Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 11 жніўня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

Кіраўнік маніторынга-кансультатыўнае групы АБСЭ у Менску Ганс-Георг Вік прыняў умовы апазыцыі па фармаваньню складу дэлегацыі на перамовах з уладамі. Прадстаўляць меркаваньне аб'яднаных апазыцыйных сілаў будзе Вярхоўны Савет 13 скліканьня, які сам прызначыць шэсьць удзельнікаў сваёй дэлегацыі. Гэтае пагадненьне было дасягнутае пад час учарашніх кансультацыяў з кіраўніком групы АБСЭ ў Менску спадаром Вікам.

Вынікам учорашніх кансультацыяў апазыцыі і групы АБСЭ стала згода адносна фармаваньня апазыцыйнае дэлегацыі на перамовах з уладамі. Напярэдадні буйнейшыя палітычныя партыі падпісалі мэмарандум, якім "дэлегавалі Вярхоўнаму Савету паўнамоцтвы на зацьвярджэньне складу дэлегацыі і мандату на вядзеньне перамоваў".

Мэмарандум падпісалі: Партыя "Надзея", Партыя працы, БСДГ (Шушкевіча), камуністы, Аб'яднаная Грамадзянская партыя. Беларускі Народны Фронт і Народная Грамада падпісалі мэмарандум з агаворкамі. Ініцыятарам мэмарандуму выступіў першы віцэ-сьпікер Віктар Ганчар.

Кансалідаваная пазыцыя беларускіх апазыцыянэраў і была даведзеная да Ганса-Георга Віка, які да апошняга часу сам фармаваў склад апазыцыйнае дэлегацыі. Іншымі словамі, спадар Вік быў пастаўлены перад фактам і мусіў быў пагадзіцца. Пра гэта нашаму радыё паведаміў удзельнік учорашніх перамоваў ад Аб'яднанай Грамадзянскай партыі, старшыня міжнароднае камісыі Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) "Вік з разуменьнем паставіўся да заявы палітычных партыяў. І я думаю, што гэта натуральна, таму што Вярхоўны Савет пасьля 20 ліпеня зьяўляецца адзіным легітымным ворганам. І АБСЭ прызнае легітымнасьць Вярхоўнага Савету як адзінага заканадаўчага воргану ў Беларусі. Што тычыцца працэдураў, то было выказана адмоўнае стаўленьне да таго, каб пашыраць шасьцёрку, якая б падавала апазыцыйны бок. Спадар Вік пазытыўна паставіўся да гэтага".

(Карэспандэнт: ) "Спадар Лябедзька, у размовах з журналістамі прадстаўнікі Беларускае сацыял-дэмакратычнае партыі Народная Грамада, у прыватнасьці, Мікола Статкевіч, а таксама прадстаўнікі Беларускага Народнага Фронту заяўлялі, што ў іх ёсьць перасьцярога ў зьвязку з тым, што, фактычна, яны дэлегуюць паўнамоцтвы Віктару Ганчару. І яны апасаюцца, што ад партыяў яны дэлегуюць менавіта яму свае функцыі. Як вы мяркуеце, ці абгрунтаваныя гэтыя перасьцярогі прадстаўнікоў БНФ і Народнае Грамады?"

(Лябедзька: ) "Тут не зусім слушна расстаўленыя акцэнты. У дакуманце сказана, што дэлегаваньне правоў ідзе Вярхоўнаму Савету, а Вярхоўны Савет — гэта калегіяльны ворган. І зацьвярджаць склад дэлегацыі будзе не Ганчар, а менавіта сэсыя Вярхоўнага Савету. Усе пытаньні будуць разглядацца калектыўна, гэта па-першае. А па-другое, Вярхоўны Савет будзе толькі фармальна зацьвярджаць склад, таму што ён будзе пэрсанальна ўзгадняцца з палітычнымі партыямі".

Паводле словаў Анатоля Лябедзькі, у склад апазыцыйнай дэлегацыі ўвойдуць шэсьць чалавек. Столькі ж чалавек увойдуць у склад дэлегацыі ад улады. Ганс-Георг Вік запэўніў, што склад дэлегацыі ад улады ўжо сфармаваны. Пэрсаналіі пакуль невядомыя.

Дэлегацыя ад апазыцыі — 6 чалавек — будзе зацьверджаная на сэсысі Вярхоўнага Савету ў верасьні. Там жа будзе зацьверджаная і схэма прыняцьця рашэньняў або працэдура. Пакуль што апазыцыянэры дамовіліся аб, так званым, трохузроўневым сіце, празь якое павінны прапускацца ўсе ініцыятывы й прапановы апазыцыі. Спачатку прапанова праходзіць абмеркаваньне на ўзроўні экспэртавых групаў — гэта першы ўзровень. Потым — у адмыслова створанай кансультатыўнай радзе. І толькі ўжо пасьля, на трэцім узроўні, шасьцёрка выносіць прапанову на абмеркаваньне пад час перамоваў з уладамі. Як будуць прымацца рашэньні апазыцыйнай шасьцёркаў, пакуль ня вырашана. Гэта можа быць згода або "прыблізная згода", калі рашэньне будзе лічыцца прынятым пры адным "супраць".

Напярэдадні пачатку дыялёгу партыі, якія не ўвайшлі ў перамоўны працэс, пачалі выказваць прапановы. Беларуская сялянская партыя выступіла зь ініцыятываю зацьвярджэньня вынікаў "прэзыдэнцкага" рэфэрэндуму Вярхоўным Саветам. Гаворка йдзе пра прэзыдэнцкія папраўкі ў Канстытуцыю, якія мусіць, на думку Сялянскай партыі, узаконіць Вярхоўны Савет. Гэта, паводле кіраўніцтва Сялянскай партыі, павінна стаць ілюстрацыяй добрай волі беларускай апазыцыі.

Анатоль Лябедзька ня выключыў, што гэта можа стаць тэмаю дзеля абмеркаваньня. Але, на ягоную думку, верагодней за ўсё, будзе прыняты іншы варыянт. Вярхоўны Савет і прэзыдэнцкія "палаты" разам ратыфікуюць дамоўленасьці, дасягнутыя пад час перамоваў улады й апазыцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG