Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 25 жніўня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

(Эфір 24 жніўня)

Катэгарычная пазыцыя афіцыйнага Менску адносна пачатку дыялёгу паміж апазыцыяй і ўладамі стала нечаканасьцю як для місіі АБСЭ ў Менску, так і для апазыцыянэраў. Дэкляраванае нежаданьне Аляксандра Лукашэнкі праводзіць выбары ў новы паўнавартасны парлямэнт паставіла перамоўны працэс на мяжу зрыву. Да гэтага зводзяцца камэнтары й апазыцыі, і групы АБСЭ ў Менску.

Падрыхтоўка да пачатку восеньскіх перамоваў улады й апазыцыі сутыкнулася з істотнымі складанасьцямі — менавіта так ахарактарызаваў сытуацыю кіраўнік кансультатыўна-назіральнае групы АБСЭ ў Менску Ганс-Георг Вік, камэнтуючы нашаму радыё апошнія заявы дарадцы Лукашэнкі Міхала Сазонава. Кіраўнік урадавае дэлегацыі заявіў, што магчымы толькі "дыялёг", а не "перамовы". Ды толькі ў межах прэзыдэнцкае Канстытуцыі на тэму выбараў у "нацыянальны сход".

У зьвязку з гэтым спадар Вік паведаміў нашаму радыё: "Ініцыятыва зьмястоўных перамоваў паміж урадам і апазыцыяй у 2000 годзе сутыкаецца зь істотнымі складанасьцямі".

Істотным зьяўляецца той факт, што маючы распачацца ў верасьні працэс, Вік называе ўсё ж перамовамі ўлады й апазыцыі, а не дыялёгам з "шырокай грамадзкасьцю", чаго дамагаецца Аляксандар Лукашэнка. Разам з тым кіраўнік групы АБСЭ дыпляматычна абмінуў адказ на пытаньне, ці могуць распачацца перамовы ў момант, калі прэзыдэнцкі бок выстаўляе жорсткія ўмовы іхнага пачатку. Спадар Вік лічыць, што "на гэты момант няма аніякае іншае альтэрнатывы, акрамя як стратэгіі мірнага ўрэгуляваньня разглядаемае праблемы". Пытаньне толькі ў тым, як шмат часу на гэта запатрабуецца і якія перашкоды прыйдзецца пераадолець?

Гэтае пытаньне ў той жа ступені хвалюе і апазыцыйны бок, які вызначыў для сябе, як праблему-мінімум, зацьверджаньне заходнім краінам, што перамовы зрывае менавіта Аляксандар Лукашэнка. Сёньня кіраўнік апазыцыйнае дэлегацыі Анатоль Лябедзька праводзіць сустрэчу з Гансам-Георгам Вікам. Нашаму радыё дэпутат Лябедзька паведаміў:

(Лябедзька: ) "Мы выказваем шкадаваньні з нагоды тых заяваў, што зроблены Сазонавым. Фактычна, ён дэзавуяваў вынікі трохбаковых перамоваў з удзелам Віка, Севярына й Лукашэнкі. Апошнія заявы, якія зрабіў Сазонаў нібыта ад імя Лукашэнкі, паставілі ў вельмі складаную сытуацыю Лукашэнку. І мне цяжка сказаць, як ён будзе з гэтага выходзіць. Яму трэба будзе дэзавуяваць заявы Сазонава, што, дарэчы, таксама не выглядае алягічным — у свой час так было зроблена ў стасунку да былога міністра замежных справаў Антановіча".

(Карэспандэнт: ) "У той заяве, якая была зроблена пасьля сустрэчы Севярына, Лукашэнкі й Віка, што-небудзь казалася пра абмеркаваньне пад час перамоваў функцыяў будучага парлямэнту? Ці прэзыдэнцкі бок мае рацыю, калі гаворыць, што гэтае пытаньне і не ўзгаднялася з АБСЭ?"

(Лябедзька: ) "Пад час сустрэчы прастаўнікоў апазыцыі ды Вярхоўнага Савету зь Севярынам пытаньне менавіта ў такім рэчышчы й разглядалася. Менавіта гэта й зьяўляецца тэмаю перамоўнага працэсу. І, дарэчы, можна яшчэ ўзгадаць дакумэнт, які яшчэ ніхто таксама не абвергнуў — ад імя Лукашэнкі быў зварот у АБСЭ у 97-м годзе, дзе менавіта выказвалася гатоўнасьць ісьці на перамоўны працэс і гэтае пытаньне мусіць зьяўляцца тэмаю перамоўнага працэсу".

(Карэспандэнт: ) "Што, калі бок Аляксандра Лукашэнкі ня зьменіць сваю пазыцыю адносна тэмы перамоўнага працэсу, і надалей Сазонаў будзе заяўляць, што перамовы — гэта дыялёг і пытаньне абмеркаваньня функцыяў будучага парлямэнту ня можа разглядацца. Як будзе паводзіць сябе апазыцыя? І ці магчымы ў такім выпадку пачатак перамоваў?"

(Лябедзька: ) "Я б зыходзіў з фармулёўкі, якую выказаў Севярын — што ня трэба вяртацца а ні 94-ы, а ні ў 96-ы год, а глядзець у будучыню, ісьці наперад. Тая пазыцыя, што прэзэнтаваная сёньня менавіта прадстаўнікамі Лукашэнкі — гэта шлях скіраваны назад. Ён абсалютна дэструктыўны і азначае байкот самае ідэі перамоўнага працэсу. Дарэчы, я хачу падкрэсьліць, што апазыцыя не заняла такую пазыцыю, хоць і былі такія меркаваньні, што трэба таксама агучыць, што мы "стаім на Канстытуцыі 94-га году, ні кроку ў бок". Гэта азначае, што на сёньняшні дзень падрыхтаваны да пачатку перамоўнага працэсу пакуль што толькі адзін бок — беларуская апазыцыя. І ўся адказнасьць за зрыў можа быць ускладзена выключна толькі на прэзыдэнцкі бок".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG