Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 верасьня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Як спробу перашкодзіць правядзеньню масавых апазыцыйных акцыяў увосень расцэньвае апазыцыя зьяўленьне сёньняшняга дэкрэту Аляксандар Лукашэнкі. Ён мае назву: "Аб мерах у прадухіленьні надзвычайных здарэньняў пры правядзеньні масавых мерапрыемстваў". Матывам зьяўленьня дэкрэтыу стала відавочна трагедыя на станцыі мэтро "Няміга", калі загінулі 53 чалавекі.

Дэкрэт, як лічыць Аляксандар Лукашэнка, выдадзены з мэтаю прадухіленьня гібелі людзей ды іншых трагічных наступстваў пры правядзеньні масавых мерапрыемстваў. Дэкрэтам забараняецца продаж сьпірытусовых напояў у радыюсе 500 мэтраў ад мейсца правядзеньня акцыі. Самі ж масавыя акцыі павінныя праводзіцца не бліжэй чым за 200 мэтраў ад станцыяў мэтро.

Самым, як кажуць экспэрты, небясьпечным пунктам дэкрэту зьяўляецца загад выканаўчым камітэтам вызначыць у кожным горадзе сталае мейсца для правядзеньня масавых акцыяў. Даўняя пагроза Аляксандра Лукашэнкі вызначыць для апазыцыі своеасаблівы "Гайд-парк" спраўдзілася. Зроблена гэта пад выглядам прадухіленьня трагедыяў, аналягічных той, што 30 траўня адбылася на станцыі мэтро "Няміга".

Разам з тым дагэтуль няма вынікаў працы афіцыйнае камісыі, што дасьледуе абставіны трагедыі. На гэтым тыдні пракуратура працягнула тэрмін сьледзтва яшчэ да 30 верасьня. Паралельна з афіцыйнай працуе грамадзкая камісія. Кіраўнік працоўнае групы грамадзкае камісіі Алесь Бяляцкі лічыць, што Лукашэнка нарэшце абверг свае словы пра тое, што 30 траўня не было п'яных, а ва ўсім вінаватая трагічная выпадковасьць:

(Бяляцкі: ) "Як бы афіцыйна ўлада не адпрэчвалася, а вось тое, што яны зараз запісалі ў гэтыя пункты, ускосна падцьвярджае тыя зьвесткі сьведкаў падзеяў, што сьпірытусовыя напоі там былі.

Праца камісіі яшчэ йдзе. Яшчэ ўсе кропкі над І мы раставіць не гатовыя. Я думаю, што больш менш арганізаваную карціну мы зможам да канцу гэтага году".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Бяляцкі, у чым сабраныя вашай камісіяй зьвесткі адрозьніваюцца ад афіцыйных?"

(Бяляцкі: ) "Калі казаць у агульных рысах — а зараз толькі так і можна казаць — мы абсалютна ня згодныя з тым, што ў гэтай сытуацыі няма вінаватых. Вінаватыя ёсьць. Мы іх назавем у сваім дасьледваньні".

Паводле словаў старшыні праваабарончага Цэнтру "Вясна-96" Алеся Бяляцкага, Лукашэнку ня столькі рупіць "53 шнары на сэрцы", пра якія афіцыйна было абвешчана пасьля трагедыі на Нямізе, колькі сёлетняя восень і плянаваныя акцыі апазыцыі. Менавіта таму гарадзкім выканаўчым камітэтам дадзены загад выдаткаваць апазыцыі асобныя мейсцы для масавых акцыяў. Нічога добрага з гэтага не атрымаецца, як лічыць Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) "Я хацеў бы адзначыць, што любое ўгоршваньне правядзеньня такіх акцыяў, як правіла, прыводзіць да нейкіх канфліктаў, да нейкіх эксцэсаў, да напружаньня сытуацыі ў грамадзтве. Безсэнсоўна дасылаць дэмантсрацыю ў Менску куды-небудзь на пляц Бангалёр, бо ўсё роўна яны туды хадзіць ня будуць — гэта відавочна. І калі будзе жаданьне сьпіхнуць масавыя грамадзкія акцыі на ўскраіны гораду ці ня бязьлюдныя нейкія мяйсьціны, у прыватнасьці ў Менску, у вабласных вялікіх гарадох гэта будзе безумоўна прыводзіць да парушэньня гэтага закону, да таго, што людзі ня будуць падпарадкоўвацца гэтым рашэньням выканаўчых камітэтаў. І безумоўна, будуць парушацца правы гэтых людзей".

(Вядучая: ) "Я хачу зьвярнуць увагу, што адно з палажэньняў гэтага дэкрэту аніяк не забавязвае да большае адказнасьці арганізатараў афіцыйных мерапрыемстваў... Там так і напісана, што палажэньні гэтага дэкрэту не датычаць да правядзеньня афіцыйных сьвятаў. Гэта значыць, што калі будзе праводзіцца Дзень незалежнасьці 3 ліпеня, то ён можа праводзіцца зноў у тым жа самым мейсцы?"

(Карэспандэнт: ) "У кожным канкрэтным выпадку гэтае пытаньне будзе вызначаць мяйсцовы гарадзкі выканаўчы камітэт, і я думаю, што безумоўна пляны правядзеньня афіцыйных сьвятаў у Беларусі аніяк ня зьменяцца. Тое, што дэкрэт зьявіўся менавіта зараз — было відавочна слянаванае з тым, каб прадухіліць масавыя акцыі апазыцыі, якая як вядома абвесьціла восеньскі "палітычны марафон".

Я хачу зьвярнуць увагу на тое, што гэты дэкрэт зьявіўся якраз у той момант, калі ўлада зьбіраецца сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй. Учора пад час кансультацыяў апазыцыянэраў кіраўнік кансультатыўна-назіральнай групы АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік публічна заявіў, што ўлада па ранейшаму выкарыстоўвае супраць апазыцыі карніцкія мэтады. І зьяўленьне сёньняшняга дэкрэту яшчэ раз падцьвярджае гэты факт, і сьведчыць пра тое, што ўлада, з аднаго боку рыхтучыся да перамоваў — так бы мовіць, да негвалтоўных дзеяньняў — тым ня менш ня выключае, што ёй прыйдзецца ўжываць супраць апазыцыі і ўдары ніжэй за пояс. Сёньняшні дэкрэт якраз і падпадае пад гэтую клясыфікацыю, бо фактычна адбірае ў апазыцыі асноўны элемэнт ціску на ўладу — масавыя акцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG