Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 16 жніўня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

(Эфір 12 жніўня)

Адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі выступіла зь ініцыятываю стварэньня камітэту ў справе кантролю за выкарыстаньнем электроннага інфармацыйнага рэсурсу.

Новая структура мусіць быць створаная на падмурку Міністэрства сувязі Беларусі. У яе функцыі будзе ўваходзіць выдаткаваньне ліцэнзыі на дзейнасьць электронных сродкаў масавае інфармацыі, частотна-тэхнічная атэстацыя дзейных мас-мэдыя, а таксама кантроль за рэсурсамі інтэрнэту. Пра гэта нашаму радыё паведаміў кіраўнік управы камунікацыі Міністэрства сувязі Беларусі Анатоль Важкевіч:

(Важкевіч: ) "Гэтае пытаньне пакуль што толькі разглядаецца. Распрацоўкаю палажэньня аб камітэту займаецца Адміністрацыя прэзыдэнта, і афіцыйна да нас тэкст пакуль не патрапляў. Разам з тым, у нас актыўна цыркулюе інфармацыя, што такі камітэт ў справе кантролю за выкарыстаньнем электроннага інфармацыйнага рэсурсу будзе створаны ў бліжэйшыя месяц–два. Займацца, хутчэй за ўсё, ён будзе выдаткаваньнем ліцэнзыяў на дзейнасьць электронных сродкаў масавае інфармацыі ды частотна-тэхнічнай атэстацыяй. Акрамя гэтага, як я ведаю, мы будзем працаваць і займацца тым, што й зараз робім – ліцэнзуем інтэрнэт. Тое, што "мы ліцэнзуем інтэрнэт і гэтак далей" – гэта йснуе й зараз, фактычна Міністэрства сувязі зараз гэтым займаецца".

(Карманаў: ) "Навошта гэты камітэт, і якая розьніца паміж тым, што зараз ёсьць?"

(Важкевіч: ) "Мне нешта таксама не зусім зразумелыя такія дзеяньні адміністрацыі – таму я крыху зьдзіўлены".

Распрацоўкай палажэньня займаецца пэрсанальна намесьнік кіраўніка прэзыдэнцкае адміністрацыі Іван Пашкевіч, які зараз, як гавораць ў адміністрацыі, знаходзіцца ў адпачынку.

Верагодней за ўсё, палажэньне пра новы камітэт будзе канчаткова дапрацавана ў верасьні, акурат тады, калі распачнуцца перамовы ўлады й апазыцыі пры пасярэдніцтве АБСЭ. Адной з умоваў пачатку дыялёгу, нагадаю, ёсьць патрабаваньне доступу менавіта да электроннах мас-мэдыя прадстаўнікоў беларускае апазыцыі.

Адкрытым пакуль застаецца й пытаньне адносна таго, каго менавіта зьбіраецца атэстоўваць зноўку створаны камітэт. Да апошняга часу ўсе электронныя сродкі масавае інфармацыі, якія вядуць вяшчаньне з тэрыторыі Беларусі, вылучаліся больш чым ляяльным стаўленьнем да Аляксандра Лукашэнкі. Адзінае, так бы мовіць, небясьпечнае "Радыё 101.2" маўчыць ўжо тры гады.

Застаецца ўсталяваньне кантролю за рэсурсамі інтэрнэту, што, як сьцьвярджаюць адмыслоўцы, зрабіць будзе ня так проста.

Зрэшты, афіцыйныя ўлады Беларусі дэманструюць посьпехі й на гэтай глебе. Адна з ўплывовых міжнародных журналісцкіх арганізацыяў "Рэпарцёры бязь межаў" надрукавала сьпіс краінаў–ворагаў Інтэрнэту. Беларусь увайшла ў першую дваццатку разам зь Вьетнамам і Кубаю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG