Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 18 жніўня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

(Эфір 17 жніўня)

Апазыцыйныя партыі агаласілі плятформу, зь якой апазыцыя зьбіраецца распачаць у верасьні перамовы з уладамі. Бадай, найбольш прыкметным пунктам плятфрмы ёсьць тое, што апазыцыянэры ўжо не выключаюць выбары ў дзьвюхпалатны парлямэнт.

Умовы, на якіх павінныя адбыцца парлямэнцкія выбары ў 2000 годзе, сталі падмуркам, на якім распрацаваная плятформа апазыцыйных палітычных партыяў. Палітычная апазыцыя выступае за вяртаньне да аднапалатнага парлямэнту, але дапускае магчымасьць абраньня дзьвюхпалатнага парлямэнту. Пра гэта нашаму радыё паведаміў дэпутат Вярхоўнага Савету Ўладзімер Нісьцюк.

Парлямэнт, паводле апазыцыйнае вэрсыі, мусіць валодаць правам тлумачэньня законаў і кантролем за выкананьнем законаў. Парлямэнт мусіць рэальна ўдзельнічаць у фармаваньні ўраду. Новы заканадаўчы ворган мусіць абірацца паводле зьмешанае мажарытарна-прапарцыйнае сыстэмы. Апазыцыя патрабуе адмены сыстэмы датэрміновага галасаваньня, зьмяненьня нормы, усталяванае дзела прызнаньня выбараў адбыўшыміся, выключэньня палітычнае цэнзуры на перадвыбарныя матэрыялы з боку выбарных камісыяў. У самі ж выбарныя камісыя мусяць уваходзіць прадстаўнікі палітычных партыяў.

Апазыцыя дамагаецца заканадаўчага замацаваньня статуса назіральніка, які меў бы магчымасьць адсочваць усю працэдуру галасаваньня.

Першай жа ўмоваю пачатку дыялёгу з уладаю, як сказана ў апазыцыйнай плятформе, павінная стаць амністыя для ўсіх палітзьняволеных, спыненьне практыкі ўтрыманьня пад вартаю апазыцыянэраў, спыненьне рэпрэсыяў і папярэдняга затрыманьня паводле сумніўных юрыдычных матываў, спыненьне рэпрэсыяў, затрыманьняў і штрафаў у дачыненьні да арганізатараў і ўдзельнікаў мірных дэманстрацыяў.

Апазыцыя патрабуе допуска да дзяржаўных сродкаў масавае інфармацыі. Цікавым уяўляецца фармат патрабаваньняў: удзельнікі перамоўнага працэсу з боку апазыцыі мусяць мець магчымасьць раз на два тыдні разьмесьціць адзін матэрыял у цэнтральнай газэце памерам ня менш як 15 тысячаў друкаваных знакаў. Апрача таго, раз на два тыдні апазыцыянэр мусіць мець 10-хвілінны выступ на Беларускай тэлевізыі й дзяржаўным радыё.

У маніторынгава-кансультатыўнай групе АБСЭ ў Менску паведамілі, што пакет "выбарных" прапановаў апазыцыі зьяўляецца мінімальным. Гэтыя ўмовы адпавядаюць мінімальным эўрапейскім стандартам.

Камэнтуючы апазыцыйную плятформу, лідэр беларускіх сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч назваў яе прымальнай, але слабой. Бо апазыцыя выставіла мінімальныя ўмовы ў той час, як згодна з агульнапрынятай практыкаю спачатку выстаўляюцца максімальныя ўмовы, а ў працэсе перамоваў бакі йдуць на саступкі.

З гэтым нязгодная дэпутатка-камуністка Алена Скрыган:

(Скрыган: ) "Я ня згодна з тым, што гэта слабая плятформа. Усе прапановы нашае партыі ўвайшлі сюды. Нельга выходзіць з прапановамі, пра якія ўжо раней вядома, што яны ня будуць прымальнымі... І яшчэ — створаны экспэртавыя групы, якія па кожнай гэтай прапанове будуць распрацоўваць некалькі варыянтаў рашэньня. Там будзе й найбольш жорсткая прапанова, і кампраміс, і так далей... Таму я лічу, што на сёньняшні дзень гэта той дакумэнт, на якім сыйшліся палітычныя партыі".

(Карэспандэнт: ) "Адным з пунктаў гэтае плятформы зьяўляецца тое, што апазыцыйныя партыі гатовы выбірацца ў аднапалатны парлямэнт, але, разам з тым, там ёсьць агаворка, што магчымыя выбары і ў дзьвюхпалатны парлямэнт. Назіральнікі ўжо заявілі пра тое, што, маўляў, апазыцыя перайшла ад Канстытуцыі 94-га году да прэзыдэнцкай рэдакцыі Канстытуцыі. І ў межах гэтай "прэзыдэнцкай" Канстытуцыі будзе весьці дыялёг з уладамі. Ці так гэта?"

(Скрыган: ) "Я лічу, што гэта ня так. Мы нікуды не перайшлі. Але й вяртацца назад нельга. Я лічу, што пазыцыя АБСЭ мае рацыю — нельга йсьці а ні ў 94-ы год, а ні ў 96-ы год. Трэба йсьці наперад. Можна на сёньняшнім этапе выбіраць і дзьвюхпалатны парлямэнт (вельмі складана, можа, будзе штосьці зрушаць зь месту), але калі ён будзе абірацца народам. І ніжняя палата, і верхняя, а ня так, як сёньня, калі верхняя палата практычна прызначаецца. І акрамя таго, у першай частцы плятформы выказаныя такія перадумовы — што будуць весьці перамовы аб тым, які будзе гэты парлямэнт, якія ён будзе мець паўнамоцтвы. Калі гэта будзе сёньняшні "нацыянальны сход", які ня можа сам прымаць аніякага рашэньня, тады няма сэнсу а ні весьці перамовы, а ні выбірацца ў такі парлямэнт".

Наступнае каардынацыйнае паседжаньне апазыцыйных партыяў адбудзецца 19 жніўня. Рэакцыі ўладаў на агалошаную апазыцыйную плятформу пакуль няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG