Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 жніўня 1999 г.


Віталь Тарас, Прага

Герархі сэрбскае праваслаўнае царквы ў аўторак заклікалі югаслаўскага прэзыдэнта Слабадана Мілошавіча перадаць уладу часоваму ўраду. Стварэньня яго патрабуе апазыцыя, якая плянуе правесьці ў Белградзе масавы мітынг на наступным тыдні.

Праваслаўная царква, якая заўсёды была па-за межамі палітыкі, ахвяравала традыцыяй, упершыню заклікаўшы Мілошавіча да адстаўкі ў чэрвені, неўзабаве пасьля заканчэньня бомбавых удараў па Югаславіі.

Епіскап Арцемій у сваім выступе па тэлевізыі ў горадзе Ніш пасьля паседжаньня царкоўнага сіноду сказаў, што было прынятае рашэньне аб тым, што патрыярху царквы не падабае выказваць сваё меркаваньне на мітынгах і таму сам ён, верагодна, ня будзе выступаць перад пастваю ў Белградзе 19 жніўня.

Патрыярх Паўле старшыняваў на чатырохгадзінным паседжаньні сіноду, на якім выказаў адносіны да палітычнага крызысу ў Югаславіі ў зьвязку з вайною Ў Косаве. Паводле словаў епіскапа Арцемія, сінод выказаў упэўненасьць, што цяперашні прэзыдэнт Югаславіі Мілошавіч і прэзыдэнт Сэрбіі Мілуцінавіч павінныя даць магчымасьць іншым асобам зьмяніць становішча ў дзяржаве й вывесьці народ з таго тупіку, у якім ён апынуўся. Замена ўраду, паводле словаў епіскапа Арцемія, — стварыла б адзіную магчымасьць дзеля дэмакратычнага й мірнага разьвіцьця, не зьвязанага з чалавечымі ахвярамі. Сінод, сказаў ён, заклікае сэрбаў да пачуцьця годнасьці ды адказнасьці перад гісторыяй.

Патрыярх Паўле, выступаючы ў сінодзе, падтрымаў усе дэмакратычныя сілы ў грамадзтве й падкрэсьліў, што часовы ўрад мусіць падрыхтаваць умовы дзеля таго, каб хутчэй правесьці выбары. Патрыярх Паўле заклікаў, разам з тым, міжнародныя міратворчыя сілы ў Косаве і прадстаўнікоў ААН у гэтай правінцыі спыніць тэрор і этнічныя чысткі супраць сэрбаў, ды іншых нацыянальных мяншыняў у краі.

Патрыярх выступіў у сінодзе пасьля перамоваў у панядзелак зь лідэрамі апазыцыі ды групаю незалежных экспэртаў у эканоміцы, якія прапанавалі дамову аб стабілізацыі ў Сэрбіі. Гэты плян, паводле якога часовы ўрад мусіць прыйсьці на зьмену рэжыму Мілошавіча, будзе агалошаны на масавым мітынгу 19 жніўня. Гэта будзе першы падобны мітынг у Белградзе пасьля вайны, і ў ім возьме ўдзел лідэр нацыяналістычнае апазыцыі Вук Драшкавіч і лідэр Дэмакратычнае партыі Зоран Джынджыч.

Сацыялістычная партыя начале зь Мілошавічам абвінавачвае апазыцыйныя партыі ў карупцыі і ў тым, што яны, маўляў, прадаліся агрэсарам з NATO. Сэрбская радыкальная партыя Ваіслава Шэшаля, паводле югаслаўскае агэнцыі ТАНЮГ, абвінаваціла Вашынгтон у падрыхтоўцы мітынгу апазыцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG