Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 06 жніўня 1999 г.


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ў судзе Ленінскага раёну Менска адбылося чарговае паседжаньне ў справе Андрэя Клімава. Увесь сёньняшні дзень судзьдзя Вера Тупік прысьвяціла чытаньню абвінаваўчага заключэньня, якое складае 300 старонак тэксту.

Нагадаю, што на папярэднім паседжаньні ў гэты панядзелак судзьдзя Тупік дала Андрэю Клімаву чатыры дні на тое, каб цалкам азнаёміцца з усімі матэрыяламі крымінальнае справы, зьмешчанымі на 17 000 машынапісных старонак. Сёньня ж маці й грамадзкая абаронца Клімава Ала Пятроўна спрабавалі атрымаць ад суду дадатковых дзесяць дзён дзеля азнаямленьня са справаю, але безвынікова. Спадарыня Тупік рашуча адхіліла гэтае хадайніцтва. Судзьдзя й пракурор лічаць, што ў Клімава было дастаткова часу, каб прачытаць 33 тамы крымінальнае справы.

У тым, што чытаньне падобных юрыдычных дакумантаў — справа зусім нялёгкая, судзьдзя Вера Тупік пераканалася сёньня на ўласным досьведзе. За дзьве з паловаю гадзіны ранішняга паседжаньня яна здолела прачытаць толькі 60 старонак тэксту абвінаваўчага заключэньня. І прыкладна такі ж аб'ём машынапісу — пасьля абеду да канца дня. Цікава, як жа мог Андрэй Клімаў за некалькі дзён перачытаць тэкст у сто разоў большага аб'ёму?

Асноўны зьмест заключэньня зводзіцца да абвінавачваньня галоўнага падсуднага ў крадзяжы дзяржаўных сродкаў у асабліва буйных памерах. Паводле вэрсіі сьледзтва, Андрэй Клімаў і яшчэ восем ягоных падначаленых па адкрытым акцыянэрным таварыстве "Клімаў і Ко", якоя займалася будаўніцтвам элітнага жытла ў Менску, з 1993 па 1998 год скралі ў дзяржавы больш 3 мільярдаў 800 мільёнаў рублёў. Сьледзтва сьцьвярджае, што Андрэй Клімаў і ягонае бліжэйшае атачэньне наўмысна завышалі кошты праектаў дамоў, а таксама будаўніча-мантажных працаў. А на самрэч выкарыстоўвалі па час будаваньня аб'ектаў значна меншую колькасьць цэглы, рошчыны, цэмэнту ды іншых будаўнічых матэрыялаў. Атрыманыя такім чынам вялікія сумы грошай, паводле тэксту абвінаваўчага заключэньня, ішлі на закупку дарагіх аўтамабілаў, узмацненьне статутнага фонду прыватнага банку Андрэя Клімава, а таксама на буйныя штомесяцовыя ганарары як кіраўніку фірмы, так і ягоным намесьнікам, бугальтарам і галоўнаму інжынэру.

Асноўня ж фінансавыя махінацыі, паводле цьверджаньняў сьледчых, Клімаў арганізоўваў пад час будаўніцтва шыкоўнага дому на вуліцы Лодачнай у Менску. Судзьдзя Вера Тупік некалькі гадзінаў пералічвала ўсе факты нібыта злачыннай дзейнасьці Андрэя Клімава, скрупулёзна сабраныя сьледзтвам: такая-та цагляная сьцяна дому на Лодачнай на сантымэтар танчэйшая за пазначаную ў праекце, столькі-та цэглы было замоўлена на будаўніцтва пад'езду, а на самай справе выкарыстана на 100 цаглінаў меней.

Нарэшце, стаміўшыся чытаць поўны пералік фактаў злачыннай дзейнасьці "групы Клімава", а таксама называць лічбы адпушчаных дзяржаваю фірме Андрэя будматэрыялаў, спадарыня Тупік перанесла зачытваньне заключэньня на наступны тыдзень.

Пасьля гэтага суд хутчэй за ўсё пяройдзе да апытаньня сьведкаў, якіх па справе Клімава праходзіць больш за 70 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG