу Беларусі. Сярод цяжкасьцяў – гэта вельмі няпэўная сытуацыя адносна таго, з кім нам весьці справы. Бо фактычна народ падзелены ў гэтай справе. Гавораць, што з пункту гледжаньня закону цяперашні рэжым не прадстаўляе народ, ён прадстаўляе толькі ўрад, бюракратыю. Але ня нам тут вырашаць, і вось гэта стварае вялікія цяжкасьці. Афіцыйна мы будзем працягваць праводзіць нашую дыпляматычную лінію і кантакты з уладамі, але гэта абмяжоўвае нашыя намеры і супрацоўніцтва з урадам – да вырашэньня гэтае праблемы. Як вы разумееце, мы суседзі. І Беларусь – наш найбуйнейшы сусед, і для нас непажадана ўвязвацца ў нутраныя палітычныя сутычкі".

Прэзыдэнт Летувы камэнтаваў таксама праблемы фінасавых рэформаў ды Ігналінскай станцыі, пэрспэктывы балта-чарнаморскага рэгіёну і выказаў цьвёрдае спадзяваньне на хуткае далучэньне Летувы да NATO.

Сёньня ўплывовая ангельская газэта "Financial Times" аптымістычна ацэньвае шанцы Летувы на хуткае ўступленьне ў Эўрапейскі Зьвяз. Чакаецца, што ў сьнежні на саміце ў Гэльсынкі да першапачатковай чацьвёркі кандыдатаў – Чэхіі, Польшчы, Кіпру ды Эстоніі далучацца Летува, Латвія, Мальта, Румынія і Славакія. Гэта дэманстрацыя падтрымкі краінам Усходняе Эўропы пасьля косаўскага крызысу.

Адзін з удзельнікаў афіцыйнае дэлегацыі сябра Сэйму Альгірдас Патаскас патлумачыў пасьля прэсавае канфэрэнцыі, што кіраўніцтва парлямэнту Летувы займае больш адкрытую пазыцыю ў дачыненьні да Беларусі, пра што сьведчыць ўвага й дапамога – у тым ліку з аховаю, транспартам, і г.д., якую атрвымлівае старшыня ВС Беларусі Сямён Шарэцкі.

Як сказаў сам Валдас Адамкус на пачатку гутаркі:

(Адамкус: ) "Пэўна, мы знаходзімся у надзвычай далітікатнай палітычнай і геаграфічнай сытуацыі".

Геаграфія – справа далікатная, і суседзяў, сапраўды, не выбіраюць. Аднак, праўда і тое, што паняцьці правоў чалавека й дэмакратыі ў аб'яднанай Эўропе ня могуць трактавацца як выключна нутраныя справы. Пра гэта сьведчыць і беларуская тэма, якая няспынна гучыцьпад час візыту прэзыдэнта Летувы ў Чэхіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG