Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 21 верасьня 1999 г.


Уяўленьне пра Савецкі Саюз як пра імпэрыю зла было разбуранае на Захадзе, дзякуючы гарбачоўскім рэформам – галоснасьці й перабудове і, у няменшай меры, таксама дзякуючы Раісе Гарбачовай. Аддаючы даніну памяці гэтай жанчыне, сёньня заходнія выданьні вылучаюць шмат мейсца асэнсаваньню яе фэномэну.

Элегантная, добра адукаваная, з пачуцьцём стылю й моцнай воляй, у Савецкім Саюзе яна была наперадзе свайго часу, – адзначае сёньня "The Financial Times". Першая лэдзі, якая брукавала шлях астатнім жанчынам, адначасова выклікала іхную зайздрасьць.

Раіса Гарбачова, як падкрэсьлівае "The International Herald Tribune", увасобіла тыя перамены, якія павінныя былі ў краіне адбыцца: яна была першай жонкаю лідэра, якая мела ўласную думку, уласны стыль і ўласную крэдытную картку "American Express".

Газэта таксама вяртаецца да гісторыі кантактаў Раісы Гарбачовай з жонкамі заходніх лідэраў і прасочвае, як яна ўмела скарыстоўваць свой досьвед сабе на карысьць, як заўважна мянялася да лепшага. Так, пад час свайго першага візыту ў ЗША ў 87-м годзе, – згадвае камэнтатар "The International Herald Tribune", – яна стаміла Нэнсі Рэйган дыдактычнымі разважаньнямі й камэнтарамі на тэмы ад гісторыі архітэктуры да гісторыі сацыялізму. Аднак, ужо пад час наступнага візыту ў Вашынгтон ў 90-м годзе ёй удалося навязаць больш дружалюбныя стасункі з Барбараю Буш, ад якой яна атрымала рэцэпт пірага з чарнікаю.

Чэшская газэта "Lidove Noviny" згадвае, што у свой час Раісу Гарбачову страшна пакрыўдзіла яе параўнаньне з Крупскаю. Гарбачова, адзначае маскоўскі карэспандэнт газэты, сапраўды не была мужыкаватай рэвалюцыянеркаю, пасівелай змагаркаю за нечыя правы. Яна распачала эру сапраўдных першых дамаў. І хаця яе наступніца Наіна Ельцына ня йдзе па ейных сьлядох, усё роўна, дзякуючы ёй, расейцы зразумелі, што першыя дамы належаць грамадзтву, і што сямейнае жыцьцё высокіх палітыкаў ня мусіць быць абавязковым табу. Так што, калі Міхала Гарбачова дагэтуль называюць бацькам савецкае перабудовы, то Раіса Гарбачова мае права на тытул маці дэмакратычных рэформаў, адзначае газэта "Lidove Noviny".

Амэрыканская "The Boston Globe" падкрэсьлівае, што Раіса Гарбачова была сапраўднай хаўрусьніцаю мужа ва ўвесь час. Адказваючы на прэтэнзіі да яе звычкі суправаджаць мужа паўсюль і пры ўсіх нагодах, у 96-м, пасьля няўдачы Гарбачова на прэзыдэнцкіх выбарах, яна сказала журналістам: "Вы ўсе пісалі пра тое, як я была побач зь ім, калі ён быў пры ўладзе. Але чаму вы не пісалі, што я ніколі не пакідала яго й тады, калі пра яго ўсе забыліся".

Заходні друк, згадваючы драматычную гісторыю палітычнага ўзыходжаньня й заняпаду кар'еры Гарбачова, не прамінае ўвагаю і тую рэзкую зьмену грамадзкіх настрояў, якую зьведала на сабе гэтая пара. Навакольны сьвет заўсёды досыць жорсткі, – піша сёньня камэнтатар "Associated Press". – Але асбаліва гэта адчувальна ў Расеі, дзе людзі, перасьледаваныя пры жыцьці, вельмі часта становяцца нацыянальнымі героямі па сьмерці. Прыкладам з гэтага ж шэрагу называецца цар Мікалай ІІ, які абвяшчаўся хворым і тыранічным уладаром пры сваім жыцьці, і чыя асоба цяпер разглядаецца царквою як дастойная кананізацыі.

Так і стаўленьне да Раісы Гарбачовай пачало ймкліва мяняцца пасьля таго, як 25 ліпеня быў абвешчаны яе дыягназ: вострая лейкэмія. На жаль, такім жа імклівым было цячэньне гэтай хваробы.

Агляд друку падрыхтавала Алена Ціхановіч, Прага

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG