Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 жніўня 1999 г.


Сяргей Навумчык, Прага

Шэраг заходніх амбасадаў ва Ўкраіне зрабілі папераджальныя крокі ў справе прадухіленьня магчымых наступстваў кампутаровае праблемы 2000 году.

Як паведамляе агэнцыя Франс Прэс, грамадзяне Францыі, якія жывуць ва Ўкраіне, атрымалі з французскай амбасады ў Кіеве папярэджаньне наступнага зьместу: "Спакуйце ўласныя рэчы ў валізкі да 20 сьнежня 1999 году і ад'едзьце як мага далей ад Чарнобыльскай зоны на ўвесь час навагодніх сьвятаў. Заставайцеся толькі тады, калі маеце нейкія вельмі надзвычайныя справы, якія ня можна адкласьці". Гэтае папярэджаньне французская амбасада зрабіла ў зьвязку з кампутаровай праблемаю 2000 году. Нагадаем ейную сутнасьць.

Як вядома, кампутары запраграмаваныя на фіксацыю дзьвюх апошніх лічбаў ў вызначэньні году – скажам, замест 1999 кампутар выдае дзьве апошнія дзевяткі. З надыходам наступнага году кампутары пакажуць не 2000, а два нулі, і шмат якія праграмы могуць палічыць гэта не 2000-м годам, а 1900, гэта значыць, пачаткам нашага стагодзьдзя.

"Мы ня хочам пужаць людзей, але рызыка рэальна існуе, і мы мусім быць гатовы да ўсяго" – сьцьвярджае першы сакратар французскае амбасады ў Кіеве Жан-Франсуа Дэвэмі. У папярэджаньні, які грамадзяне Францыі атрымалі з кіеўскай амбасады, ім прапануецца разам зь семьямі ўзяць адпачынкі й пакінуць Украіну на пэрыяд з 20 сьнежня 1999 году па 17 студзеня 2000 году. Прадстаўнік амбасады заявіў, што Ўкраіну на гэты тэрмін пакіне й бальшыня пэрсаналу самой амбасады. Тыя ж, хто застанецца, зробяць запасы вады й прадуктаў, паліва, сьвечак і газавых балёнаў. Сярод іншых рэкамэндацыяў ў выпадку аварыі, людзі мусяць быць гатовыя зрабіць сваё жытло гэрмэтычным і мець запас ёду, які можна ўзяць у французскім кансуляце.

Аднак меркаваньне шэрагу экспэртаў адрозьніваецца ад пазыцыі дыпляматаў. Некаторыя зь іх сьцьвярджаюць, што засьцярогі залішнія і нават сьмешныя. Да прыкладу, П'ер, французкі спэцыяліст у галіне ядравай энэргетыкі, сьцьвярджае, што пагроза аварыі на атаманых станцыях Украіны ня большая, чымсьці на атамных станцыях у Францыі. Прычына ў тым, што атамная энэргетыка ва Ўкраіне значна менш кампутарызаваная, а значыць, і праблема 2000 году яе тычыцца ў значна меншай ступені за Заходнюю Эўропу. І самае горшае, што можа здарыцца – гэта які-небудзь украінскі рэактар можа спыніцца з прычыны збою ў падачы электраэнэргіі. Спадар П'ер перакананы, што ўкраінскія спэцыялісты ведаюць, што трэба рабіць у такіх сытуацыях. Дададзім, аднак, што досьведу такіх спэцыялістаў у красавіку 86-га году не хапіла.

Але французская амбасада, – паведамляе Франс Прэс, – не адзіная дыпляматычная ўстанова, якую хвалуе праблема 2000 году ў дачыненьні да бясьпекі сваіх суграмадзянаў. Нават, калі іншыя амбасады пра гэта й не заяўляюць у голас.

Амбасадар ЗША Стывен Пыфэр раіць амэрыканскім грамадзянам паклапаціцца загадзя наконт простых пабытовых рэчаў. Прадстаўнік амэрыканскае амбасады Мары Круга сказаў, што канкрэтныя прапановы амэрыканскім грамадзянам ў справе прадухіленьня верагодных наступстваў будуць дадзеныя пазьней, недзе ў другой палове кастрычніку. А пакуль амэрыканская амбасада не выпрацавала нейкіх канкрэтных рэкамэндацыяў.

Прадстаўнік жа брытанскай амбасады заявіў, што Кіеў зрабіў шмат у справе прадухіленьня наступстваў праблемы 2000 году і значна зьменшыў рызыку ў банкаўскай ды камунікацыйных сфэрах, — паведамляе агэнцыя Франс Прэс.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG