Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 верасьня 1999 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Імёны яшчэ чатырох брытанцаў, падазраваных у шпіянажы, былі абнародаваныя ў нядзелю. Такім чынам, колькасьць так званых "чырвоных шпіёнаў", адкрытых на працягу мінулага тыдня, узрасла да васьмі. Гэты скандал зьвязаны з выхадам у Брытаніі кнігі чарговага савецкага перабежчыка, былога супрацоўніка КГБ Васіля Мітрохіна.

На працягу мінулых дзён Брытанія перажывае своеасаблівую эпідэмію: адзін шпіёнскі скандал ідзе за другім. Аглядальнік лёнданскай "The Independent" так акрэсьлівае гэты занятак – "looking under their beds for old Reds" – словам, кожны шукае "чырвоных" пад сваім ложкам. Гэтая ж газэта зьмяшчае шэсьць фотаздымкаў і два графічныя сілуэты пад агульнай шапкаю – у выніку наступстваў "халоднае вайны" лаўцы шпіёнаў спаймалі восем брытанцаў. У гэтай шпіёнскай галерэі – мужчыны й жанчыны, як глыбокія пэнсіянэры пад дзевяноста, так і маладая маці 36 гадоў. Усе яны абвінавачваюцца ў шпіянажы на карысьць "усходняга блёку" – чацьвёра з новараскрытых агэнтаў былі завербаваныя савецкім КГБ, чацьвёра – усходненямецкай "Штазі".

Крыніцай новай інфармацыі стала кніга былога архівіста КГБ Васілія Мітрохіна , якую ён напісаў разам з прафэсарам Кэмбрыджскага ўнівэрсытэту Крыстафэрам Эндру. Паводле яе матэрыялаў "BBC" прапанавала праграму з чатырох фільмаў "Шпіёнская гульня", дзе дадзенае слова самім абвінавачаным. Практычна ўсе яны былі прыхільнікамі левых ці камуністычных поглядаў і сьцьвярджаюць, што супрацоўнічалі з замежнымі выведкамі выключна зь ідэялягічных перакананьняў, а не дзеля абагачэньня. Тыповы прыклад – пазыцыя 87-гадовай Меліты Норвуд (агэнцкая мянушка – Голі), якая ў свой час перадавала сакрэты брытанскае праграмы ядравых дасьледваньняў савецкай выведцы. Норвуд заявіла, што яна сымпатызавала Саветам і проста не хацела, каб Захад быў адзіным уладальнікам ядравай зброі.

Яшчэ адзін з абвінавачаных – 77-гадовы прафэсар эканомікі Вік Алэн падкрэсьліў, што ён не шкадуе, і не саромеецца. Ён у свой час быў актывістам антыатамнага руху і займаў непрыхаваную прасавецкую пазыцыю, чаму й лічыў перадачу інфрамацыі Саветам абсалютна абгрунтаванай дзейнасцю.

43-гадовы Робін Пэрсан – дырэктар асьпірантуры ўнівэрсытэту ў Гале прадстаўляе ў гэтым сьпісе "маладое пакаленьне". Нягледзячы на гэта, ён мае даволі даўгі стаж супрацоўніцтва з усходненямецкай "Штазі" – з 77-га аж да 89-га году яго задачаю было інфармаваць нямецкую выведку пра настроі сваіх калегаў і студэнтаў.

У сувязі з новым скандалам сёньняшняя "International Herald Tribune" задаецца пытаннем: чаму ніхто з гэтых васьмі асобаў ня быў за сваю дзейнасьць асуджаны, і ці азначае гэта, што дзейнасьць брытанскае выведкі падарваная?

Урадавыя чыноўнікі ў зьвязку з гэтым зрабілі шэраг заяваў, дзе апраўдваецца негалосны падыход да праблемы шпіёнаў. Міністр нутраных справаў Джэк Стро, у прыватнасьці, нагадаў, што закон строга забараняе ўладам і праваахоўным ворганам рабіць публічныя абвінавачваньні, пакуль у дачыненьні да падазраваных не прадпрынятыя судовыя дзеяньні.

Так, паведамляецца, што брытанскія ўлады каля чатырох дзесяцігодзьдзяў мела інфармацыю пра дзейнасьць шпіёнкі Норвуд-Голі, аднак не праводзілі ў яе выпадку сьледзтва, каб не перашкодзіць іншым расьсьледваньням.

Увогуле, як заключае назіральнік газэты, выглядае, што ўсе восем названых шпіёнаў не так і сур'ёзна папсавалі імідж брытанскае службы бясьпекі. Крыніцаю абвінавачваньняў у гэтым выпадку паслужылі архівы КГБ і Штазі, аўтары якіх маглі й перабольшваць значэньне завербаваных імі інфарматараў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG