Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 верасьня 1999 г.


Уладзимер Глод, Менск

Сёньня ў Менску адбылася адмысловая вечарына, прысьвечаная памяці Генадзя Карпенкі. 17 верасьня Генадзю Карпенку споўнілася б 50 гадоў.

Родныя і блізкія Генадзя Карпенкі пачалі рыхтавацца да гэтага дню загадзя. яшчэ напачатку верасьня прадстаўнікі арганізацыйнага камітэту дамовіліся з адміністрацыяй гатэлю "Беларусь" аб арэндзе двух памяшканьняў — у канфэрэнц-залі й кавярні. меркавалася, што напачатку сябры Генадзя Карпенкі распавядуць пра розныя падзеі з жыцьця нябожчыка, паслухаюць сьпевы, музыку, а затым ужо пяройдуць у кавярню.

Аднак, літаральна за два дні да вечарыны ўсё зьмянілася. Адміністрацыя гатэлю "раптам" узгадала, што ў яе ёсьць дамоўленасьць пра арэнду канфэрэнц-залі арганізатарамі нейкага эканамічнага форуму. Таму, маўляў, усё пройдзе ў кавярні з трох да паловы на шостую. І ня больш! Бо, маўляў, у шэсьць гадзінаў у кавярню пойдуць звычайныя наведвальнікі.

Людзьміла Карпенка, жонка Генадзя Дзьмітрыевіча, з болем успрыняла гэтае паведамленьне. "Няўжо Генадзь заслугоўваў у радзімы толькі дзьве з паловаю гадзіны ўвагі?", — пыталася яна. Нажаль, атрымліваецца, што — так.

Пра гэта, дарэчы, казаў і Ніл Сымонавіч Гілевіч, які распачаў вечарыну:

(Гілевіч: ) "На вялікі жаль сёньняшняя Беларусь яшчэ ня ёсьць тая краіна, дзе яе верны сын і заступнік можа на такую падтрымку разьлічваць. Часьцей можна бачыць нешта зусім адваротнае — сапраўды разумнае, прагрэсіўнае, творча-пэрспэктыўнае застаецца ў нас незапатрабаваным, а таму ня служыць на ўсю сілу Бацькаўшчыне, не працуе, як бы магло працаваць, на рэфармаваньне эканомікі Беларусі, на разьвіцьцё яе сацыяльнае сфэры, на разьвіцьцё навукі, культуры й мастацтва беларускага народу. Будзем спадзявацца, што гэты ня лепшы час адыйдзе ў нябыт. І ў нашым жыцьці возьмуць верх тыя ідэалы, якім служыў, і да якіх імкнуўся Генадзь Дзьмітрыевіч Карпенка".

Амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі спадар Спэкхард, які ўзяў слова пасьля Ніла Гілевіча, адзначыў: ён знаходзіцца на вечарыне таму, што вельмі паважаў Генадзя Карпенку, які спалучаў, на думку дыплямата, рысы беларуса і эўрапейца — цывілізаванага грамадзяніна сьвету. Карпенка марыў аб пабудове цывілізаванага грамадзтва, у якім на першым мейсцы знаходзіцца права і перш-наперш — правы чалавека. Амбасадар Спэкхард адзначыў, што калега Карпенкі — Віктар Ганчар — раптоўна зьнік. "Я хачу, каб усе, хто тут прысутнічаюць, ведалі — наколькі пра гэта непакоіцца ўвесь сьвет. А таксама я хачу, каб усе ведалі — Злучаныя Штаты Амэрыкі настойваюць на тым, каб кожны чалавек у Беларусі мог жыць спакойна, абаронена й бясьпечна",-- падкрэсьліў амбасадар ЗША.

Яшчэ адзін чалавек у рангу амбасадара — Ганс-Георг Вік, кіраўнік групы АБСЭ ў Менску — ня меў магчымасьці прысутнічаць на вечарыне. Напярэдадні ён адляцеў у Нямеччыну. Але ў чацьвер ураніцу спадар Вік даў інтэрвію нашаму радыё:

(Вік: ) "Дазвольце мне сказаць з нагоды 50-годзьдзя Генадзя Карпенкі, што нам яго моцна не хапае. Ня толькі як вельмі добрага чалавека, але і як вельмі мудрага палітыка Беларусі. Ён — чалавек, які выступаў за дэмакратыю. таму ён падтрымліваў пошук дэмакратычнага выйсьця з сытуацыі — праз дэмакратычныя выбары парлямэнту й прэзыдэнта. Нам яго сапраўды моцна не хапае. І нам трэба браць зь яго прыклад. І гэта — спраўды, лепшае, што мы можам зрабіць дзеля разьвіцьця дэмакратыі ў Беларусі".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG