Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 05 жніўня 1999 г.


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ў Маскоўскім судзе Менску разглядаўся зыск трох бацькоў, чые дзеці загінулі 30 траўня ў пераходзе станцыі мэтро "Няміга". Зыск да Менгарвыканкаму, гарадзкой управы нутраных справаў пры Менгарвыканкаме, да тэлерадыёкампаніі "Мір", да акцыянэрнага таварыства "Аліварыя". Бацькі Марыі Іньковай, Аляўціны Навакоўскай, Алены Янцовай, а таксама пацярпелы Вячаслаў Чабанян намагаліся праз суд дамагчыся таго, каб былі прыцягнутыя да адказнасьці вінаватыя ў масавай гібелі людзей. А таксама выплаты кампэнсацыі за маральныя выдаткі.

На пачатку паседжаньня былі прадстаўленыя ўдзельнікі працэсу, а таксама зачытаныя ўсе хадайніцтвы. Адказчык па справе з боку Менгарвыканкаму загадчык юрыдычнага аддзелу Зьміцер Каменьшчыкаў зрабіў беспрэцэдэнтавую заяву. Ён заклікаў суд не задавольваць хадайніцтва Алега Волчака аб тым, каб быць прадстаўніком інтарэсаў бацькоў Марыі Іньковай, таму што Алег Волчак быў дэпутатам гарадзкога савету, а, як вядома, той склад дэпутатаў быў у нядобрых стасунках зь Менгарвыканкамам — таму спадару Каменьшчыкаву "непрыемна бачыць у судзе былога дэпутата Волчака". Заўважым, што гэтая заява прагучала ў судовай залі з вуснаў юрыста.

Алег Волчак, прадстаўнік грамадзкае арганізацыі "Праўная дапамога насельніцтву", пракамэнтараваў судовы працэс наступным чынам: "Як і варта было чакаць, галоўныя адказчыкі і з боку Менгарвыканкаму, і ГУНСу заявілі хадайніцтвы аб часовым спыненьні гэтае справы, спаслаўшыся на тое, што пракуратура не дала яшчэ заключэньня па крымінальнай справе. Суд узяў пазыцыю не пацярпелых, а адказчыкаў. На маю думку, рашэньне аб спыненьні можна было разглядаць як законнае, так і незаконнае, паколькі, я лічу, можна было выслухаць усе бакі, а потым прымаць рашэньне аб часовым спыненьні справы. Трэба адзначыць, што апошнім часам пракуратура цісьне на бацькоў — ім тлумачыцца, што яны зрабіліся ахвярамі правакацыі з боку праваабаронцаў і прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў. Але ў судзе бацькі дзякавалі ўсім, хто дапамагаў ім у гэтай справе. Паколькі сьледчыя ворганы нават адмаўляліся размаўляць з бацькамі, яны й вымушаныя былі зьвярнуцца ў суд".

Старшыня грамадзкае арганізацыі "Праўная дапамога насельніцтву" Сяргей Рамнёў, прадстаўнік інтарэсаў бацькоў Аляўціны Навакоўскай, паведаміў нашаму радыё: "На гэты момант паўстала сытуацыя, калі бацькоў ніхто не ўспрымае. Калі яны намагаліся аб'яднацца — пачыналіся пагрозы ў іхны бок. Бацькі адчулі, што дзяржаўныя структуры ня ў стане іх абараніць. І вымушаныя былі зьвяртацца ў грамадзкія арганізацыі. Гэта яскрава сьведчыць аб недаверу з боку грамадзкасьці да дзяржаўных інстытутаў".

А вось як гэтую сытуацыю пракамэнтараваў бацька загінуўшай 15-гадовай дзяўчынкі Марыі Іньковай Міхась Інькоў: "Мы зьвярталіся ў пракуратуру, каб высьвятліць, як загінула наша дачка. Сьледчы абяцаў даць нам заключньне судмэдэкспэртызы, але йшоў час, а ён усё адцягваў гэты момант. Потым ён пачаў весьці такія размовы, што ўсе трошкі вінаватыя, і таму — вінаватых няма. Нам стала зразумелая пазыцыя пракуратуры. І таму мы вырашылі зьвяртацца ў суд. Дзеля гэтага мы зьвярнуліся па дапамогу ў грамадзкія арганізацыі. За некалькі дзёнаў да суду мы з жонкаю пайшлі ў пракуратуру да сьледчага Камароўскага, але нам нават забаранілі ўвайсьці ў ягоны габінэт. Па тэлефоне ён нам адказаў, што судмэдэкспэртызу ён нам не пакажа. А сёньня й суд прадэманстраваў сваё стаўленьне да нас. А мы ўсяго толькі хацелі даведацца — як загінулі нашыя дзеці? Мы маем на гэта законнае права — чаму з гэтага робяць сакрэт? Між іншым, фірма "Аліварыя" і тэлерадыёкампанія "Мір" днямі даслалі нам афіцыйныя лісты, у якіх паведамляецца, што яны ані ў чым не вінаватыя. А ні якіх спачуваньняў ці прабачэньняў".

Трэба адзначыць, што бацькі й родныя загінуўшых дзяцей не атрымалі й псыхалягічнае дапамогі. Яны апынуліся сам-насам са сваім горам. Вядома, што днямі памёр яшчэ адзін хлопчык, які знаходзіўся ў рэанімацыі ў цяжкім стане. Таму зараз бацькі абураюцца з нагоды ўзьвядзеньня помніка ахвярам трагедыі каля станцыі мэтро "Няміга", на якім напісана: "53 рубцы на сэрцы Беларусі". Яны кажуць: "зараз мы ведаем, чаго вартае гэтае сэрца".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG