Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 09 верасьня 1999 г.


Ягор Маёрчык, Менск

Заўтра ў Ялце распачынае сваю дзейнасьць міжнародная канфэрэнцыя Балтыйска-Чарнаморскага Супрацоўніцтва ў інтэграваную Эўропу ХХІ стагодзьдзя без разьмежавальных лініях — але там не будзе прысутнічаць ані водзін прадстаўнік Беларусі. Арганізатары матывавалі сваё такое рашэньне тым, што ў Беларусі адсутнічаюць добрыя стасункі з Эўрапейскім Зьвязам і АБСЭ. Беларускае міністэрства замежных справаў назвала гэты крок "несяброўскім".

У беларуска-ўкраінскіх адносінах наступае пэрыяд пахаладаньня. Ня так даўно Аляксандар Лукашэнка адмяніў сустрэчу з украінскім прэзыдэнтам Леанідам Кучмам. Крок у адказ не прымусіў сябе доўга чакаць — арганізатары Ялцінскай сустрэчы анулявалі запрашэньне на ймя Аляксандра Лукашэнкі.

Украінскі бок тлумачыць такое рашэньне тым, што кіраўніцтва Беларусі ня мае прыязных стасункаў з Эўрапейскім Зьвязам і Арганізацыяй па бясьпецы й супрацоўніцтву ў Эўропе (АБСЭ).

На сёньняшнім брыфінгу ў міністэрстве замежных справаў Беларусі журналістам паведамілі, што прадстаўнікі ЭўраЗьвязу й АБСЭ не карэктавалі сьпіс удзельнікаў маючай адбыцца міжнароднае канфэрэнцыі, і таму ануляваньне запрашэньня — гэта ініцыятыва прымаючага боку, а гэта значыць, Украіны.

Адказваючы на пытаньне, прадстаўнік МЗС Марыя Ваншына пракамэнтавала гэта наступным чынам:

(Ваншына: ) "У гэтым кантэксьце рашэньне Ўкраіны дысануе з памкненьнямі зьнішчыць межы. З нашага пункту погляду, рашэньне Ўкраіны зьяўляецца непасьлядоўным крокам у кантэксьце добрасуседзкіх адносінаў. Сяброўскія сувязі зьяўляюцца вельмі важнымі ў двухбаковых стасунках і агульнаэўрапейскіх адносінах увогуле. Таму мы расьцэньваем гэты крок як несяброўскі".

10 і 11 верасьня ў Ялце зьбіраюцца кіраўнікі двацццаці дзяржаваў балта-чарнаморскага басэйну. Акрамя іх у міжнароднай канфэрэнцыі будуць удзельнічаць кіраўніцтвы Паўночна-атлянтычнага альянсу, АБСЭ і Арганізацыі чарнаморскага эканамічнага супрацоўніцтва.

Запрашэньне на такі прадстаўнічы форум атрымаў і Аляксандар Лукашэнка. Паездка ў Ялту мусіла стаць першым замежным візытам спадара Лукашэнкі пасьля сканчэньня тэрміну ягоных прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў. Аднак, гэтага не адбылося. І вось зараз прадстаўнікі вонкапалітычнага ведамства кажуць, што ануляваньне запрашэньня адаб'ецца на двухбаковых стасунках.

Аднак узаемадачыненьні паміж Беларусьсю і Ўкраінаю, што склаліся апошнім часам, нельга назваць выдатнымі. Дагэтуль беларускі бок не ратыфікаваў дамову аб дзяржаўнай мяжы. Гэта нярвуе ўкраінскіх афіцыйных асобаў. Кіеў адмаўляе тое, што Ўкраіна вінна Беларусі 217 мільёнаў даляраў. І апошняе ня выклікае станоўчых эмоцыяў у беларускіх чыноўнікаў.

Тым часам, пакуль беларускую афіцыйную дэлегацыю не пускаюць у Ялту, управа Эўропы міністэрства замежных справаў Беларусі працягвае спробы наладзіць дыялёг з Захадам. Бліжэйшым часам плянуецца правесьці афіцыйныя кансультацыі з вонкапалітычнымі ведамствамі эўрапейскіх краінаў, і паседжаньне камісіяў у гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву.

Пакуль жа прадстаўнікі МЗС адкрыта кажуць, што посьпехам у дзейнасьці на эўрапейскім напрамку можна лічыць візыты Міхала Мясьніковіча ў Нямеччыну і Сяргея Лінга — у Вільню.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG