Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 17 жніўня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Магчыма, што ўжо ў самы бліжэйшы час Аляксандар Лукашэнка падпіша дэкрэт, згодна зь якім усе суб'екты гаспадараньня ў Беларусі павінныя будуць прадаваць усю без выключэньня валютную выручку Нацыянальнаму банку краіны. Менавіта такая прапанова знаходзіцца ў лісьце, які на ймя кіраўніка дзяржавы накіраваў першы віцэ- прэм'ер ураду Васіль Даўгалёў.

Першы віцэ-прэм'ер Васіль Даўгалёў узначальвае адмысловую групу, якая распрацоўвае дакумант з даўгім і чынавенскім назовам: "Рабочы плян рэалізацыі прапановаў да ўдасканаленьня эканамічнае палітыкі і канцэпцыі валютна-грашовае палітыкі на 1999-2000 гады".

Копію пляну ўдалося пабачыць аўтару гэтага камэнтара. Дакумант, які паводле пэўных зьвестак рыхтавалі ажно ў дзесяці ўстановах, сярод якіх, да прыкладу, Савет міністраў, Нацыянальны банк, Міністэрства эканомікі, фінансаў, вытрыманы ў традыцыйнай для апошняга часу форме. Тут амаль на кожнай старонцы знаёмыя словы: умацаваць, запатрабаваць, праверыць, прыцягнуць да адказнасьці й г.д.

Зразумела, што ўсё гэта вельмі далёка ад рынкавай эканомікі і вельмі нагадвае эканоміку камандава-адміністрацыйную. Пужае, што "закручваць гайкі" прапаноўваецца яшчэ мацней. І самай драконаўскай мераю выглядае наступная: усе суб'екты гаспадараньня вымушаныя будуць прадаваць усю заробленую валюту Нацыянальнаму банку па ягонаму курсу.

Што гэта азначае, лёгка зразумець па наступнаму прыкладу: калі хтосьці сёньня зажадае прадаць адзін даляр на так званым "чорным рынку", дык ён атрымае 450 тысячаў беларускіх рублёў, у дзяржаўным "абменьніку" — 320 тысячаў, а паводле курсу Нацбанка — усяго 274 тысячаў. Бачыце, якія вялікія страты!

Цяпер другое: сёньня прадпрыемствы забавязаныя прадаваць дзяржаве 30% свайго валютнага прыбытку. І яны няспынна скардзяцца, маўляў, за гэтыя грошы можна было б набыць і камплектуючыя вузлы, і дэталі, і сыравіну, і шмат чаго іншага. А цяпер уявіце, што будзе, калі іх вымусяць прадаваць усю валюту. Як тут не ўзгадаць аднаго з былых кіраўнікоў Менскага трактарнага заводу, які любіў казаць: "прадаць дзяржаве валюту — аніякіх перашкодаў няма, а вось узяць яе ў дзяржавы — гэта, брацец, справа амаль што ні на ёсьць цяжэйшая". Ён цудоўна ведае, што купіць валюту афіцыйна можна толькі празь біржу, а яна ў нас працуе як разьмеркавальнік — улады вызначаюць, хто ў нас можа купіць замежныя грошы, а хто — не.

Здаецца, абсурдавасьць абавязковага продажу ўсяе валютнае выручкі разумеюць шматлікія спэцыялісты. Больш за тое, паводле прыватнае інфармацыі, супраць гэтае меры выказаліся нават некаторыя супрацоўнікі міністэрстваў фінансаў і эканомікі. Але гэты пратэст не спыніў, як кажуць бюракраты, "нармальнага праходжаньня папераў". Апошнім сваю візу паставіў на пляне першы віцэ-прэм'ер Даўгалёў. Кажуць, некаторым набліжаным асобам ён тлумачыў: "валюта патрэбная на зерне, лекі ды іншыя надзвычай неабходныя рэчы". Гэта, маўляў, якраз той выпадак, калі мэта апраўдвае сродкі.

Іншыя спэцыялісты глядзяць на прапанаваныя захады зусім інакш. Васіль Шлындзікаў, які кіраваў вытворчым аб'яднаньнем "Амкодор", калі пачуў пра такія пляны, змог адрэагаваць на іх толькі двума словамі: "гэта каляпс", а кандыдат эканамічных навук Людміла Гразнова бачыць ва ўсім гэтым спробу ўладаў на нейкі час адцягнуць немінучы дэфолт Беларусі, падобна таму, як гэта было летась у Расеі. І непрадказальныя наступствы ў будучыні. Але што гэта для людзей, якія жывуць толькі сёньняшнім днём, якія робяць усё, каб любымі сродкамі трымацца за ўладу.

Дарэчы, як распавёў мне сёньня адзін знаёмы валютчык з камароўкі, што не пазьней за сярэдзіну верасьня 1 даляр пойдзе недзе за 700 тысячаў беларускіх рублёў. Цікава, няўжо ён ужо таксама ведае пра прапановы з так званага "рабочага пляну" беларускага ўраду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG