Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 верасьня 1999 г.


Алена Ціхановіч, Прага

Прыхільнасьць тысячаў расейцаў вяртаецца да сям'і Гарбачовых, адзначае ў гэтыя дні камэнтатар "Associated Press". Нечаканая хваля падтрымкі прыйшла ў сувязі зь цяжкой хваробаю Раісы Гарбачовай, якая зараз лекуецца ад лейкеміі ў Нямеччыне.

Наколькі Гарбачовых палюбілі на Захадзе, настолькі ж незалюбілі дома. Ад часоў перабудовы расейцы зьвязалі пераходныя праблемы краіны менавіта зь дзейнасьцю Міхала Гарбачова, ставячы яму ў віну ня толькі гэта, але яшчэ й нясьціплую жонку.

Яе крытыкавалі за пазёрства, за модныя дызайнэрскія касьцюмы, за тыя любоў і падтрымку, якія яна публічна выяўляла свайму мужу. Заставалася практычна незаўважаным, што, напрыклад, значную частку сваіх прыбыткаў Раіса Гарбачова аддавала на гуманітарныя мэты, у тым ліку й шпіталям, дзе лячылі дзяцей, хворых на рак.

Савецкія жанчыны ненавідзелі Гарбачову толькі таму, што яна іншая, – адзначыла нядаўна газэта "Известия". – Яна не такая, як іншыя – далікатная, вытанчаная, з густам да прыгожага адзьдзеньня. Таму яна сталася сымбалем змаганьня краіны са сваёй шэрасьцю і аднастайнасьцю.

Савецкія людзі не прызвычаіліся бачыць жонак камуністычных лідэраў, і публічныя зьяўленьні Гарбачовай іх глыбока шакавалі. "Хіба яна думае, што яна сябра палітбюро", – прыблізна так камэнтавалі яе паводзіны. Між тым, гэтая пара ўсяго толькі выяўляла вартасьці сям'і – што было так зразумела на Захадзе. Менавіта такое аблічча тагачаснага савецкага лідэра ў многім дапамагло заходняму свету разбурыць ўяўленьне пра "д'ябальскую імпэрыю".

Цяпер весткі пра цяжкі стан Раісы Гарбачовай зьмянілі настроі і ў Расеі. "Гэта цалкам адпавядае расейскаму характару, – кажа прэсавы сакратар сям'і Гарбачовых Уладзімер Палякоў. – Спачатку пакрыўдзіць некага, каб потым, няшчаснага, узносіць да нябёсаў".

Нагадаю, што з 25 ліпеня Раіса Гарбачова знаходзіцца ў клініцы нямецкага гораду Мюнстэр, дзе праходзіць курс лячэньня ад лейкеміі. Міхал Гарбачоў застаецца побач зь ёю практычна ўвесь час.

На адрас Фонду Гарбачова ў Маскве ўжо прыйшлі тысячы лістоў і тэлеграмаў падтрымкі, пасылкі зь сібірскімі зёлкамі, грашовыя прапановы. Удава аднаго расейскага гэнэрала прапанавала для лячэньня 25 тысячаў долараў, якія ў яе засталіся ад продажу кватэры. Людзі прапануюць таксама сваю кроў і касьцявы мозг для перасадкі.

Тыя ж, хто калісьці не мог цярпець Раісу Гарбачову, цяпер моляцца за яе выздараўленьне. Тыя ж, хто некалі асьмейваў праявы іх узаемнага каханьня, зараз ім захапляюцца. "Мы ведаем, што вы закаханая і мужная пара. Калі Ўсявышні з вамі , нічога не можа быць супраць вас", – гаворыцца ў адным зь лістоў. Газэта "Известия" не выключае, што некалі будзе напісаная сага пра Раісу і Міхала Гарбачовых – сага іх каханьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG