Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 03 жніўня 1999 г.


Валянцін ЖДАНКО, Прага

1 жніўня міністэрства юстыцыі Беларусі спыніла прыём дакумантаў ад палітычных партыяў ды грамадзкіх арганізацыяў, якія павінныя былі прайсьці перарэгістрацыю.

Нягледзячы на тое, што тэрмін перарэгістрацыі палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў быў падоўжаны Аляксандрам Лукашэнкам на месяц, гэта істотна не паўплывала на агульную сытуацыю: па стану на 1 жніўня гэтую працэдуру пажадалі прайсьці толькі 1 537 грамадзкіх аб'яднаньняў з 2502, што йснавалі раней.

Гэтая акцыя была ініцыяваная ўладамі паўгады таму. Першапачаткова яе плянавалі завяршыць да 1 ліпеня. Аднак вынікі кампаніі аказаліся зусім не такімі, на якія разьлічвалі ўлады. Сталася так, што актывісты палітычных і грамадзкіх рухаў у масавым маштабе прайгнаравалі перарэгістрацыю, спасылаючыся на неабгрунтаваную ўскладнёнасьць працэдуры й на празьмерныя патрабаваньні ўладаў. Некаторыя палітыкі западозрылі ініцыятараў і кіраўнікоў акцыі (у прыватнасьці, віцэ-прэм'ера Ўладзімера Замяталіна, які каардынаваў яе) у тым, што перарэгістрацыя задуманая як фільтар для грамадзкіх рухаў. Да такой высновы схіляла агульнае патрабаваньне Мінюсту: каб атрымаць пасьведчаньне аб перарэгістрацыі, грамадзкае аб'яднаньне ў сваіх статуце й праграме павіннае было засьведчыць ляяльнасьць да лукашэнкаўскай Канстытуцыі 96-га году.

Калі стала відавочна, што кампанія пацярпела няўдачу, Лукашэнка сваім дэкрэтам падоўжыў працэдуру яшчэ на месяц – да 1 жніўня. Аднак карэнным чынам гэта не паўплывала на становішча: колькасьць грамадзкіх аб'яднаньняў у Беларусі ў адпаведнасьці з вынікамі акцыі скарацілася амаль на 40 адсоткаў.

У прыватнасці, з 27 палітычных партыяў, якія існавалі ў краіне да 1 ліпеня, дакуманты на перарэгістрацыю падалі толькі васемнаццаць. Ужо сёньня вядома, што многія з партыяў (да прыкладу, Беларуская сялянская партыя, Славянскі сабор "Белая Русь", Беларуская сацыялістычная партыя, Нацыянальна-дэмакратычная партыя беларусаў) у блізкім часе будуць ліквідаваныя.

Наўрад ці варта драматызаваць вынікі гэтае кампаніі. Многія палітычныя ды грамадзкія актывісты, якія не пажадалі ўдзельнічаць у акцыі, маюць намер у блізкай будучыні зарэгістраваць свае фармальна зьліквідаваныя арганізацыі пад новымі або крыху зьмененымі назвамі. Хоць, відавочна, што ранейшая колькасьць палітычных партыяў ды грамадзкіх рухаў у Беларусі ў блізкім часе не адновіцца. Дзеля гэтага няма палітычных умоваў: сёньняшняя сытуацыя ў краіне зусім не спрыяе грамадзкай актыўнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG