Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 08 верасьня 1999 г.


Юры Дракахруст, Менск

З аднадзённым візытам у Менск прыбыў прэм'ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін. "Нягледзячы на праблемы, існуючыя ў Расеі ў перадвыбарнай сытуацыі, глыбіня беларуска-расейскіх дачыненьняў такая, што хто б ня быў начале Расеі, Беларусь заўсёды будзе разглядацца як стратэгічны партнэр" — пра гэта заявіў Пуцін сёньня на сустрэчы з кіраўніком беларускае дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам. Расейскі прэм'ер таксама падзякаваў Лукашэнку за тую пазыцыю, якую ён займае ў справе ўмацаваньня хаўрусу дзьвюх краінаў, і перадаў найлепшыя пажаданьні ад прэзыдэнта Расеі Барыса Ельцына. Тут дарэчы будзе нагадаць, што легітымнасьць прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі пасьля 21 ліпеня прызнаецца ў сьвеце толькі Расеяй і некаторымі таталітарнымі дзяржавамі.

Рабіць першы замежны візыт "у Беларусь" стала ўжо традыцыяй сьвежапрызначаных прэм'ераў Расеі. Ня стаў выключэньнем і Ўладзімер Пуцін.

Напярэдадні візыту беларуская тэлевізыя выказала меркаваньне, што новы кіраўнік ураду Расеі прыедзе ў Менск, каб прадставіцца старшыні вышэйшага "савету" хаўрусу Аляксандру Лукашэнку.

Сёньня, сустрэўшыся зь беларускім лідэрам, спадар Пуцін заявіў, што як бы часта не мяняліся ўрады ў Расеі, яна заўсёды разглядала й будзе разглядаць Беларусь як стратэгічнага партнэра і прырытэт у замежнай палітыцы будзе адданы менавіта Беларусі.

Лукашэнка ў адказ выказаўся наконт падзеяў на Каўказе й будучых парлямэнцкіх выбараў у Расеі. Ён сказаў, што "Каўказ — гэта беларускі боль", і заўважыў, што ў выбарчай кампаніі раздраю палітычных сілаў неабходна супрацьпаставіць нешта станоўчае.

Расейскі прэм'ер быў стрыманы ў выказваньнях. Некалькі дзён таму ён заявіў, што хаўрус Беларусі й Расеі ёсьць гістарычны шанец, і будзе памылкаю яго згубіць. Але дадаў, што выкарыстаньне гэтага шанцу не павінна нанесьці шкоду эканамічным інтарэсам як Расеі, гэтак і Беларусі.

Менавіта ўзгадненьню шматлікіх эканамічных інтарэсаў і супярэчнасьцяў і быў пераважна прысьвечаны візыт Пуціна ў Беларусь. Да спрэчных пытаньняў адносяцца праблемы мытнага хаўрусу, увядзеньне адзінай валюты, стварэньне адзіных умоваў гаспадараньня для прадпрыемстваў у межах "саюзу".

На паседжаньні выканаўчага камітэту, якое таксама адбылося сёньня, быў разгледжаны праект бюджэту "саюзу" на 2000 год.

Размова Лукашэнкі з Пуціным доўжылася 2,5 гадзіны, але пасьля завяршэньня бакі не камэнтавалі ейны зьмест. Таму невядома, ці закраналіся пад час яе палітычныя пытаньні, у прыватнасьці — пытаньні падпісаньня новае "саюзнае" дамовы. Але варта адзначыць, што ў апошні час афіцыйныя беларускія прадстаўнікі не хаваюць скэпсысу наконт пэрспэктываў інтэграцыі.

Сябра "палаты прадстаўнікоў" Аляксандар Козак на мінулым тыдні заявіў у інтэрвію штотыднёвіку "7 дней", што інтэграцыйныя пляны хутчэй за ўсё будуць рэалізоўвацца толькі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі. На пытаньне, ці не палягае прычына гэтага ў якасьцях новага прэм'ера Пуціна, спадар Козар трапна адказаў: "ня ў тым справа, што прэм'ер новы, а ў тым, што прэзыдэнт ранейшы".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG