Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 31 жніўня 1999 г.


Юрась Карманаў, Астрашыцкі Гарадок

Чарговую спробу аб'яднацца зрабілі сёньня прадстаўнікі новага пакаленьня апазыцыйных сілаў. Так прынамсі называюць сябе людзі, якія сабраліся сёньня пад Менскам на адным з прыватных лецішчаў у Астрашыцкім Гарадку. Там было заяўлена, што першай шырокамаштабнай акцыяй новага аб'яднаньня стане "Марш Свабоды" 17 кастрычніка, на які апазыцыя абяцае вывесьці ня менш як 100 тысячаў чалавек.

Апазыцыя мае плян. Пра гэта ў апошні дзень лета заявілі маладыя прадстаўнікі буйнейшых апазыцыйных партыяў, якія агучылі плян шырокамаштабнае восеньскае кампаніі. Першай скаардынаванай акцыяй павінен стаць "Марш Свабоды", у якім возьмуць удзел 100 тысячаў чалавек.

Пра гэта ў адзін голас заявілі лідэр Народнае Грамады Мікола Статкевіч, намесьнік старшыні АГП Анатоль Лябедзька й сябра гэтае партыі, дэпутат Павал Данэйка, намесьнік старшыні БНФ Вінцук Вячорка, сябра гэтае партыі, кіраўнік Праваабарончага цэнтру "Вясна-96" Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзыдэнт Канфэдэрацыі Дэмакратычных Прафэсыйных Зьвязаў Віктар Івашкевіч, а таксама сябра аргкамітэту "Хартыі-97" Зьміцер Бандарэнка.

Палітыкаў, так бы мовіць, "папярэдняга пакаленьня" на сустрэчы не было, а сама сёньняшняя акцыя павінная была зафіксаваць момант, калі палітыкі новага беларускага пакаленьня гучна заявілі пра свае амбіцыі. Разам з тым, журналісты заўважылі, што на сустрэчу ня быў запрошаны першы віцэ-спікер Уладзімер Ганчар.

Аб'яднаньне палітыкаў, як яны сябе называюць, "новага пакаленьня" ня мае аніякае назвы. Аніякіх дакумэнтаў, паводле вынікаў сёньняшніх дамоўленасьцяў, падпісана не было. Бакі дамовіліся каардынаваць свае дзеяньні пад час восеньскае палітычнае кампаніі.

Як заявілі прысутныя апазыцыянэры, дыктатарскі рэжым прызнае толькі сілу, а ня мову перамоваў. І таму стотысячная дэманстрацыя 17 кастрычніка павінна засьведчыць моц апазыцыі ды стаць чыньнікам узьдзеяньня на Лукашэнку ў перамоўным працэсе.

Вінцук Вячорка патлумачыў журналістам адметнасьць сёньняшняга апазыцыйнага ўтварэньня: "Гэта аб'яднаньне ў дзеяньні, гэта каардынацыя нашых дзеяньняў дзеля таго, каб у Беларусі хутчэй наступіла дэмакратыя, і каб нашая незалежнасьць была гарантаваная ад любых замахаў на яе".

Кіраўнік Праваабарончага цэнтру "Вясна-96" Алесь Бяляцкі ўзяў на сябе функцыі прыцягненьня ў Беларусь прадстаўнікоў міжнародных праваабарончых арганізацыяў, "каб пад час правядзеньня гэтага восеньскага наступу была забясьпечаная максымальная ўвага праваабарончых арганізацыяў, іншых грамадзкіх міжнародных арганізацыяў за тым, што адбываецца тут у Беларусі".

Нагадаю, што за 5 гадоў кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі спробы аб'яднаць беларускую апазыцыю ператварыліся ў пэрманэнтавы працэс. Віктар Івашкевіч упэўнены, што чарговая спроба будзе больш пасьпяховай:

(Карэспандэнт: ) "Спадар Івашкевіч, беларуская апазыцыя перажывала не адную спробу аб'яднаньня і так выглядае, што сёньняшняя акцыя — таксама спроба аб'яднацца напярэдадні восеньскае палітычнае кампаніі. На чым базуецца вашая ўпэўненасьць, што гэтым разам у вас усё атрымаецца?"

(Івашкевіч: ) "Таму што ў Беларусі раней было звычаем, калі ўгоды камэрцыйныя заключаліся так — хлопнулі рукамі пры сьведках і ўсё, аніякіх папераў. Дык вось, сёньня дамовіліся тыя, хто рэальна мае магчымасьць уплываць на канрэтныя дзеі. Ня ў сэнсе палітычных дэклярацыяў, а ў сэнсе канрэтных мэханізмаў працы — газэты, структуры, грошы. І калі гэта ўсё акумуляваць, то я перакананы, што гэта ўдасца цяпер. Таму што сапраўды ніколі беларуская апазыцыя ня была нагэтулькі моцная патэнцыйна, як на сёньняшні дзень. Нават, узгадаўшы страйкі 91-га году ці вялікія мітынгі Фронту 90-га году — тады гэта ўсё было на такім аматарскім узроўні. А зараз нашмат больш сілаў, досьведу і арганізацыйных магчымасьцяў".

Больш асьцярожны ў ацэнках лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч, які падпісаў не адну дэклярацыю аб аб'яднаньні апазыцыі:

(Статкевіч: ) "Сёньня я б не казаў бы пра нейкую спробу аб'яднаньня беларускае апазыцыі. Сёньня пад канкрэтную кампанію, пад канкрэтную справу, у якой зацікаўленыя ўсе, сабраліся людзі, якія нешта могуць і ведаюць адзін аднаго, і дамовіліся".

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, чым абумоўленае кола асобаў, якія прысутнічалі пры сёньняшняй падзеі?"

(Статкевіч: ) "Тут нават утварыўся такі нутраны выраз, які я вынесу праз вашую радыястанцыю на больш шырокае кола: "палявыя камандзіры". Тыя людзі, якія робяць канкрэтную справу, канкрэтна кіруюць людзьмі, канкрэтна прымаюць рашэньні й, галоўнае, рэалізоўваюць".

Дамаўляліся палітыкі новага пакаленьня ня ў Менску, а на прыватным лецішчы ў Астрашыцкім Гарадку, што ў 40 кілямэтрах ад беларускай сталіцы. Інтарэс да сёньняшняй акцыі забясьпечыла сакрэтнасьць, у якой яна рыхтавалася. Журналісты да апошняга моманту ня ведалі а ні сутнасьці, а ні акалічнасьцяў падзеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG