Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 10 жніўня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Больш як тры месяцы мінула ад часу таямнічага зьнікненьня ў цэнтру Менску экс-міністра нутраных справаў Юрыя Захаранкі. Сёньня жонка й дачка гэнэрала, а таксама сябры грамадзкай камісыі ў пошуках Захаранкі Алег Воўчак і Ўладзімер Арыстаў правялі прэсавую канфэрэнцыю і распавялі некаторыя падрабязнасьці зьнікненьня былога міністра.

Нагадаем, што гэнэрал Захаранка зьнік увечары 7 траўня непадалёк ад уласнага дому. Напалоханая адсутнасьцю мужа жонка Юрыя Захаранкі Вольга зьвярнулася ў міліцыю з просьбаю ўзбудзіць крымінальную справу па факту зьнікненьня былога міністра. Аднак толькі празь месяц, 7 чэрвеня Вольга Захаранка атрымала адказ на сваю заяву з гэнэральнай пракуратуры.

Выконваючы абавязкі начальніка аддзелу па нагляду за дазнаньнем спадар Сьцяпахін паведаміў, што "дастатковых дадзеных аб зьдзяйсьненьні ў адносінах да Юрыя Захаранкі злачынства ня знойдзена. Таму ўзбужджэньне крымінальнае справы зьяўляецца заўчасным".

Замест крымінальнай міліцыя завяла так званую "пашуковую справу", якая, паводле словаў кіраўніка грамадзкае камісыі, былога сьледчага пракуратуры Алега Воўчака, можа цягнуцца некалькі гадоў і не даць аніякага выніку. А цяпер,на думку спадара Воўчака, міліцыя і пракуратура толькі робяць выгляд, што займаюцца пошукамі гэнэрала. А на самрэч за тры месяцы дзяржаўныя ворганы не зрабілі анічога ў расьследваньні гэтае справы. Больш за тое, не дачакаўшыся хоць бы нейкіх вынікаў расьледваньня, Аляксандар Лукашэнка ўжо заявіў на ўсю краіну, што Захаранка стаў ахвяраю крымінальнікаў, у якіх ён нібыта пазычыў вялікую суму грошай.

Родныя і калегі экс-міністра лічаць гэтую заяву гнюснай хлусьнёю. І тое, што яе агучвае кіраўнік дзяржавы, гаворыць толькі аб тым, што ўлады валодаюць інфармацыяй пра Захаранку. Інакш, адкуль у Лукашэнкі зьявілася "крымінальная" вэрсыя зьнікненьня былога міністра?

У тым, што гэнэрала скралі прадстаўнікі нейкай засакрэчанай спэцгрупы, родныя Захаранкі амаль не сумняюцца. Паводле словаў дачкі былога міністра, Алены, за некалькі дзён да зьнікненьня бацька сказаў ёй, што за ім няспынна сочаць нейкія людзі. А былыя падначаленыя Юрыя Мікалаевіча зь міністэрства нутраных справаў ня раз паведамлялі, што супраць яго ўладамі рыхтуецца нейкая буйная правакацыя. Аднак Захаранка ня вельмі зьвяртаў увагі на падобныя папярэджаньні. Нейкія ананімныя дабрадзеі тэлефанілі да дому Захаранкам і пасьля зьнікненьня экс-міністра. Гаворыць жонка гэнэрала Вольга Захаранка:

(Захаранка: ) "Былі званкі, але мяне гэтыя тэлефанаваньні не задавальнялі. Званілі быццам бы сябры Юрыя Мікалаевіча і казалі, што "ваш муж жывы, але моцна паранены". Я ўжо й ня ведаю, на што спадзявацца... Адзіная надзея на тое, што незалежныя сродкі масавае інфармацыі данясуць да грамадзтва праўдзівую інфармацыю аб лёсе майго мужа".

А тым часам грамазкая камісыя, якую ўзначаліў Алег Воўчак, вядзе ўласнае расьследваньне. Праўда, магчымасьці гэтае структуры па пошуках гэнэрала значана абмежаваныя. Згодна беларускаму заканадаўству, грамадзкія арганізацыі ня маюць права праводзіць апэратыўна-вышуковыя мерапрыемствы. Таму праца камісыі зводзіцца пераважна да збору й аналізу паступаючай інфармацыі. Тым ня менш, паводле словаў спадароў Воўчака і Арыстава, да іх часам трапляе вельмі цікавая інфармацыя, у тым ліку, і зь сілавых структураў. Аднак, каб не зашкодзіць хадзе расьсьледваньня ды інтарэсам родных Захаранкі, сябры камісыі вырашылі пакуль іх не агалошваць.

Тым ня менш, удзельнікі прэсавай канфэрэнцыі адзначылі, што будуць і надалей займацца пошукам гэнэрала Юрыя Захаранкі. У тым ліку й адпрацоўваць вэрсыю ўтрыманьня экс-міністра на адным з засакрэчаных аб'ектаў. Алег Воўчак і Ўладзімер Арыстаў таксама не выключаюць, што Захаранку маглі вывязьці й за мяжу. Таму прадстаўнікі камісыі зьбіраюцца зьвярнуцца да паліцэйскіх прафэсыйных зьвязаў некалькіх эўрапейскіх краінаў з просьбаю дапамагчы ў пошуках гэнэрала на тэрыторыях гэтых краінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG