Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 20 ліпеня 1999 г.


Алесь Вараневіч, Кіеў

Сёньня а 10-й гадзіне раніцы прадстаўнікі Народнага Руху Ўкраіны, Партыі "Рэформы й парадак" ды іншых дэмакратычных і моладзевых арганізацыяў правялі пад дажджом пікетаваньне амбасады Беларусі ў Кіеве.

Беларускую амбасаду ў сталіцы Ўкраіны пікетавалі звыш пяцідзесяці актывістаў Народнага Руху, Партыі "Рэформы й парадак", Маладога Руху. Удзельнікі акцыі вымагалі неадкладнае адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі й правядзеньня дэмакратычных выбараў у Беларусі.

Пад амбасадаю Беларусі пікетоўцы разгарнулі такія лёзунгі: "Браты Беларусы, дзе ваша годнасьць?", "НЕ — дыктатуры на Беларусі!", "НЕ — палітычным забойствам у Беларусі!", "За вашу і нашу свабоду!". Пад нацыянальнымі ўкраінскімі й беларускім сьцягамі дэманстранты скандавалі: "Лукашэнку — далоў!", "Лукашэнку — за краты!", "Жыве Беларусь!".

Найбольшае ўражаньне на звычайных мінакоў і шматлікіх журналістаў зрабіла вялізная лялька, якая ўяўляла сабою беларускага прэзыдэнта, а таксама сымбалічны акт спаленьня дзяржаўнага сьцяга лукашэнкаўскае беларусі.

Тарас Шымайда, старшыня кіеўскае арганізацыі Маладога Руху, адзін з арганізатараў акцыі пратэсту, адказваючы на пытаньне карэспандэнта Радыё Свабода — чаму моладзевыя арганізацыі Ўкраіны пікетуюць амбасаду Беларусі? — сказаў: "Справа ў тым, што моладзевыя арганізацыі ды Народны Рух, які ўзначальвае Юры Кастэнка, зарганізавалі гэтае пікетаваньне, нагадваючы беларускаму дыктатару Лукашэнку, што сёньня, 20 ліпеня 1999 году згодна зь беларускай Канстытуцыяй заканчваюцца ягоныя прэзыдэнцкія паўнамоцтвы. На нашую думку, ён мусіць неадкладна падаць у адстаўку й правесьці дэмакратычныя выбары, у якіх ён можа ўдзельнічаць як кандыдат. Лукашэнка ж вырашыў быць на пасадзе столькі, сколькі ён захоча... Сёньня ён хоча заставацца да 2001 году, заўтра — да 2100-га. таму такія акцыі адбываюцца сёньня ў многіх краінах Эўропы. Нам вядома, што такія акцыі плянуюцца ў Лёндане, Парыжы, Варшаве, Маскве. Мы хочам нагадаць супрацоўнікам беларускае амбасады, што з гэтага моманту ніхто не прызнае Лукашэнку прэзыдэнтам — ні Эўрапейскі Зьвяз, ні міжнародныя арганізацыі. Толькі сам Лукашэнка лічыць сябе прэзыдэнтам, ды ягоныя калегі ў Маскве".

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, калі ласка, але ж Аляксандра Лукашэнку выбраў беларускі народ. Ці ня будзе гэта ўмяшаньнем у нутраныя справы Беларусі?"

"Напрыканцы ХХ стагодзьдзя, я мяркую, усе разумеюць, што абарону правоў чалавека нельга лічыць умяшаньнем у нутраныя справы краіны. Ня дай Бог, нейкі прэзыдэнт ва Ўкраіне захоча вечна сядзець на гэтай пасадзе. Дык я як украінец буду толькі дзякаваць, калі ў Менску ці ў іншых сталіцах выйдуць у абарону нашых правоў", — сказаў Тарас Шымайда, старшыня кіеўскае арганізацыі Маладога Руху, які разам зь іншымі дэмакратычнымі арганізацыямі зарганізаваў сёньня пікетаваньне беларускае амбасады ў Кіеве.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG