Справа Лі Гарві Освальда, забойцы амэрыканскага прэзыдэнта Джона Кэнэдзі, у гэтыя дні прыцягнула ўвагу адначасна амэрыканскага друку і Аляксандра Лукашэнкі, які камэнтаваў яе пад час паездкі па палях Берасьцейшчыны. Амэрыканскі друк паведамляе пра знаходку ліста Лі Гарві Освальда ў савецкую амбасаду ў Вашынгтоне, які той напісаў за тыдзень да забойства Кэнэдзі. Гэты ліст разам зь іншымі архіўнымі матэрыяламі справы Освальда прэзыдэнт Расеі Ельцын перадаў Білу Клінтану ў чэрвені пад час сустрэчы кіраўнікоў краінаў вялікай сямёркі і Расеі ў Нямеччыне. Пра гэты акт расейскага кіраўніка мы расказвалі ў нашай перадачы два месяцы таму. Таксама нагадвалі слухачам сутнасьць справы: амэрыканскі грамадзянін Лі Гарві Освальд у 1959-62 гадох жыў у Савецкім Саюзе, спрабаваў нават атрымаць савецкае грамадзянства, тут ажаніўся, але потым вырашыў вярнуцца ў Амэрыку. Зацікаўленьне беларускіх дасьледнікаў выклікае найперш тая акалічнасьць, што Освальд жыў і працаваў у Менску, і тут дагэтуль у сакрэце захоўваюцца пяць тамоў апэратыўнай справы КГБ, які пільна сачыў за Освальдам. Некаторыя дакумэнты пра Освальда, якія захоўваліся ў Маскве, і перадаў Ельцын Клінтану. Сярод матэрыялаў быў ліст Освальда ў савецкую амбасаду, датаваны 18 лістапада 1963 году. Да забойства Кэнэдзі заставалася чатыры дні. Адразу пасьля забойства савецкі амбасадар Анатоль Дабрынін сьпешна паслаў ліст у Маскву у МЗС і суправадзіў яго сваёй прыпіскаю: "Гэты ліст быў яўнай правакацыяй: ён стварае ўражаньне, быццам мы падтрымлівалі цесныя сувязі з Освальдам і скарыстоўвалі яго дзеля сваіх уласных мэтаў". Дабрынін палічыў ліст фальшыўкай, бо ў адрозьненьне ад папярэдніх, ён быў аддрукаваны на машынцы, а не напісаны ад рукі. У лісьце падрабязна апісвалася сустрэча Освальда з высакапастаўленым гэбістам у савецкай амбасадзе ў Мехіка (яна сапраўды мела мейсца), а таксама ўтрымлівалася просьба выдаць яму й жонцы візы дзеля вяртаньня ў Савецкі Саюз. Апроч таго, Освальд расказваў пра сустрэчу з агентам ФБР, які цікавіўся ягонай былой пракубінскай дзейнасьцю. На працягу наступнага тыдня пасьля атрыманьня ліста быў забіты Кенэдзі. А пасьля застрэлены й сам Освальд. Анатоль Дабрынін у сваім аналізе піша, што ліст Освальда пакідаў уражаньне, быццам ён быў сфабрыкаваны арганізатарамі забойства Кэнэдзі. Магчыма, лічыў Дабрынін, ліст сапараўды друкаваў сам Освальд – але пад нечыю дыктоўку, дзеля нейкіх абяцанак. А пасьля ад яго пазбавіліся. Ліст Освальда й прыпіска Дабрыніна – толькі некаторыя з васьмі дзесяткаў дакумэнтаў, перададзеных нядаўна амэрыканцам. У 60-я гады савецкі бок лічыў, што правыя колы ЗША могуць паспрабаваць прадставіць забойства прэзыдэнта як камуністычную змову. Гэтая вэрсія вывучалася кангрэсавай камісіяй Ўорэна. Аднак, была хутка адкінутая. Тым ня менш, таямніца забойства Кенэдзі па-ранейшаму цікавіць амэрыканскае грамадзтва. Пасьля нядаўняй трагічнай гібелі сына Джона Кэнэдзі, Джона Кэнэдзі-малодшага, які разьбіўся ў самалёце над акіянам, трагічная гісторыя клану Кэнэдзі зноў актыўна абмяркоўваецца. Адсюль і інтарэс да архіву Освальда. Амэрыканцы атрымалі толькі невялікую частку дакумэнтаў, якія тычацца знаходжаньня Освальда ў СССР. Сапраўды,ў свой час усе дакуманты зь Менску былі перавезеныя на Лубянку. Але калі ў 1991-92 гадхх паўстала пагроза, што тагачасны шэф КГБ Вадзім Бакацін адкрые іх дасьледнікам, яго спрактыкаваныя падначаленыя хуценька пераслалі пяць тамоў у Менск, дзе іх надзейна захоўваюць і дагэтуль. Нядаўна зь імі пазнаёміўся яшчэ адзін чытач – Аляксандар Лукашэнка. Учора на полі ў Берасьцейскай вобласьці ён заявіў "Паглядзеў я гэтыя справы – няма там нічога такога, каб ірваць на галаве апошнія валасы й плакацца". І патлумачыў "Мы не зьбіраемся пляваць на сваю гісторыю". Тут самае цікавае – прыналежны займеньнік "свая гісторыя". Справу Освальда назваць сваёй гісторыяй могуць хіба толькі супрацоўнікі КГБ – для іх гэтая гісторыя сапраўды свая. Хутчэй, гэта частка амэрыканскай гісторыі. У свой час такі жэст добрай волі, які зрабіў Ельцын, мог зрабіць Станіслаў Шушкевіч – але той пры сустрэчы з Клінтанам нават не згадаў, што асабіста вучыў Освальда расейскай мове на пачатку 60-х. Як мы расказвалі, справу Освальда паспрабаваў адкрыць дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Сяргей Навумчык, але дарэмна. Гэта тым больш дзіўна, што на самрэч аніякага сакрэту ўжо не існуе. Яшчэ да спробы Сяргея Навумчыка амэрыканскі пісьменьнік Норман Мэйлер скапіяваў шмат якія старонкі справы. Паводле сакрэтнага пагадненьня, беларускі КГБ у 1993 годзе дапусьціў яго да дакумантаў, дазволіў іх скапіяваць і нават арганізаваў шэраг сустрэчаў з былымі супрацоўнікамі ды знаёмымі Освальда. Мэйлер надрукаваў кнігу "Гісторыя Освальда", у якой упершыню былі прыведзеныя матэрыялы сачэньня, падслухоўваньня, рапарты ды іншыя дакуманты. Інтэрвію зь пісьменьнікам і ўрыўкі зь ягонай кнігі гучалі на хвалях "Свабоды" ў 1996 годзе. Амэрыканцы, такім чынам, даўно ведаюць амаль усё, што па- ранейшаму хавае ад беларусаў мяйсцовы КГБ. Уся гэтая гісторыя нагадвае мне, як дзесяць гадоў таму, пасьля вяртаньня з Амэрыкі, ў часопісе "Крыніца" я апублікаваў менскі дзёньнік Освальда . У якасьці ілюстрацыяў я прывёз копіі фатаздымкаў з часопіса "Лайф" – там быў зьняты Освальд на менскіх вуліцах. На адным са здымкаў Освальд стаіць на мосьце празь Сьвіслач. На заднім фоне – будынак штабу КБВА. Беларуская цэнзура выступіла супраць публікацыі здымка – на ім сакрэтны аб'ект. Спасылкі на тое, што гэтая выява была апублікаваная ў амэрыканскім часопісе, на пільных ахоўнікаў мяйсцовых сакрэтаў ня надта паўплывала. Прыкладна гэтак са справаю Освальда дасёньня носяцца беларускія чэкісты ды іхны начальнік, які не зьбіраецца "пляваць на сваю гісторыю". Гісторыю нельга скажаць, перапісваць, забываць – але адзіны спосаб зрабіць гэта – вывучаць. Трымаць гісторыю пад арыштам і азначае пляваць на яе. А такое стаўленьне да сябе гісторыя не даруе.

Самае папулярнае
1