Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 верасьня 1999 г.


Кастусь Бандарук, Прага

400 ісьлямскіх баявікоў, якія два тыдні таму ўвайшлі на тэрыторыю Кыргыстану, згуртаваліся ў вёсцы Коджа Ашкан. Іншыя групы ісьлямістаў расьцярушаныя па навакольных гарах... Міністэрства абароны Кыргыстану паведаміла, што пасьля ўчорашніх баёў урадавыя сілы выціснулі вялікую колькасьць баявікоў з раёну Паўднёвы Бокбаш і зараз кантралююць памежны з Таджыкістанам раён.

22 жніўня баявікі захапілі некалькі закладнікаў. Сярод затрыманых праўдападобна знаходзяцца 4 японскія геолягі й камандзір нутраных войскаў Кыргыстану.

Ісьлямскія баявікі, якія ўсе зьяўляюцца грамадзянамі Ўзбэкістану, зьяўляюцца прыхільнікамі Юмы Намангані, вядомага ісьлямскага радыкала, за якім улады Ўзбэкістану вядуць вышук па крымінальных абвінавачваньнях. Яны дамагаюцца ад уладаў, каб тыя не перашкаджалі ім у вяртаньні назад ва Ўзбэкістан і вызвалілі з турмаў тысячы зьняволеных. У суботу гэтак званы "Ісьлямскі Рух Узбэкістану" скіраваў прэзыдэнту, ураду і парлямэнту адмысловую заяву ў якой гаворыца:

"Эмір Ісьлямскага Руху Ўзбэкістану й ачольнік сілаў муджахедаў Мухамад Тахір "Фарух" абвясьцілі джыхад ташкенцкаму рэжыму.

Мэтаю джыхаду зьяўляецца аднаўленьне ўлады Аллаха на зямлі Аллаха, стварэньне ісьлямскай дзяржавы ва Ўзбэкістане, вызваленьне з карымаўскіх турмаў каля 50 тысячаў мусульманаў, вяртаньне ісьлямскім абшчынам тысячаў зачыненых мячэтаў і мэдрэсаў.

На ўсе нашыя шматлікія звароты й мірныя прапановы Карымаў нязьменна адказваў толькі ўзмацненьнем рэпрэсыяў, арыштаў і растрэлаў мусульманаў. Мы заяўляем, што нашая зброя скіраваная толькі супраць дыктатара Карымава і ягонага атачэньня.

Нашыя дамаганьні да ўладаў Бішкеку наступныя:

- пакінуць муджахедаў ў спакоі, каб змагары за веру маглі без перашкодаў праходзіць ва Ўзбэкістан, да сябе на Айчыну;
- не дапамагаць ташкенцкаму рэжыму ў ягоных злачынствах супраць мусульманаў, не выдаваць узбэцкіх уцекачоў у рукі карымаўскіх катаў.

Цяпер Ісьлямскі Рух Узбэкістану папярэджвае, што калі Бішкек будзе працягваць канфрантацыю з муджахедамі, то джыхад можа быць цалкам скіраваны да акаеўскага рэжыму".

Заяву падпісаў старшыня Палітычнага Дывану (Рады) Ісьлямскага Руху Ўзбэкістану Зубайн Ібн Абдурахім.

Сёньня прадстаўнік кыргыскага ўраду заявіў, што незважаючы на захоп закладнікаў, сытуацыя ў краіне ўнармоўваецца. Тым ня менш, Злучаныя Штаты ды іншыя краіны рэкамэндавалі сваім грамадзянам абмінаць паўднёва-заходнія раёны Кыргыстану.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG