Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 02 жніўня 1999 г.


Юрась Карманаў, Менск

(эфір 31 ліпеня)
31 ліпеня распачаўся шосты зьезд Беларускага Народнага Фронту. Падзеі на зьезьдзе ў першай палове дня.

Сцэна палацу, дзе сёньня распачаўся зьезд Беларускага Народнага Фронту, была ўпрыгожаная рыфмаваным лёзунгам: "Зянон Пазьняк у эміграцыі, але заўсёды лідэр нацыі". І калі з першай часткай гэтага лёзунгу пагаджаліся абсалютна ўсе дэлегаты, то другую частку некаторыя дэлегаты вырашылі падкарэктаваць.

Гэта й было адлюстравана ў дакладах намесьніка старшыні Станіслава Гусака, Юрыя Хадыкі і, часткова, выканаўцы абавязкаў старшыні БНФ Лявона Баршчэўскага, які склаў зь сябе паўнамоцтвы. Вінцук Вячорка і Юры Беленькі ў сваіх дакладах стасункі ў кіраўніцтве Фронту дыпляматычна абмінулі.

Сяргей Папкоў, які прыняў на свой асабісты адрас большую частку крытыкі, заявіў, што больш быць намесьнікам ён не жадае.

Першым быў зачытаны даклад старшыні БНФ Зянона Пазьняка, у якім былі паўтораныя ўсе ранейшыя тэзы лідэра БНФ:
-- Крэмль імкнецца стварыць у Беларусі "сваю" апазыцыю, каб зручней інкарпараваць Беларусь у склад Расеі: "на Беларусі адбываецца барацьба за Беларусь паміж расейскімі імпэрыялістычнымі сіламі й незалежніцкімі беларускім сіламі". У гэтай сытуацыі Пазьняк запрапанаваў стварыць паралельныя афіцыйным структуры ўлады — грамадзянскі парлямант, які мусіць мець, як лічыць Зянон Пазьняк, прыкметы легітымнасьці.
-- грамадзянскі парлямант павінен сфармаваць "паралельны" ўрад і правесьці парляманцкія выбары паводле новага закону, пабудаванага на мажарытарна-прапарцыйным прынцыпу. Гэтая тэма павінна гучаць у размовах з АБСЭ.
-- БНФ, як лічыць Зянон Пазьняк, павінен браць удзел у дыялёгу паміж уладаю і апазыцыяй.
-- і адной з тэмаў размовы павінна стаць выпрацоўка гарантыяў бясьпекі дзеля вяртаньня на радзіму Зянона Пазьняка й Сяргея Навумчыка.

Лідэр БНФ запрапанаў рэфармаваць і структуру ворганаў БНФ. Ён ініцыюе стварэньне палітычнага камітэту, які мусіць быць дарадчым ворганам пры старшыні БНФ і сойме дзеля аналізу палітычнага стану й выпрацоўкі рэкамэндацыяў.

Акрамя гэтага, Зянон Пазьняк выступіў зь ініцыятываю стварэньня пашыранай Управы, якая б каардынавала працу выканаўчых структураў Фронту. Зянон Пазьняк прапанаваў скасаваць вабласныя арганізацыі БНФ, адрадзіўшы прынцып дзьвюхступеннай структуры арганізацыі. Іншымі словамі, замест шасьці вабласных арганізацыяў павінны зьявіцца каля 20 рэгіянальных, якія наўпрост будуць падпарадкоўвацца кіруючым ворганам БНФ. Нагадаю, што Магілеўская і Гарадзенская вабласныя арганізацыі БНФ выступаюць з рэзкай крытыкаю Зянона Пазьняка.

Даклад Пазьняка заля вітала стоячы.

Выканаўца абавязкаў старшыні БНФ Лявон Баршчэўскі ў часе свайго выступу заявіў, што складнікамі посьпеху БНФ мусілі стаць: па-першае, вера ў правільнасьць свайго выбару, па-другое, наяўнасьць фінансавых сродкаў і, па-трэцяе, максымальная колькасьць палітычных прыхільнікаў. І калі зь першым у сяброў Фронту праблемаў няма, то праца зь фінансамі была цалкам праваленая намесьнікам старшыні БНФ Сяргеем Папковым. А абразьлівыя выступы Зянона Пазьняка адштурхнулі ад Фронту палітычных хаўрусьнікаў — Вярхоўны Савет, палітычныя партыі і г.д.

Лявон Баршчэўскі цытаваў факсы лідэра БНФ розных часоў, у якіх Зянон Пазьняк абражаў патэнцыйных хаўрусьнікаў. Свой сыход з пасады выканаўцы абавязкаў старшыні БНФ Лявон Баршчэўскі наўпрост не зьвязаў з сытуацый у Фроньце. Нашаму радыё Баршчэўскі заявіў: "Я актыўнай палітыкаю далей не зьбіраюся займацца, бо ў мяне вялікія даўгі перад Бацькаўшчынаю ў літаратуры, у перакладзе..."

Квінтэсэнцыяй усіх крытычных выступаў на адрас Зянона Пазьняка й Сяргея Папкова стаў даклад Юрыя Хадыкі: "З канцу 97-га году і ўтварыўся "дыскусыйны клюб" — як у кіраўніцтве БНФ, так і ў Сойме. Якое б пытаньне не разглядалася, група ў складзе Папкоў, Беленькі, Крыварот, Чахольскі, Каролік, Буйвал пасьлядоўна праводзіла лінію на ізаляцыю Фронту, супрацьстаяньне ўсім апазыцыйным сілам і любым ініцыятывам. Лідэр групы — Папкоў, які лічыць сябе вялікім сыстэмшчыкам, паўсюдна бачыць толькі руку КДБ, ФСБ, Масквы. Жабрацтва філязофіі. Аднак, яно не такое бяскрыўднае, як можа падацца — гэтая прапаганда падрывае веру ў свае сілы й веру ў перамогу, няспынна стварае цяжкасьці для супрацоўніцтва й аб'яднаньня сілаў апазацыі. Ператварае БНФ у запалоханную сэкту. І Зянон Пазьняк пасьлядоўна падтрымвае гэткую лінію. І калі а ні ад сыстэмшчыка Папкова, а ні ад эканаміста Беленькага немагчыма дамагчыся зьвязнага й пасьлядоўнага выкладаньня сваёй пазыцыі ў прэсе, то Зянон Пазьняк у сваіх факсах вызначыў як маргінальныя ўсе без выняткаў апазыцыйныя арганізацыі".

Пра гэта ж у сваім выступе казаў і намесьнік старшыні БНФ Станіслаў Гусак, які лічыць, што рашэньні Фронту павінны прымацца выключна ў Беларусі. І каб ён, Гусак, мог паглядзець у вочы лідэру. Сяргей Папкоў у свамі выступе адказваў апанэнтам на прэтэнзыі і, паколькі гэтых прэтэнзыяў назапасілася зашмат, то ён заявіў, што ня будзе вылучацца на пасаду намесьніка.

На зьезьдзе разгарнулася дыскусыя на тэму, якім мусіць быць будучы кіруючы склад БНФ. Тыя, хто лічыць, што рашэньні БНФ мусяць прымацца ў Беларусі, зьвязваюць свае спадзевы зь імём Вінцука Вячоркі.

(...)

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG