Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 верасьня 1999 г.


Алена Радкевіч, Прага

На паседжаньні камітэту замежных справаў Эўрапейскага парлямэнту ў Брусэлі дакладчыкам у справах Беларусі на бліжэйшыя 5 гадоў адзінагалосна абраная прадстаўніца Партыі Зялёных Нямеччыны Элізабэт Шродтэр.

Як паведаміла журналістам пасьля абраньня спадарыня Шродтэр, яна вельмі шчасьлівая зноў працаваць зь беларусамі. Нагадаем, што напярэдадні выбараў у Эўрапейскі парлямэнт (выбары гэтыя прайшлі 13 чэрвеня сёлета) Элізабэт Шродтэр таксама займала пасаду дакладчыка ў справах Беларусі. Яна неаднаразова наведвала Беларусь, добра знаёмая з палітычнымі й эканамічнымі праблемамі краіны.

Сёньня мы зьвязаліся са спадарыняй Шродтэр па тэлефоне, павіншавалі яе з абраньнем і папрасілі больш падрабязна патлумачыць для нашых слухачоў – у чым сутнасьць гэтае новае пасады?

(Шродтэр: ) Яна такая ж, як і была, таму што падпісанае пагадненьне аб партнэстве зь Беларусьсю ў 95м годзе, але яно не ўступіла ў сілу таму што не было разьвіцьця дэмакратыі. Эўрапэйскі парлямэнт вырашыў не ратыфікаваць гэтае пагадненьне адносна партнэрства.

Сутнасьць пасады дакладчыка па Беларусі, ці – лепш сказаць, ягоная задача – прадставіць Парлямэнту прапановы ратыфікаваць гэтае пагадненьне і акрэсліць прычыны, чаму гэтая ратыфікацыя такая важная. Цяпер я не магла напісаць такую справаздачу, якая была чатыры гады таму, бо ў нас няма ніякіх прыкметаў дэмакратычнага разьвіцця ў Рэспубліцы Беларусь.

Я спадзяюся, што пры пасярэдніцтве АБСЭ перамовы за круглым сталом паміж апазыцыяй і Лукашэнкам адновяць нашыя надзеі на правядзеньне ў наступным годзе парляменцкіх выбараў – зразумела, у свабодных умовах, са свабодным доступам апазыцыі да сродкаў масавае інфармацыі і са свабоднай магчымасьцю тайна галасаваць згодна з міжнародна прызнанымі правіламі, што дапаможа Беларусі вярнуцца ў эўрапейскую супольнасьць".

Як вядома, асабістая пазыцыя спадарыні Шродтэр шмат у чым паўплывала на прыняцьце Эўрапейскім парлямэнтам жорсткіх рэзалюцыяў у дачыненьні да Беларусі ў ліпені 98-га і ў сакавіку 99-га году.

На пытаньне, ці бачыць яна якія-небудзь зрухі ў кірунку да лібэралізацыі рэжыму ў Беларусі, спадарыня Шродтэр адказала:

(Шродтэр: ) "Я ня бачу аніякіх зьменаў. Для мяне слова "рэжым" азначае адсутнасьць дэмакратыі.

І гэта не дазваляе Беларусі ізноў далучыцца да эўрапейскай супольнасьці. Але я маю надзею, што ў будучыні гэта будзе магчыма , што Лукашэнка зможа зьмяніць сваю пазыцыю і зразумець, што гэта на карысьць беларускаму народу. Бо цяперашяя ягоная палітыка якраз не на карысьць народу, які ўвесь час бяднее і робіцца чым раз больш ізаляваным ад рэшты Эўропы. А Беларусь важная краіна і для нас таксама. І мы ня хочам, каб яна заставалася ізаляванай. Усё ж, мы звонку ня можам зьмяніць сытуацыю – патрэбна, каб зьмены ішлі знутры Беларусі".

А ў самой Беларусі не адбываецца анічога, што магло б стаць для спадарыні Шродтэр сюрпрызам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG