Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 жніўня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня суд Ленінскага раёну Менску, дзе праходзіць працэс у справе дэпутата вярхоўнага Савету Андрэя Клімава, пачаў слухаць паказаньні галоўнага абвінавачванага. Клімаў сваю віну ў раскраданьні дзяржаўных сродкаў не прызнае і гаворыць аб заказным палітычным характары гэтае крымінальнае справы.

Нагадаю, што абвінавачваньне супраць Андрэя Клімава і ягоных калегаў у малым прадпрыемстве ў асноўным грунтуецца вакол некалькіх фактаў быццам бы завышаных коштаў будаўнічых работаў пад час узьвядзеньня прэстыжнага жылога дому па вуліцы Лодачная ў Менску. Сьледзтва сьцьвярджае, што так званая "злачынная група" Клімава не выкарстоўвала цалкам адпушчаныя дзяржаваю на будаўніцтва дому сродкі і прысвойвала гэтыя грошы.

Сёньня Клімаў абвяргаў гэтыя абсурдныя, паводле ягоных словаў, абвінавачваньні. Ён казаў, што яшчэ напачатку падрыхтоўкі праектава-каштарыснае дакумэнтацыі дома былі дапушчаныя памылкі ў вызначэньні коштаў аб'ёмаў будаўнічых работаў.

Асноўнай памылкаю праектантаў Андрэй Клімаў назваў няслушныя падлікі аб'ёмаў цаглянае кладкі, што й дало падставу сьледзтву абвінавачваць яго ў махлярстве. На думку галоўнага падсуднага, усе гэтыя памылкі й недапрацоўкі зьяўляюцца прадметам звычайнае гаспадарча-праўнае спрэчкі паміж замоўшчыкам і падрадчыкам, і ня могуць быць падставаю дзеля ўзбуджэньня крымінальнае справы.

Галоўная прычына арышту й суду над Клімавым, паводле ягоных словаў, палягае ў апазыцыйных поглядах і дзеяньнях дэпутата. Клімаў узгадаў, як спачатку Аляксандар Лукашэнка называў яго сумленным бізнэсмэнам, аднак пасьля таго, як напярэдадні рэфэрэндуму 96-га году Клімаў паставіў свой подпіс пад заяваю аб імпічмэнце прэзыдэнта, адносіны да яго з боку кіраўніка дзяржавы рэзка памяняліся. Не падабалася Лукашэнку й дзейнасьць Клімава ў складзе Вярхоўнага Савету ў расьсьледваньні антыканстытуцыйных дзеяньняў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

А заарыштавалі Андрэя Клімава 11 лютага 1998 году — літаральна на наступны дзень пасьля таго, як дэпутат разаслаў кіраўнікам розных дзяржаўных ведамстваў справаздачу парлямэнцкае камісіі ў выніках расьсьледваньня злачыннае дзейнасьці вышэйшае службовае асобы беларускае дзяржавы.

Таму, паводле словаў Клімава, палітычны характар ягонае справы відавочны. Клімаў казаў, што апошнім часам перад арыштам яму ня раз прапаноўвалі зьехаць за мяжу, але ён ня мог здрадзіць тым трыццаці тром тысячам менскіх выбаршчыкаў, што абралі яго дэпутатам Вярхоўнага Савету. "Я пакляўся гэтым людзям, што застануся тут і буду да канца адстойваць іхныя інтарэсы й канстытуцыйныя правы. І я сваёй клятвы не парушыў", — сказаў падсудны дэпутат.

Паводле словаў Андрэя Клімава, ён ніколі не думаў аб тым, каб вывесьці свае капіталы за мяжу, і заўсёды хацеў, каб заробленыя ім грошы працавалі на карысьць беларускае эканомікі.

Клімаў таксама заклікаў судзьдзю й пракурора азірнуцца й паглядзець, што робіць з краінаю Аляксандар Лукашэнка. "Няўжо вы хочаце, каб Беларусь паглынула Расея? А вашыя дзеці — пайшлі ваяваць у гарачыя кропкі на чужую вайну? Прэзыдэнт пасварыў Беларусь з усім цывілізаваным сьветам, зьнішчае беларускую мову й культуру. Хіба гэта — нармальна?" — пытаў Андрэй у суду.

Пасьля дэпутат прызнаўся, што ўсё ж такі адзін грэх у яго на душы ёсьць — Клімаў шкадуе, што ў лістападзе 96-га году не давёў разам зь іншымі парлямэнтарыямі да канца законную працэдуру адхіленьня ад улады перашага беларускага прэзыдэнта. "Калі б тады атрымаўся імпічмэнт — сёньня б не было гэтага судовага працэсу і мы б жылі ў зусім іншай краіне", — сказаў Андрэй Клімаў.

Заўтра суд пачне задаваць Андрэю канкрэтныя пытаньні паводле паданага абвінавачваньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG