Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 жніўня 1999 г.


Мікола Іваноў, Прага

Нягледзячы на тое, што расейскія гэнэралы намагаюцца актыўна пераконваць расейскую і сьветную грамадзкую думку ў тым, што няма пагрозы новае вялікае вайны на Каўказе, і што мусульманскія паўстанцы будуць зьнішчаныя на працягу некалькіх дзён, баі ў горных раёнах Дагэстану працягваюцца. І хуткай перамогі пакуль-што ня бачна.

Як самі маскоўскія ўлады, так і прарасейскія сілы ў Дагестане намагаюцца захоўваць вонкавы спакой. Старшыня Дагэстанскага парляманту Маху Аліеў нават заявіў на сустрэчы з журналістамі ў Махачкале: "90% насельніцтва Дагэстану за тое, каб застацца ў складзе Расеі. Мы былі супроць вайны Расеі з Чачнёй, але бальшыня дагэстанцаў абураныя агрэсіяй замежных сілаў, якія хочуць сілаю навязаць нам іншы парадак".

Цяжка сказаць, наколькі праўдзівыя гэтыя словы Аліева, але ў Дагэстане ўжо пачалася кампанія запісу добрахвотнікаў у напаўвайсковыя фармаваньні, якія будуць садзейнічаць расейскай арміі ў вайне супраць паўстанцаў. Калі верыць Аліеву, запісалася ўжо больш за тысячу чалавек, і сярод народаў Дагэстану расьце перакананьне, што толькі ўзбраеньне ўсяго народу можа перашкодзіць у плянах стварэньня новае мусульманскае дзяржавы на Каўказе.

Аб тым, што заданьне зьнішчэньня паўстанцкага руху ў Дагэстане ня будзе лёгкім, сьведчыць рашучасьць і ўпэўненасьць у сваіх сілах іх лідэраў. Лічыцца, што галоўнакамандуючым атрадамі, у складзе якіх ад 1000 да 1500 жаўнераў, і якія занялі ад 10 да 12 вёсак у Дагэстане зьяўляецца 34-гадовы Шаміль Басаеў, вядомы сваім тэрарыстычным рэйдам на расейскі горад Будзёнаўск. Басаеў перакананы ў сваёй перамозе. Свой паход у Дагэстан ён зусім агрэсіяй ня лічыць. На ягоную думку, агрэсыю супраць каўкаскіх народаў распачала Расея яшчэ 300 гадоў таму назад, а цяпер ягоныя жаўнеры толькі вызваляюць сваю зямлю. Нядаўна ў інтэрв'ю расейскаму телеканалу НТВ Басаеў заявіў, што будзе змагацца зь нявернымі да поўнай перамогі ісьляму.

Нягледзячы на свае падобныя скрайнія погляды, Басаеў прагматык. Ён супраць стварэньня на Каўказе дзяржавы мусульманскіх фундаманталістаў. Ён за сьвецкую ісьлямскую дзяржаву, не супраць ён і таго, каб дзеля гарантаваньня стабільнасьці ў рэгіён былі ўведзены войскі NATO.

Нічога падобнага нелька сказаць пра іншага вядомага лідэра паўстанцаў Хаттаба. Ніхто ня ведае сапраўднага прозьвішча гэтага чалавека. Хаттаб – гэта ягоны ваенны псэўдонім. Ён грамадзянін Іярданіі, па нацыянальнасьці чэркес. З савецкай арміяй ён змагаецца ўжо больш зя 15 год. Спачатку ў Афганістане, пазьней у Чачэніі і вось цяпер у Дагэстане. Пад час вайны ў Чачэніі ён быў тройчы паранены і сваю пазыцыю ваеннага лідэра заслужыў крывёю. Дарэчы, паводле апошніх паведамленьняў з расейскіх крыніцаў, чацьвертую рану ад савецкай зброі ён атрымаў учора. Пад час ракетнага абстрэлу быў забіты таксама ягоны ўласны перакладнік. Дык вось, Хаттаб – лідэр каўказскіх вахабітаў, фундаманталісцкае мусульманскае сэкты, цэнтар якой знаходзіцца ў Саўдаўскай Арабіі, і ідэал якой – стварэньне фундаманталісцае мусульманскае дзяржавы, якая б жыла паводле законаў шарыяту.

Для Масквы Басаеў і Хаттаб – найгоршыя з магчымых праціўнікаў: тэрарыст і замежны наёмнік. Аніякія перамовы й кампрамісы зь імі немагчымыя, а гэта робіць вынік новага канфлікту на Каўказе непрадказальным.

Пра тое, што гэта праўда, сьведчыць і рэакцыя Дзяржаўнага дэпартаманту ЗША на падзеі ў Дагэстане. На прэсавай канфэрэнцыі ў Вашынгтоне ягоны прэсавы сакратар Джэймс Рубін заявіў:

(Рубін: ) "Мы знаходзімся ў сталым кантакце з расейскім урадам у гэтай справе. Мы атрымлівае ад расейцаў інфармацыю раніцаю кожнага дню, бо канфлікт вельмі нас непакоіць. Пункт гледжаньня расейцаў у справе канфлікту практычна нічым ня розьніцца ад таго, што яны афіцыйна заяўляюць. Мы пільна сочым за канфліктам. Мы занепакоеныя. Мы накіравалі ясныя пасланьні абодвум бакам канфлікту, каб не адбываліся праціпраўныя дзеяньні, каб не было дзеяньняў, якія б пагражалі жыцьцю цывільных асобаў".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG