Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 19 ліпеня 1999 г.


Сяргей Шупа, Прага

Вук Драшкавіч мае рэпутацыю адзінага ў Сэрбіі чалавека, які можа даць рады прэзыдэнту Югаславіі Слабадану Мілошавічу. Аднак абраная ім тактыка расчароўвае тых, хто спадзяецца на як айхутчэйшае адхіленьне ад улады югаслаўскага дыктатара.

Мяркуючы зь першага праведзенага ім мітынгу, які адбыўся апошнімі выхаднымі, - самага буйнога ад часу заканчэньня паветранай кампаніі НАТО - Драшкавіч ня страціў свайго баявога духу.

Аднак ягоныя супернікі зазначаюць, што гэты барадаты былы журналіст, які за апошні год пасьпеў перакінуцца ад апазыцыі да ўладаў і вярнуцца назад, проста зноў спрабуе перастарахавацца.

Калі падчас мітынгу ягоныя прыхільнікі патрабавалі адстаўкі Мілошавіча і скандавалі антыўрадавыя лёзунгі, Драшкавіч, які вычэкваў цэлы месяц перш чым склікаў мітынг сваіх прыхільнікаў, спрабаваў іх супакоіць і казаў, што тут ня ўсё так проста.

«Калі б адстаўка была адзінай праблемай, мы б ужо дасягнулі мэты гэтага мітынгу і я б сказаў вам: вось і ўсё, дзякую, да пабачэньня», - сказаў Драшкавіч, абвясьціўшы першы раз аб тым, што для Мілошавіча настаў час пакінуць пасаду.

«Сэрбіі цяпер патрэбная цішыня, каб мы маглі пачуць адзін аднаго», - сказаў ён, папрасіўшы дэманстрантаў спыніць скандаваньне.

Драшкавіч, які да мінулага тыдня казаў, што Мілошавічу трэба даць шанец на рэфармаваньне ўраду, заявіў, што югаслаўскі лідэр проста так сваёй пасады не пакіне і што адзіны спосаб адхіліць яго ад улады - правядзеньне свабодных выбараў.

Працягваючы ён абмаляваў вобраз прозаходняга ўраду пад кіраўніцтвам Мілошавіча, які выведзе Сэрбію зь ізаляцыі і верне сэрбам Косава.

«Пасьля выбараў мы пабачым, якія партыі ўвойдуць у склад ураду. Гэта - адзіны нармальны спосаб вырашэньня палітычных спрэчак, інакш нам можа пагражаць грамадзянская вайна, якой мы дагэтуль так імкнуліся пазьбегнуць», - сказаў Вук Драшкавіч.

Ягоныя супернікі з апазыцыйнага Альянсу за Перамены цьвердзяць, што Драшкавіч хоча забясьпечыць сабе доступ да ўлады ў выпадку, калі Мілошавіч захавае сваю пасаду, і ягоная цяперашняя тактыка якраз спрыяе такому разьвіцьцю падзеяў.

«Ён спрабуе быць мастом, па якім цяперашні ўрад змог бы уцячы ад сваіх праблемаў», - паведаміў агенцтву навінаў БЭТА Уладан Баціч, каардынатар Альянсу за Перамены.

У адказ на гэткія закіды Драшкавіч заяўляе, што ягоныя супернікі - гэта людзі, якія любою цаною імкнуцца да ўлады, і што іхныя радыкальныя пляны могуць патапіць Сэрбію ў крыві.

Рэакцыя афіцыйных уладаў на скліканы Драшкавічам мітынг падкрэсьлівае двухсэнсоўнасьць становішча гэтага чалавека, які ўзначальваў шматтысячныя вулічныя пратэсты ў 1996 годзе, а сёлета ўвайшоў ва ўрад, абяцаючы «рэфармаваць яго знутры».

На подступах да індустрыйнага цэнтру - горад Крагуевац - гэтым разам было больш чым звычайна паліцыянтаў - у форме і ў цывільным - што сьведчыла пра неспакой уладаў з прычыны залішняй папулярнасьці Драшкавіча.

Нягледзячы на тое, што афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі дагэтуль замоўчвалі пратэсты, якія адбываюцца ў краіне ўжо больш за месяц, паведамленьне пра мітынг Драшкавіча зьявілася ва ўсіх газэтах, пры гэтым акцэнт быў зроблены на ягонай крытыцы сваіх супернікаў зь лягеру дэмакратаў, якія заклікаюць пасадзіць Мілошавіча за краты.

Дзяржаўнае агенцтва ТанЮг, прыкладам падае гэткае выказваньне Драшкавіча зь мітынгу: «Некаторыя хочуць, каб урад быў абраны на вуліцы або прызначаны падчас казані ў царкве».

Вук Драшкавіч відавочна меў на ўвазе прапанову апазыцыйных лідэраў, каб за фармаваньнем новага ўраду даглядала Царква, якая асудзіла Мілошавіча за ягоную палітыку ў Косаве.

«Гэта няўдалая ідэя, - сказаў Драшкавіч, - бо Сэрбія ня мусіць стацца праваслаўным Іранам».

Ён таксама зазначыў, што Мілошавіч, абвінавачаны Гаагскім трыбуналам у ваенных злачынствах, ня мусіць трапіць за краты, бо помста, на думку Драшкавіча, прывядзе толькі да новага кола тэрору.

«Да гэтага могуць заклікаць толькі тыя, хто не скаштаваў жорсткага зьбіцьця ў турмах. Сэрбія мусіць пазьбегнуць грамадзянскай вайны», - сказаў Вук Драшкавіч, колішні вязень Мілошавіцкіх турмаў.

ТанЮг таксама прыпісала Драшкавічу фразу, якой ён насамрэч не казаў - гэткім чынам яму нібы была падказаная роля, выкананьня якой чакае ад яго Мілошавіч: заглушыць народны гнеў, які распальваецца па ўсёй краіне.

«Бацькаўшчына - вышэй за любыя партыйныя інтарэсы. Нам не патрэбныя ні мітынгі, ні дэманстрацыі, якія толькі зьбіваюць нас з гэтага шляху», - такія словы ўклаў ТанЮг у вусны Вука Драшкавіча.

Такім чынам сэрбская апазыцыя надалей застаецца разьяднаная, што павышае шанцы Мілошавіча яшчэ надоўга заставацца пры ўладзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG