Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 верасьня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

Увечары 16 верасьня ў Менску зьнік вядомы дзяяч апазыцыі, першы намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі 13-га скліканьня Віктар Ганчар.

Гэта ўжо другое таямнічае зьнікненьне сярод дзеячоў беларускае апазыцыі, ня лічачы падобнага зьнікненьня экс-старшыні Нацыянальнага банку краіны тамары Віньнікавай з-пад хатняга арышту. Нагадаем, што напачатку траўня сёлета пры загадкавых абставінах у Менску бясьсьледна зьнік былы міністар нутраных справаў Юры Захаранка.

Жонка Віктара Ганчара Зінаіда зьвязвае зьнікненьне свайго мужа з прамоваю Аляксандара Лукашэнкі 16 верасьня на нарадзе з кіраўнікамі сілавых структураў краіны, дзе кіраўнік дзяржавы ў вельмі рэзкай форме выказаўся аб дзейнасьці апазыцыі.

19 верасьня павінна адбыцца чарговае паседжаньне вярхоўнага Савету, на якім плянавалася, у прыватнасьці, зацьверджаньне дэлегацыі на перамовах з уладамі, а таксама даклад Ганчара аб палітычнай сытуацыі ў краіне. Паводле словаў Зінаіды Ганчар, паглядзеўшы а 18-й гадзіне па тэлевізіі выступ Аляксандра Лукашэнкі, яе муж заявіў: "Яны не дадуць нам правесьці сэсію.

Увесь сьвет занепакоены зьнікненьнем Віктара Ганчара,-- заявіў сёньня на вечарыне памяці Генадзя Карпенкі амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі Дэніэл Спэкхард. Спадар Спэкхард сёньня меў тэлефонную размову зь міністрам замежных справаў Беларусі Уралам Латыпавым, у якой выразіў занепакоенасьць зьнікненьнем палітыка. На сёньняшнюю раніцу была прызначаная сустрэча Ганчара з амэрыканскім амбасадарам, але намесьнік старшыні Вярхоўнага Савету не прыйшоў на яе.

Сёньня й кансультацыйна-назіральная група АБСЭ ў Беларусі папрасіла ў МЗС тлумачэньняў наконт зьнікненьня Ганчара.

Як паведаміла Радыё Свабода жонка Віктара Зінаіда, учора яе муж са сваімі сябрамі пайшоў у лазьню. Ён абяцаў быць дома ў 12 гадзінаў вечара, але не зьявіўся а ні ўвечары, а ні ўначы, а ні ўраніцу. Сёньня ўраніцу на просьбу Зінаіды сябры Ганчара размаўлялі з супрацоўнікамі лазьні й даведаліся, што Ганчар і ягоны сябра — кіраўнік фірмы КРАСІКО Анатоль Красоўскі — сыходзілі з лазьні апошнімі прыблізна аб 11-й гадзіне ўвечары. І абодва зьніклі. Варта адзначыць, што ў спадароў Ганчара й Красоўскага былі мабільныя тэлефоны, але яны не тэлефанілі па ім; на званкі тэлефоны таксама не адказваюць.

Ураніцу 17 верасьня Зінаіда Ганчар аднесла ў раённы аддзел міліцыі заяву аб зьнікненьні мужа. Міліцыя прыняла заяву — сёньня ўдзень ужо праводзіліся сьледчыя дзеяньні ў кватэры Ганчара.

Нагадаем, што ў гэтую нядзелю Віктар Ганчар як выкончаючы абавязкі кіраўніка парлямэнту, мусіў быў рабіць даклад на сэсіі Вярхоўнага Савету аб шляхох кансалідацыі апазыцыі.

Афіцыйную трактоўку зьнікненьня палітыка выказаў намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Іван Пашкевіч. Ён лічыць, што Ганчар сам зарганізаваў сваё зьнікненьне, каб сарваць перамоўны працэс паміж уладай і апазыцыяй, і каб прыцягнуць увагу да сэсіі Вярхоўнага Савету, які Пашкевіч назваў "лялечным". Але нагадаем, што заходнія краіны лічаць Вярхоўны Савет адзіным правамоцным заканадаўчым ворганам Беларусі. Намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі выказаў меркаваньне, што Ганчар, як і Юры Захаранка, зараз ці знаходзіцца на Захадзе, ці хаваецца на лецішчы ў кагосьці са сваіх знаёмых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG