Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны 13 ліпеня 1999 г.


Уладзімер Глод, Менск

Члену беларускага ўраду, старшыні Дзяржкамітэту ў справах авіяцыі Рыгору Фёдараву адмоўлена ва ўязной візе ў ЗША.

Днямі Рыгор Фёдараў зьбіраўся вылецець у ЗША. У Лос-Анжалесе праходзіў кангрэс міжнароднай фэдэрацыі футболу. А спадар Фёдараў, акрамя таго, што ён узначальвае Дзяржкамітэт у справах авіяцыі, адначасна яшчэ з'яўляецца і прэзыдэнтам фэдэрацыі футболу Беларусі.

І таму ён спадзяваўся ўдзельнічаць у міжнародным форуме, сустрэцца з калегамі зь іншых краінаў. Аднак амбасада ЗША ў Менску адмовіла сп.Фёдараву ў атрыманьні візы для ўезду ў краіну. У консульскім адзьдзеле амбасады мне пацьвердзілі гэты факт. Але тлумачыць афіцыйна прычыны адмовы прадстаўніку сродкаў масавай інфармацыі палічылі немэтазгодным.

Яўген Вясьнін, прэсавы сакратар фэдэрацыі футболу Беларусі, сказаў, што такое рашэньне, нягледзячы на грамадзкі характар паездкі ягонага боса, трэба шукаць у палітычным рэчышчы.

Як вядома, пасьля дыпляматычнага канфлікту вакол Драздоў, краіны Эўразьвязу і ЗША склалі так званы "чорны сьпіс" вышэйшых чыноўнікаў Беларусі, якім быў забаронены ўезд у гэтыя дзяржавы. Рэгор Фёдараў, як старшыня Дзяржкамітэту (а гэтая пасада заўжды разглядалася як міністэрская), таксама трапіў у гэты сьпіс.

Потым эўрапейскія краіны зьнялі "эмбарга", а вось ЗША сваё рашэньне не адмяняюць.

Такім чынам, прэзыдэнт фэдэрацыі футболу Беларусі ня трапіў ні на кангрэс, ні на гульні жаночага чэмпіянату сьвету, які праходзіў гэтымі днямі ў Амэрыцы.

Дарэчы, Фёдараву не пашанцавала ўжо другі раз. Напрыканцы мінулага году ён зьбіраўся ляцець у Рым, дзе адзначалі 100-годзьдзе італьянскага футболу. Але і тады яму таксама не далі ўязной візы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG