Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 12 жніўня 1999 г.


вядучы Сяргей Навумчык

(эфір 11 жніўня)
На тэлефоннай сувязі з Прагаю жонка экс-прэм'ера Міхала Чыгіра, які цяпер знаходзіцца пад арыштам — Юлія Чыгір.

(Вядучы: ) "Юлія Станіславаўна, адкрыты ліст Чыгіра да Лукашэнкі ўражвае найперш сваёй шчырасьцю. Гэты ліст — прызнаньне й пакаяньне ва ўласным даверу да Лукашэнкі. "Я каюся перад Богам, перад народам Беларусі, перад сваёй сям'ёю". Калі чалавек просіць пакаяньня, паводле хрысьціянскіх законаў, гэтае пакаяньне павінна быць прынятае. Але ня верыцца, каб на пасадзе прэм'ера Чыгір ня бачыў усяго таго, што рабілася Лукашэнкам і ягоным атачэньнем. Скажам, яшчэ ўвесну 95-га году апазыцыя БНФ у тагачасным Вярхоўным Савеце абнародвала некаторыя каштарысы лукашэнкаўскіх выдаткаў — аўтамабіль, рэзыдэнцыя, іншае... І лік ішоў на сотні тысячаў даляраў. Юлія Станіславаўна, скажыце — няўжо нават у сям'і Чыгір не абмяркоўваў тое, што бачыў, і якія ў той час былі ягоныя ацэнкі?"

(Чыгір: ) "Абмяркоўваў, і ня толькі ў сям'і. Я ведаю, ён і з Лукашэнкам абмяркоўваў гэтыя пытаньні. Я ведаю, што ў іх былі вельмі спрэчныя сытуацыі, калі муж выказваў яму сваё абурэньне гэтым. Але ён лічыў, што выносіць на суд грамадзкасьці гэта, займаючы пасаду прэм'ер-міністра, ён не мае права. Ён лічыў, што гэта павінна адбывацца "за шырмаю", як бы. Калі ён прымаў рашэньне канчаткова — вынесьці на разгляд грамадзкасьці разыходжаньні з прэзыдэнтам — ён тады сыйшоў у адстаўку. Такая ў яго пазыцыя была".

(Вядучы) "Юлія Станіславаўна, я так разумею, што тая заява, якую аднойчы зрабіў Лукашэнка, што, маўляў, я ў Чыгіры перакананы, бо ён нават у кватэры з жонкаю пра мяне дрэннага слова не скажа... — гэта была няпраўда? Гэта быў спосаб Лукашэнкі паказаць усім, што "я вас усіх кантралюю!" ?"

(Чыгір: ) "Так. Я лічу, што — так. Хаця мушу падкрэсьліць, што дома — у той рэзыдэнцыі, дзе мы жылі — мы шмат якія пытаньні не абмяркоўвалі, бо мы ведалі, што можа быць праслухваньне. І мы аб гэтым размаўлялі, калі выходзілі на вуліцы, недзе на прыродзе, а дома мы шмат не гаварылі".

(Вядучы: ) "Пэўны час Вы былі на Алімпе беларускае дзяржаўнае палітыкі. Прынамсі, як жонка прэм'ер-міністра, Вы мусілі наведваць афіцыйныя ці паўафіцыйныя мерапрыемствы, дыпляматычныя прыёмы. Скажыце, якое Вашае асабістае ўражаньне ад Лукашэнкі, як ад чалавека?"

(Чыгір: ) "Па-першае, мушу падкрэсьліць, што гэты чалавек сапраўды валодае нейкай энэргіяй, якой можа неяк паралізаваць думкі й нават дзеяньні чалавека — калі ён знаходзіцца побач. Бо шмат якія ягоныя дзеяньні мяне абуралі. Калі я знаходзілася дома... калі я была ў сваіх сяброў — я магла бачыць ягоныя дзеяньні й рэальна іх ацэньваць. Але ж, калі я была побач зь ім — не так часта гэта й было — тады ён мог сваімі словамі, сваімі нейкімі дзеяньнямі неяк паралізаваць думкі... І ў мяне нават зьяўляліся такія думкі, што, можа, я памыляюся ў ацэнцы гэтага чалавека. Яны потым хутка сыходзілі ад мяне, але я сёньня хачу прызнаць, што гэта так. Ён вельмі адчувае чалавека й вельмі можа ўплываць на яго сваімі, здаецца, вельмі шчырымі й адкрытымі словамі. На самай справе, як жыцьцё паказала, гэта толькі гульня. Гэта артыст".

(Вядучы: ) "Юлія Станіславаўна, вернемся да лісту. Ліст Чыгіра варты й адным толькі сваім пакаяньнем, але ў яго, магчыма, ёсьць і іншыя мэты. Якія гэта мэты?"

(Чыгір: ) "Па-першае, гэта адказ на тую прапанову, якую атрымаў Чыгір. Ён на самай справе думаў прамаўчаць і аніяк не рэагаваць на тую прапанову, якая паступіла ад Лукашэнкі — напісаць пакаянны ліст. Але, пасьля таго, як у яго адрас пасыпаліся абвінавачваньні ў дзеяньнях, якія ён не рабіў — і, пры чым, гэта настолькі вялікая хлусьня, настолькі нахабная хлусьня — ён ужо ня мог стрываць і вырашыў зьвярнуцца з гэтым лістом".

(Вядучы: ) "Я так разумею, што спадар Чыгір і Вы, як ягоная жонка, не разьлічваеце на нейкі адказ з боку Лукашэнкі?"

(Чыгір: ) "Не. Мы ведаем, што гэтым лістом мы можам яго толькі абурыць і пасунуць у бок пагаршэньня стаўленьня да Чыгіра. Але ж і маўчаць нельга было..."

(Вядучы: ) "Увесну ў адным зь інтэрвію Вы сказалі, што Чыгір ня верыць, што ягонае зьняволеньне будзе доўгім. Вы зрабілі такую выснову пасьля адной сустрэчы зь ім. Канешне, будзем спадзявацца на лепшае, але зусім магчыма, яму давядзецца правесьці за кратамі столькі, колькі будзе пры ўладзе Лукашэнка. Скажыце, ці ўсьведамляе ён цяпер рэальнасьць такога варыянту, і ці ён гатовы да гэтага маральна?"

(Чыгір: ) "Так. На сёньняшні дзень усе тыя ілюзыі, якія былі да гэтага часу, сыйшлі. Ён уяўляе, што тэрмін ягонага ўтрыманьня можа доўжыцца столькі, колькі будзе ва ўладзе Лукашэнка. Але ён гатовы й да такіх варыянтаў. Кожны раз, калі мы сустракаемся, мы гатовыя да таго, што гэтыя спатканьні могуць быць надоўга перарваныя загадам Лукашэнкі. Іду ад яго — разьвітваемся як надоўга".

(Вядучы: ) "Юлія Станіславаўна, дзякуй Вам за гутарку. Радыё Свабода будзе ўважліва сачыць за справаю Чыгіра, і мы жадаем Вам асабістай вытрымкі й мужнасьці".

(Чыгір: ) "Дзякую вам".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG