Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 жніўня 1999 г.


Міхал Стэльмак, Менск

У судзе Фрунзенскага раёну Менску сёньня пачаўся разгляд справы былога старшыні былога "Ашчаднага" банку Беларусі Ўладзімера Хілько. Як лічаць назіральнікі, вядомага банкіра судзяць у рэчышчы цяперашняе агульнадзяржаўнае кампаніі па спагнаньні нявернутых крэдытаў.

Нагадаю, турэмная біяграфія Ўладзімера Хілько распачалася 6 кастрычніка мінулага году. Банкіру інкрымінуецца парушэньне 167 артыкулу Крымінальнага кодэксу, у частцы 2 якога гаворыцца пра службовыя паўнамоцтвы. Паводле вэрсіі абвінаваўцаў, Уладзімер Хілько перавысіў гэтыя свае паўнамоцтвы пад час кіраўніцтва "Ашчадбанкам", у выніку чаго банкаўскай установе былі нявернутыя крэдыты.

Такіх крэдытаў два. Першы зь іх, памерам у 1 млн. даляраў быў нібыта чатыры гады таму пазычаны калінінгадзкаму банку "Янтарь", але апошні не вярнуў назад гэтую пазыку. У крымінальнай справе Ўладзімера Хілько фігуруе і крэдытная гісторыя зь яшчэ адным замежным партнэрам былога "Ашчаднага" банку. Гэтая гісторыя тычыцца выдачы беларускім банкам 2 млн. даляраў міжбанскаўскага крэдыту латвійскаму банку "Лацінтрэйд".

Падазрэньні ў фінансавых злачынствах і турэмнае зьняволеньне найцяжэйшым чынам адбіліся на здароўе вядомага ў краіне банкіра. Летась, пад час знаходжаньня за кратамі, зь ім здарыўся інфаркт, пасьля якога спадар Хілько стаўся сталым пацыентам турэмнага шпіталю.

Напачатку сёлетняга году мэдыкі паставілі яму дыягназ: ішэмічная хвароба сэрца. Яны прыйшлі да высновы аб неабходнасьці кардыяхірургічнае апэрацыі. Спатрэбіліся актыўныя намаганьні сям'і Ўладзімера Хілько, ягонага адвакату й беларускае грамадзкасьці, каб улады далі нарэшце дазвол на апэрацыю.

Відавочна, што пасьля яе стан здароўя інваліда ІІ групы Ўладзімера Хілько працягвае заставацца складаным. Вось што паведаміла сёньня нашаму радыё ягоная жонка Зінаіда Сяргееўна:

(Хілько: ) "Апошняе спатканьне ў мяне было ў сераду. Мужа я пабачыла хворым чалавекам. У яго моцна ацёк твар і ногі. Перад гэтым у яго быў прыступ стэнакардыі".

А вось што паведаміла на гэты конт адвакат Хілько Сьвятлана Маргулец:

(Маргулец: ) "Быў кансіліюм з нагоды стану ягонага здароўя — ці зможа ён удзельнічаць у працэсе. Дактары прыйшлі да высновы, што ён можа барць удзел толькі пры няспынным мэдычным забесьпячэньні. Яго будуць суправаджаць лекар і мэдычная сястра. Факт, калі за падсудным усталяваны няспынны мэдычны нагляд, сьведчыць на мой погляд, пра многае".

Менавіта стан здароўя Ўладзімера Хілько быў у цэнтры ўвагі сёньняшняга судовага паседжаньня па ягонай справе. Адвакат выступіла з хадайніцтвам зьмяніць для яго меру ўтрыманьня. Сьвятлана Маргулец патлумачыла суду, што хворы банкір мае патрэбу ў хатнім даглядзе. Пры гэтым, паводле ейных словаў, ён дысцыплінавана будзе зьяўляцца на судовыя паседжаньні. Хадайніцтва адваката падтрымалі пяць грамадзкіх абаронцаў, а таксама Менская праваслаўная епархія, беларускі Гэльсынскі камітэт ды міжнародная Акадэмія інфармацыйных тэхналёгіяў, віцэ-прэзыдэнтам якой працаваў да свайго арышту банкір-прафэсар. Гэтыя хадайніцтвы, аднак, засталіся без задавальненьня.

На думку незалежных назіральнікаў, якія прысутнічалі на працэсе, судзьдзя Алена Сямак вынесла такое рашэньне паводле ўказаньняў "зьверху". Таму, паводле іхных вэрсіяў, нечаканасьці пад час далейшага разгляду справы Хілько наўрад ці магчымыя. Сцэнар суду над банкірам ужо напісаны ў адпаведных інстанцыях, і, як сьцьвярджаюць экспэрты, будзе ажыцьцёўлены ў поўнай адпаведнасьці з даведзенымі ўстаноўкамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG